25 сакавіка ў менскім Катэдральным касцёле будуць маліцца за Беларусь


«Вельмі сімвалічна, што акт незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, калі было абвешчана аб заснаванні новай дзяржавы, быў падпісаны менавіта ў свята Звеставання Пана – 25 сакавіка», – адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Беларускі арнамент на кашулі каталіцкага святара падчас фэсту ў Будславе ў 2015 годзе. Фота catholic.by

У Менску ды Магілёве

А 10:00 у менскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 25 сакавіка адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага парталу catholic.by.

Назірайце за святам незалежнасці онлайн. У нядзелю, 25 сакавіка, а 12:00 мы пачнем наўпроставую трансляцыю святочнага канцэрту ў Менску, акцыяў у іншых гарадах Беларусі, пакажам размовы з удзельнікамі ды гісторыкамі. Запрашаем! Святкуйма Дзень Волі разам!

25 сакавіка католікі звычайна святкуюць свята Звеставання Пана ў памяць таго, як архангел Габрыель абвясціў Марыі аб тым, што Бог выбраў Яе ў якасці Маці Збаўцы. Згода Марыі на гэта – «няхай так станецца» – змяніла гісторыю сусвету, кажа іерарх.

«Свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта свята беларускага Звеставання незалежнасці», – сказаў мітрапаліт.

Каталіцкая працэсія ў Менску, 2015 год

«Хоць далейшы лёс БНР не прывёў да чаканага выніку, тым не менш «сам факт яе абвяшчэння 25 сакавіка вельмі красамоўны, бо сведчыць пра жаданне беларускага народа да незалежнасці», – дадаў каталіцкі іерарх.

Таксама ў магілёўскай катэдры аб 11:00 св. Імшу будзе святкаваць дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Сёлета на 25 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле прыпадае Пальмавая нядзеля, таму свята Звеставання перанесена на 9 красавіка. Пакуль няма інфармацыі пра тое, якія касцельныя мерапрыемствы ў памяць 25 сакавіка 1918 году будуць адбывацца ў іншых сталіцах беларускіх каталіцкіх дыяцэзіяў – Горадні, Пінску і Віцебску.

Малітва за Беларусь

Ксёндз Юрый Санько, які выконвае абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, адзначыў, што абвяшчэнне незалежнасці БНР, безумоўна, важная падзея ў гісторыі сучаснай Беларусі.

Ксёндз Гадлеўскі падчас казання ў касцёле ў Жодзішках, 1924 г. Фота catholic.by

«Утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі – першы крок да сённяшняй незалежнасці. Касцёл не можа застацца ў баку… Касцёл сваёй малітваю, сваёй прысутнасцю асвячае нашу зямлю, таму біскупамі было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловай малітвы, якой святары ў гэты дзень будуць прасіць Бога за нашу Бацькаўшчыну, наш народ, каб добры Бог дабраслаўляў і напаўняў нашую штодзённасць сваёй прысутнасцю», – сказаў афіцыйны прадстаўнік Касцёла ў Беларусі Ватыканскаму радыё.

Канчаткова яшчэ не вырашана, як будзе выглядаць малітва – як адзін з заклікаў Малітвы вернікаў, або асобная малітва, што прачытаюць на завяршэнне эўхарыстыі. У некаторых парафіях будзе святкавацца асобная св. Імша за Беларусь, распавёў ксёндз Юрый Санько.

Практычна ўсе, хто будаваў беларускую незалежную дзяржаўнасць у ХХ стагоддзі, былі хрысціянамі. Шмат хто з іх былі католікамі, у тым ліку каталіцкімі святарамі. Гэтак адным з першых па-беларуску пачаў служыць у 20 стагоддзі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Ён удзельнічаў у нацыянальнай грамадскай дзейнасці, а пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўвайшоў у склад яе Рады.

Святара ў часе польскай акупацыі Заходняй Беларусі неаднаразова пераследавалі, выслалі на тэрыторыю этнічнай Польшчы, а падчас нямецкай акупацыі ён крытыкаваў нацысцкія парадкі і быў забіты нацыстамі ў Трасцянцы пад Менскам.

У суседняй Літве ў гонар 100-годдзя дзяржаўнасці мясцовым католікам біскупы дазволілі ў гэтым годзе не пасціцца ў першую пятніцу Вялікага посту.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў