Суд у Варшаве адмовіўся выдаваць у Беларусь заснавальніка «Nexta»


Акружны суд Варшавы 26 студзеня пачаў разглядаць пазоў Беларусі аб экстрадыцыі заснавальніка сеткі каналаў «Nexta» Сцяпана Пуцілы. У Беларусі супраць яго распачалі справы паводле дзесяці крымінальных артыкулаў.

Сцяпан Пуціла, аўтар каналаў «Nexta», на судзе аб экстрадыцыі ў Беларусь. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Сцяпан Пуціла ўпэўнены, што разгляд справы – гэта толькі фармальнасць, бо Польшча не магла іначай. Ён упэўнены ў станоўчым для яго рашэнні суда, якое будзе яшчэ і распаўсюджвацца на ўсе краіны Еўразвязу. Так і выйшла.

Суддзя дзесяць хвілінаў зачытваў усе артыкулы, якія Пуцілу закідае беларускі бок, і спытаў падсуднага, ці згодны ён, каб яго выдалі Беларусі. Пуціла не згадзіўся. Пракуратура заявіла аб недапушчальнасці выдачы (адвакат Пуцілы адзначыў, што ўпершыню за сорак гадоў падтрымлівае пракурора).

У выніку суддзя пастанавіў, што недапушчальна выдаваць Пуцілу беларускаму рэжыму «толькі за тое, што гэтага хоча дыктатар-псіхапат». Такое рашэнне адпавядае стандартам дэмакратычных краінаў і Дэкларацыі правоў чалавека, Канстытуцыі Польшчы, адзначыў судзя. Апеляцыю можна падаць цягам 7 дзён.

Паводле інфармацыі, апублікаванай тэлеграм-каналам «Nexta», старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, блогеры Антон Матолька, Сцяпан Пуціла (аўтар каналаў «Nexta») і Раман Пратасевіч праходзяць у адной крымінальнай справе, якую завёў Следчы камітэт Беларусі.

Перад судом. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Згодна з дакументам, які апублікаваў «Nexta», Вячорка, Матолька, Пуціла і Пратасевіч абвінавачаныя і падазраваныя паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 357 – «Змова з мэтай захопу ўлады»;
  • арт. 342, ч. 1 ,2 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • арт. 293, ч. 1, 3 – «Масавыя беспарадкі»;
  • арт. 130, ч. 1, 3 – «Распальванне варожасці»;
  • арт. 361, ч. 3 – «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 188 – «Паклёп»;
  • арт. 368, ч. 1 – «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 361-1, ч .1 – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»;
  • арт.361-2, ч. 2 – «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»;
  • арт. 356, ч. 1 – «Здрада дзяржаве».
Акруговы суд у польскай сталіцы разглядае справу аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года.
Фота: ІА / Белсат

Улады Беларусі ўжо даўно дамагаюцца ад Польшчы экстрадыцыі Сцяпана Пуцілы – заснавальніка папулярнай сеткі каналаў «Nexta», якія ўлады назвалі «экстрэмісцкімі». Следчы камітэт Беларусі праз генеральнага пракурора накіраваў у Польшчу дакументы на ягоную экстрадыцыю, паведаміў начальнік міжнародна-прававога аддзелу СК Міхаіл Вавула газеце «Беларусь сегодня» ў нядзелю, 6 лютага 2021 года.

«З гэтай краінай у нас падпісаная міжнародная дамова аб прававой дапамозе ў крымінальных справах, якая таксама рэгламентуе пытанне аб экстрадыцыі. Пабачым, наколькі гэтая дзяржава будзе выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі аб выдачы асобаў, якія пераследуюцца беларускім Следчым камітэтам у крымінальным парадку», – сказаў Вавула.

Акруговы суд у польскай сталіцы разглядае справу аб экстрадыцыі ў Беларусь Сцяпана Пуцілы. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2022 года.
Фота: ІА / Белсат

Акрамя Пуцілы, экстрадыцыі з Польшчы ўлады Беларусі дамагаліся і для Рамана Пратасевіча, які быў галоўным рэдактарам каналу «Nexta». Самалёт з ім пасадзілі ў Менску, і цяпер Пратасевіч застаецца пад хатнім арыштам. Пратасевічу прад’явілі абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 293 КК «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 130 КК «Распальванне варожасці ці варажнечы».

У кастрычніку 2021 года Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі занесла ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» Telegram-каналы «Nexta», «Nexta-Live» і «Luxta».

Фармулёўка МУС неадназначная: прызналі «фармаваннем», падобна, не ўсіх падпісчыкаў, а «групу грамадзянаў, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць з дапамогай Telegram-каналаў». Хто «ажыццяўляе», а хто проста чытае, не зразумела.

belsat.eu

Стужка навінаў