Падпісант праўладнага ліста разарваў кантракт з БАТЭ і з'ехаў на Кіпр


Апорны паўабаронца Яўген Яблонскі.
Фота: sportarena.by

Яўген Яблонскі, апорны паўабаронца барысаўскага БАТЭ, правёў у клубе ўсю кар’еру, але цяпер падпісант праўладнага ліста зʼехаў з Беларусі.

Тэндэнцыя цяперашняга сезону – футбалісты масава пакідаюць чэмпіянат Беларусі, яго ўжо пакінулі больш за 50 чалавек, і гэты працэс не спыняецца. Яблонскі падпісаў кантракт з «Арысам» з Лімасолу, гэта на сёння другая каманда Кіпру. Чэмпіянат краіны гэтай астраўной дзяржавы адновіцца ў наступныя выходныя. Заўважым, што дырэктарам маркетынгу ў новым клубе Яблонскага працуе Аляксей Дазорцаў, былы журналіст «Белсату».

«Я лічу, што падпісваў футбаліст праўладны ліст ці не – гэта не так важна, большасць з іх зрабілі гэта дзеля ўласнай карʼеры. Цяпер сітуацыя змянілася, і футбалісты масава пакідаюць Беларусь. Наўрад ці ў бліжэйшыя гады гэтая тэндэнцыя спыніцца. Усе, хто можа, пастараюцца зʼехаць», – сказаў «Белсату» адзін са спартовых журналістаў, які цяпер застаецца ў Беларусі.

Цікава, што толькі за апошні тыдзень футбалісты з чэмпіянату Беларусі зʼехалі ў Польшчу, Латвію, Таджыкістан, Арменію.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў