25 сакавіка не будзе дзяржаўным святам, пакуль Лукашэнка кіруе Беларуссю


Цягам сённяшняй сустрэчы з дзяржСМІ Лукашэнка таксама адказвае на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў, якія грамадзяне маглі дасылаць на паштовую скрыню voprosnomer1@tvr.by.

Адказваючы на пытанне пра 25 сакавіка, дасланае ад грамадзяніна, Лукашэнка заявіў: гэты дзень не будзе дзяржаўным святам, пакуль ён займае пасаду прэзідэнта.

Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць Дзень Незалежнасці (Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня, – заўв.рэдакцыі).

«У нас ёсць Дзень Незалежнасці, і калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б», – сказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што «як гісторык па адукацыі, звяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў існуючыя меркаванні». Паводле яго словаў, беларусы «пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла».

Нагадаем, сёлета на 25 сакавіка Менгарвыканкам дазволіў святочны мітынг і канцэрт ля Опернага тэатру. Больш за 10 тысяч чалавек наведалі свята. Адначасова былі затрыманыя каля 100 чалавек, у тым ліку ініцыятары несанкцыянаванага шэсця.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў