Расея хоча стварыць яшчэ адно Прыднястроўе на Балканах


У той час як погляды Захаду прыкутыя да Украіны, якая чакае расейскага ўварвання, грамадскасць можа прапусціць навіны з Балканаў. Крохкая раўнавага, дасягнутая пасля Дэйтанскага пагаднення 1995 года, што паклала канец вайне ў Босніі і Герцагавіне, можа быць парушаная. На думку Марты Шпалы, аналітыка Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW), гэтае парушэнне – у інтарэсах Расеі, якая адыгрывае ў рэгіёне ўсё большую ролю дэстабілізатара.

Боснія і Герцагавіна (БіГ), былая рэспубліка Югаславія, уяўляе сабою надзвычай складанае палітычнае ўтварэнне, мэта якога – забяспечыць мірнае суіснаванне трох асноўных народаў краіны: баснійцаў (з мусульманскімі каранямі), харватаў і сербаў. Краіна падзеленая на баснійска-харвацкую Федэрацыю Босніі і Герцагавіны на захадзе і Рэспубліку Сербскую (РС), падзеленую напалову акругаю Бырчка. Дзяржаву ўзначальвае калектыўны прэзідыум, абраныя чальцы якога – прадстаўнікі трох народаў. Гэтая палітычна-адміністрацыйная структура, навязаная Захадам, закліканая гарантаваць правы меншасцяў, якія насяляюць розныя субʼекты федэрацыі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Босніі і Герцагавіны. Крыніца: wikiwand.ru

10 снежня парламент Рэспублікі Сербскай прыняў пастановы, якія дазваляюць РС забіраць у цэнтральных уладаў паўнамоцтвы ў галіне правасуддзя, бяспекі і абароны, а таксама ўскоснага падаткаабкладання. Гэта ўспрынялося як крок да аддзялення і распаду Босніі і Герцагавіны. Не выпадкова на тыдзень раней Маскву наведаў лідар партыі Саюз незалежных сацыял-дэмакратаў, якая кіруе ў РС, і сябра калектыўнага кіраўніцтва БіГ Міларад Додык, які без цяжкасці дамогся аўдыенцыі ў самога Уладзіміра Пуціна. Не выпадкова расейскі прэзідэнт, які любіць круціцца сярод лідараў сусветных дзяржаваў, пастанавіў сустрэцца са старшынём кіроўнай партыі рэспублікі, насельніцтва якой ледзь налічвае мільён чалавек і якая ёсць толькі складоваю часткаю БіГ.

Даведка

Прыднястроўе – сепаратысцкая рэспубліка, якая абвясціла сваё аддзяленне ад Малдовы ў 1990 годзе.

Непрызнанае Прыднястроўе – фактычна расейскі палітычны, эканамічны і вайсковы пратэктарат. Доўгатэрміновая мэта Расеі – не аддзяліць яго ад Малдовы, а рэінтэграваць у Малдову такім чынам, каб забяспечыць расейскі кантроль над усёй дзяржаваю.

У Прыднястроўі застаюцца салдаты 14-й расейскай арміі, якая стала бокам малдаўска-прыднястроўскага канфлікту 1991 года. Нягледзячы на мірны працэс, які працягваецца, і заявы, расейцы не імкнуцца выводзіць свае войскі. Расея выкарыстоўвае Прыднястроўе як інструмент ціску на Малдову.

8 і 9 студзеня гэтага года ў Рэспубліцы Сербскай прайшлі ўрачыстасці з нагоды 30-й гадавіны заснавання рэспублікі, якія цэнтральныя ўлады палічылі незаконнымі. Ва ўрачыстасцях, азмрочаных шавіністычнымі інцыдэнтамі, узялі ўдзел расейскія і кітайскія дыпламаты. Міністэрства замежных справаў БіГ назвала гэта «грубым умяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржавы». Еўрапейскі Звяз заявіў, што арганізатары ўрачыстасцяў «пагражаюць стабільнасці і развіццю дзяржавы ды працуюць супраць памкненняў ЕЗ, якія выражаюць улады БіГ». Амбасада Нямеччыны ў Сараеве ў сваёй заяве пазначыла, што «агрэсіўны нацыяналізм і раздзяляльная рыторыка перашкаджаюць супрацы паміж бакамі грамадскіх дэбатаў у краіне».

Са словаў Марты Шпалы, дзеянні Расеі на Балканах накіраваныя на тое, каб падкрэсліць яе ролю як міжнароднага гульца, і яе паводзіны часта супярэчаць дзеянням Захаду:

«Расея падтрымлівае актораў, якія валодаюць дэстабілізавальным патэнцыялам на Балканах, хоць у яе менш магчымасцяў для стварэння крызісаў у параўнанні з краінамі, якія мяжуюць з БіГ. Гэта датычыць не толькі Босніі і Герцагавіны, але і Косава».

Аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў (OSW) нагадвае, што Расея ўжо падтрымлівала Міларада Додыка ў ягоных намаганнях паслабіць міжнародную прысутнасць у БіГ, што таксама было накіраванае на сабатаж Захаду:

«Чым больш праблемаў на Балканах, тым больш карысна для Расеі, бо гэта прыкоўвае ўвагу Захаду і адцягвае яе ад таго, што адбываецца ў яе беспасярэднім суседстве. Напрыклад, ва Украіне».

На думку Марты Шпалы, Крэмль імкнецца ўскладніць уступленне балканскіх краінаў у NATO і ЕЗ. Толькі ў панядзелак расейскі амбасадар у Сараеве Ігар Калабухаў заявіў, што ў гіпатэтычным выпадку ўступлення БіГ у NATO Расея адрэагуе на гэтае рашэнне, згодна са сваймі нацыянальнымі інтарэсамі. А вядома ж, што яна выступае супраць пашырэння NATO. На думку адмыслоўцы, сіла Расеі ў гэтым выпадку вызначаецца слабасцю Захаду, які не можа дакладна акрэсліць перспектывы далучэння балканскіх краінаў да сваіх структураў. І ў такія моманты Расея спрабуе запоўніць гэтую пустэчу.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Лідар баснійскіх сербаў Міларад Додык і Уладзімір Пуцін.
Фота: Kremlin.ru

Адзін з прыкладаў дзеянняў Крамля – падрыў міжнароднага пратэктарату над Босніяй і Герцагавінай, які ўвасабляе высокі прадстаўнік у справе Босніі і Герцагавіны. Марта Шпала нагадвае: крызіс абвастрыўся летась, калі Нямеччына паспрабавала замяніць на гэтай пасадзе аўстрыйскага дыпламата славенскай нацыянальнасці Валентына Інцка. На думку эксперткі, хоць юрыдычна ён валодаў велізарнымі паўнамоцтвамі, разам з выданнем указаў ды магчымасцю прызначаць і змяшчаць службовых асобаў у БіГ, ён выкарыстоўваў іх вельмі рэдка, бо не карыстаўся падтрыманнем заходніх краінаў, у асноўным Аўстрыі.

Змены, якія ініцыявала Нямеччына, былі накіраваныя на ўмацаванне пазіцыяў высокага прадстаўніка і на спрыянне палітычным рэформам у БіГ. Заходнія краіны, прымаючы ва ўвагу, што ў Дэйтанскім пагадненні не было пазначана, што кандыдатура высокага прадстаўніка павінна быць узгоднена з Расеяй, прызначылі на гэты пост былога нямецкага палітыка Крыстыяна Шміта.

«Між тым мэта Міларада Додыка і Расеі – у тым, каб гэты інстытут страціў усякае значэнне. Таму яны не прызнаюць гэтага выбару. Лідар баснійскіх сербаў мяркуе, што гэта абмяжоўвае ягоныя магчымасці для манеўру, і тут яго падтрымлівае Расея, для якой гэта таксама пытанне гонару. Краіны Захаду паказалі, што не лічацца з яе меркаваннем, калі яна не ідзе на супрацу», – дадае Шпала.

На думку адмыслоўцы, паводзіны Расеі на Балканах – частка больш шырокай перамоўнай стратэгіі, якая прадугледжвае змушэнне Захаду лічыцца з ёй у розных частках свету. А магчымае пагадненне пра высокага прадстаўніка ў справе БіГ мае быць звязанае з саступкамі ў іншых пытаннях, напрыклад, пра Украіну.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Жыхары гораду Баня-Лука падчас урачыстасці ў Рэспубліцы Сербскай з нагоды 30-й гадавіны заснавання рэспублікі, якія цэнтральныя ўлады палічылі незаконнымі. 9 студзеня 2022.
Фота: Антоніа Бронік / Reuters / Forum

На думку эксперткі, Расея, заключыўшы тактычны саюз з лідарам баснійскіх сербаў, паказвае, што яна – глабальны гулец і на «еўрапейскім заднім двары», гэта значыць на Балканах, акружаных краінамі ЕЗ, дзе любая дэстабілізацыя будзе вельмі дорага каштаваць еўрапейскай супольнасці:

«Стратэгічнаю мэтаю Крамля можа быць ужыванне прыднястроўскага сцэнара. Разваліць БіГ і прывесці да з’яўлення «незалежнай» сербскай рэспублікі, вымушанай спадзявацца на падтрыманне Расеі. Маючы слабога «кліента», Расея можа ўплываць на стабільнасць усяго рэгіёну».

На думку Марты Шпалы, гэта можа мець эфект даміно, бо БіГ – не адзіная поліэтнічная дзяржава на Балканах, і гэта можа спрыяць з’яўленню новых лідараў сербскіх ды албанскіх меншасцяў у іншых краінах:

«На Балканах паўстане пытанне пра карэкцыю межаў, і рэгіён зноў скоціцца да спрэчак, якія, здавалася, скончыліся ў 1995 годзе».

Расейскі ўрад аддае ўвагу не толькі баснійскім сербам, калі працуе над дэстабілізацыяй БіГ. Падчас свайго нядаўняга візіту ў Загрэб кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў казаў і пра дыскрымінацыю баснійскіх харватаў у баснійскім прэзідыуме. На думку Марты Шпалы, Расея таксама спрабуе скарыстацца непрыманнем баснійскімі харватамі баснійскага цэнтралізму і тым фактам, што яны залежаць ад галасоў баснійцаў пры абранні свайго прадстаўніка ў прэзідыум БіГ. Гэта не першы візіт Лаўрова ў Загрэб, як і заявы на падтрыманне харвацкіх памкненняў у Босніі і Герцагавіне.

«Але гэта толькі тактычнае падтрыманне, накіраванае не на развязанне праблемаў БіГ, а на стварэнне яшчэ большага хаосу і блакаванне рэформаў у краіне», – адзначае экспертка.

На пытанне, ці можа распад БіГ, якому спрыяе Расея, скончыцца новаю вайною, Шпала адказала, што як толькі ўзнікне пытанне пра змены межаў, Расея зробіць усё магчымае для яго эскалацыі:

«Гэта не 1991 год, калі распадаўся СССР або Чэхаславаччына, і гэта можна было зрабіць мірна, з усеагульнага адабрэння. Цяпер у нас значна больш моцных гульцоў: Расея, Кітай, ЗША, ЕЗ, Турцыя. І правесці такую аперацыю пры гегемоніі Захаду немагчыма».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Дыяспара Босніі і Герцагавіны і прыхільнікі адзінства краіны сабраліся на Парламенцкай плошчы, каб павысіць дасведчанасць пра патэнцыйны новы баснійскі крызіс. 10 студзеня 2022 года, Лондан, Вялікая Брытанія.
Фота: Thomas Krych / Zuma Press / Forum

Паводле адмыслоўцы, палітыка Рэспублікі Сербскай вельмі падобная да расейскай і заключаецца ў правяранні межаў Захаду. Яе патэнцыйны выхад з БіГ пацягне за сабою далейшыя тэрытарыяльныя патрабаванні, і толькі цвёрдае «не» можа спыніць насоўванне канфрантацыі. Экспертка цэнтру нагадвае, што ў Рэспубліцы Сербскай па-ранейшаму жывуць каля 20 % не сербаў, і гэта людзі, якія дасюль памятаюць мінулую вайну:

«Гэта не 1991 год, калі ніхто не верыў, што можа пачацца вайна. Яны ведаюць, што ўсё можа паўтарыцца, што ў напружанай сітуацыі ў кагосьці могуць здаць нервы, і яна выйдзе з-пад кантролю. Расея сама па сабе не ў стане справакаваць вайну на Балканах, аднак да яе можа прывесці шэраг інцыдэнтаў».

Паводле Шпалы, Додык хацеў бы пашырыць сваю ўладу са згоды Захаду, але ў той жа час ён робіць захады, каб справакаваць баснійцаў на ваенныя дзеянні.

Аднак аналітык адзначае, што на гэты момант Расея не ўкладвае шмат фінансавых рэсурсаў у развязванне канфлікту ў БіГ. Расейскі ўдзел у гэтых адносінах аслаб пасля 2014 года, калі стала прыкметнае рэальнае падтрыманне прарасейскіх і нацыяналістычных колаў. Гэты перыяд, які таксама быў часам расейскай агрэсіі супраць Украіны, быў звязаны з паездкамі ў Сербію і БіГ «экскурсіяў» расейскіх казакоў і прадстаўнікоў мотабанды «Начныя ваўкі». Аднак цяпер яна абмяжоўваецца асабістымі, а не інстытуцыйнымі кантактамі паміж расейскімі і сербскімі нацыяналістычнымі арганізацыямі. Варта таксама нагадаць, што прадстаўнікі апошняй ваявалі на Данбасе супраць украінскай арміі. Да гэтага дадаюцца старыя кантакты 1990-х гадоў, калі баснійскіх сербаў падтрымлівалі расейскія найміты. Сербска-расейскім лучвом ёсць і праваслаўная царква.

«Аднак відавочнага расейскага фінансавага падтрымання з боку расейскай дзяржавы няма. Хутчэй, Расея эканамічна сыходзіць з Балканаў. Летась расейскі дзяржаўны «Сбербанк» прадаў свае долі ў рэгіянальных банках. Расейскі нафтаперапрацоўчы завод у Бродзе не працуе. Расейцы сапраўды прадаюць Босніі больш танны газ, але ў вельмі невялікіх колькасцях. Аднак Расея праводзіць танную сітуатыўную палітыку, заснаваную на дыпламатычных заявах і сацыяльных сетках», – зазначае экспертка.

Паводле аналітыка, сербскія нацыяналістычныя колы ў Босніі і Герцагавіне могуць адчуваць некаторае расчараванне, бо не атрымалі расейскіх сродкаў. Яна згадвае забаўную гісторыю, калі ў 2016 годзе ва ўдзельнікаў шырока разрэкламаванага злёту баснійскіх і сербскіх «Начных ваўкоў», якія наведвалі Боснію, не хапіла сродкаў аплаціць «зялёныя карты», неабходныя для ўезду на матацыклах, і ў выніку паехалі старымі «Фордамі».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Сябры расейскага мотаклубу «Начныя ваўкі» маршуюць у межах святкавання «нацыянальнага свята» Рэспублікі Сербскай у Баня-Луцы. 9 студзеня 2021 года.
Фота: RLF/RL

Суседняя Сербія можа быць фактарам, які стабілізуе БіГ і абмяжоўвае памкненні Расеі. Яна асцерагаецца дэстабілізацыі на сваіх межах і ўплыву Захаду. Нядаўна прэм’ер-міністр Сербіі Александар Вучыч выклікаў Міларада Додыка ў Бялград і нават загадаў баснійскім сербам вярнуцца ў баснійскія ўстановы, якія яны байкатавалі з ліпеня мінулага года. Са словаў Марты Шпалы, Сербія патрэбная Расеі, напрыклад, калі ідзецца пра Косава і танны газ, але ні для каго не сакрэт, што паміж лідарамі абедзвюх краінаў няма ніякай хіміі, а сербскі прэзідэнт быў нават прыніжаны Уладзімірам Пуціным, які скасаваў будоўлю «Паўднёвай плыні», не паведаміўшы яму пра гэта:

«Сербы традыцыйна настроеныя па-прарасейску праз няведанне расейскіх рэаліяў і вялікую геаграфічную аддаленасць. Яны таксама адчуваюць сябе адрынутымі Захадам. Аднак сербская эліта разумее, што зацеснае збліжэнне з Расеяй і залежнасць ад яе прывядуць да страты раўнавагі. І Крэмль гэтым скарыстаецца».

На думку Марты Шпалы, Сербія робіць жэсты ў бок Расеі, але імкнецца не адштурхнуць Захаду. Наадварот, Кітай – больш важны партнёрам для Сербіі, бо ўкладвае рэальныя грошы ў эканоміку краіны. І гэты факт можа мець стабілізавальны эфект. Электрастанцыі, дарогі, праекты ў справе аднаўляльных крыніцаў энергіі ды прамысловыя прадпрыемствы былі пабудаваныя ў Сербіі ды Рэспубліцы Сербскай з удзелам кітайскага капіталу. Таму кітайцы не хочуць, каб крэдыты, якія яны туды ўклалі, былі растрачаныя на вайну. Яны таксама не хочуць, каб былі парушаныя лагістычныя маршруты Новага шаўковага шляху.

На думку адмыслоўцы, Кітай, не жадаючы вайны ў БіГ, у той жа час зусім не пярэчыць, каб гэтая дзяржава была слабым, карумпаваным і далёкім ад заходніх стандартаў, бо яму будзе лягчэй весці там свой бізнес.

«Менавіта тут інтарэсы Кітаю і Расеі разыходзяцца. Кітайцы хочуць, каб было няхай і непразрыста, але стабільна. А расейцы хочуць хаосу», – падкрэслівае Марта Шпала ў інтэрв’ю «Белсату».

З Мартаю Шпалаю, галоўнай адмыслоўцаю Цэнтру ўсходніх даследаванняў, гутарыў Якуб Бернат.

belsat.eu /ІР

Стужка навінаў