Актывіста кампаніі «Гавары праўду!» судзяць за падробку дакументаў


Сёння ў судзе Савецкага раёну Менску пачаўся працэс па справе актывіста кампаніі “Гавары праўду!” Міхася Башуры.

Міхась Башура – сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Яго абвінавачваюць у тым, што ён наўмысна падрабіў даведку аб даходах, каб жонка атрымала крэдыт у банку.

Башуру затрымалі ў Менску 6 жніўня. Цяпер ён утрымліваецца ў менскім следчым ізалятары № 1. Яму пагражае да трох гадоў зняволення. Сваёй віны Міхась Башура не прызнае.

Паводле адвакаткі Тамары Сідоранкі, яе падапечны сапраўды завысіў свае даходы. Але зрабіў гэта ненаўмысна, бо пры атрыманні крэдыту яму было б выгадна, калі б даходы аказаліся ніжэйшымі.

Вызвалення Башуры патрабуе Саюз беларускіх пісьменнікаў. У сваю чаргу, Каардынацыйная рада прадпрымальнікаў Менску лічыць арышт Башуры палітычным, бо сёлета ён вылучаўся ў якасці кандыдата ў дэпутаты Менскага гарсавету ад прадпрымальніцкага блоку, а пазней стаў актыўным удзельнікам кампаніі “Гавары праўду!”, якую ўзначальвае адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў