25 студзеня стане вядома, ці жанчына, якую судзілі за смерць дачкі, атрымае турэмны тэрмін


Канчатковае рашэнне ў справе Вольгі Сцяпанавай вынесе Віцебскі абласны суд. Жанчыну вінавацяць у прычыненні смерці па неасцярожнасці.

У лістападзе летась абласны суд разгледзеў у апеляцыйным парадку крымінальную справу аб хатніх родах і адмяніў прысуд суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Згодна з вынесеным прысудам, жанчыну прызналі вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці. Ёй прызначылі пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць месяцаў з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. У зале суду меру стрымання замянілі на падпіску аб нявыездзе.

***

Трагічнае здарэнне адбылося ў лютым 2017 года. Вольга Сцяпанава прыехала ў Віцебск з Санкт-Пецярбурга да маці, каб нарадзіць дзіця. Яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо нараджала першую дачку таксама ўдома. Другая дзяўчынка мела праблемы з дыханнем, наглыталася каляплодных водаў. Медыкі з «хуткай» і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць дзіця.

7 верасня 2017-га года суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў 31-гадовай жанчыне шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах.

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасці за хатнія роды. Жанчына мае права выбіраць: нараджаць у радзільным доме або ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула.

Вольга Сцяпанава сваю віну не прызнала і ўсклала адказнасць за смерць дзіцяці на медыкаў, якія праз нядбайнае стаўленне не аказалі неабходнай дапамогі.

Суд на Вольгай Сцяпанавай выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Шмат хто лічыць крымінальны пераслед Вольгі безпадстаўным, тысячы беларусаў падпісалі анлайн-петыцыю ў абарону жанчыны. Адначасова дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выступілі з ініцыятывай забараніць хатнія роды.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў