Беларуская вакцына ад ковіду праходзіць даклінічныя тэсты


Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viacheslav Lopatin / Shutterstock.com

Старшыня Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў, што прататып беларускай вакцыны супраць каронавіруса ўжо гатовы.

Цяпер вакцына праходзіць этапы лабараторных даследаванняў і папярэднія даклінічныя выпрабаванні.

Са словаў Гусакова, вакцына бяспечная, добра пераносіцца, не выклікае пабочных эфектаў і стымулюе выпрацоўванне антыцелаў не горш за сусветныя аналагі. Яе адаптуюць пад усе штамы, якія будуць цыркуляваць на момант выхаду.

«З улікам таго, што зʼяўляюцца ўсё новыя штамы віруса, вакцына будзе адаптаваная да тых з іх, якія будуць цыркуляваць на момант яе вытворчасці. Тэхналогія вытворчасці дае магчымасць аператыўна ўлічваць усе змяненні і мутацыі і пастаянна актуалізаваць склад вакцыны, каб яе эфектыўнасць была максімальнай», – заяўляе Уладзімір Гусакоў.

Выпуск вакцыны варта чакаць праз паўтара года.

Аляксандр Лукашэнка даручыў айчынным медыкам і навукоўцам стварыць уласную вакцыну. І не якую-небудзь, а найлепшую ў свеце. Эксперты перад камерамі паабяцалі, што выканаюць загад. Былы прэзідэнт НАН Аляксандр Вайтовіч распавёў «Белсату», што беларуская вакцына ад каронавіруса – не выгадны і стратны праект.

«Рэч у тым, што калі ў свеце нешта стварылі, то іншыя могуць гэта паўтарыць. Таму можна даследаваць вакцыны, раскладаць на кампаненты і ў прынцыповым плане можна яе стварыць. Але я не перакананы, што мы зробім уласную вакцыну. Толькі калі возьмем распрацоўкі іншых краінаў, калі тая ж Расея аддасць нам свае даследаванні. Але нават і ў такім выпадку гэта будзе вельмі доўга, бо ў нас няма тэхналагічных кадраў. Мы ніколі не распрацоўвалі такіх субстанцыяў. Гэта будзе ўпершыню.

Нам для распрацоўвання трэба будуць вялізныя грошы, шмат часу. З часам прыйдзе досвед, можа, знойдуцца і сродкі. Але пасля ўсяго ўзнікае пытанне эканамічнай мэтазгоднасці. Хто будзе набываць яе ў нас? Сёння вакцыны распрацоўваюцца сусветнавядомымі фірмамі. Яны даўно гэтым займаюцца і маюць бюджэты, параўнальныя з бюджэтам нашай краіны. Гэта сапраўдныя монстры, магутныя фірмы ў фінансавым плане, вытворчым, яны маюць досвед».

Шчыра кажучы
Медык: Статыстыцы пра ковід не верыць ніхто, нават Міністэрства аховы здароўя
2022.01.05 17:02

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў