25-й дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 2 верасня – 25-га дня пратэстаў у Беларусі.

Акцыя «Дзень перамогі над фашызмам» ля стэлы «Менск — горад-герой». Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г. фота: ТК / belsat.eu

Пратэсты і затрыманні

2 верасня ў Менску адбыўся шэраг лакальных акцыяў пратэсту ў розных кропках гораду. Днём прайшлі акцыі каля МДЛУ, на праспекце Пераможцаў каля Стэлы і ўздоўж дарогі каля Парку высокіх тэхналогіяў (ля МДЛУ адбываліся кропкавыя затрыманні, а ланцуг каля ПВТ разагнаў АМАП).

Акцыя «Дзень перамогі над фашызмам» ля стэлы «Менск — горад-герой». Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г. фота: ТК / belsat.eu

Увечары акцыі салідарнасці праходзілі ў Малінаўцы, Сухарава, Шабанах, Серабранцы, Грушаўцы, Зялёным Лузе, Лошыцы і каля Каменнай Горкі.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu
Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

На плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла ўвечары зноў сабраліся людзі, пераважна дзяўчаты. Яны спявалі і танчылі. Пратэстоўцаў сілавікі не разганялі, затое туды прывялі каля дзясятку пралукашэнаўскіх мітынгоўцаў, якія скандавалі «За Беларусь»і спрабавалі спяваць дзяржаўны гімн. Калі сцямнела, дзяўчаты прайшлі шэсцем па праспекце Незалежнасці. Падчас шэсця былі кропкавыя затрыманні.

Акцыя салідарнасці на пл. Незалежнасці. Менск, Беларусь. 2 верасня 2020 г.
Фота: ТК / belsat.eu

Каля станцыі метро «Пушкінская», дзе сілавікі 10 жніўня забілі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага, улады зноў намагаліся знішчыць народны мемарыял. У прыватнасці, сёння міліцыя засыпала тэхнічнай соллю надпіс на тратуары «Не даруем». Увечары там сабраліся дзясяткі людзей, каб расчысціць надпіс. Тут таксама адбываліся кропкавыя затрыманні.

Суды над журналістамі

Марш студэнтаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / lot-tak.tv / belsat.eu

1 верасня падчас студэнцкіх акцыяў пратэсту ў Менску былі затрыманыя журналісты TUT.by Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна, карэспандэнты «Комсомольской правды в Беларуси» Сяргей Шчогалеў, Мікіта Недаверкаў і Марыя Эльяшэвіч, а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга. На іх склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і пакінулі на ноч у РУУС Кастрычніцкага раёну.

Затрыманыя журналісты на акцыі студэнтаў выконвалі свае прафесійныя абавязкі, яны былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на спіне. Аднак міліцыянты сцвярджалі, што рэпарцёры нібыта заклікалі студэнтаў да пратэстаў і «нават каардынавалі дзеянні натоўпу».

Hавiны
Затрыманых 1 верасня журналістаў адправілі ў ЦІП на Акрэсціна
2020.09.02 22:43

Суд над журналістамі распачаўся толькі ў другой палове дня 2 верасня, разгляд справаў адбываўся дыстанцыйна праз Скайп. Суд вярнуў усе адміністратыўныя справы ў міліцыю на дапрацоўку. Аднак журналістаў пры гэтым не вызвалілі – іх павезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Заўтра рэпарцёраў будуць судзіць зноў.

Лаўроў і «экстрэмісты з Украіны»

Сяргей Лаўроў. Фота – mid.ru

На сумеснай з Уладзіміра Макеем прэс-канферэнцыі ў Маскве Сяргей Лаўроў заявіў, што з тэрыторыі Украіны вядзецца дзейнасць, накіраваная на тое, каб «мірныя пратэсты сарваліся ў канфрантацыйную спіраль».

«Ёсць пацверджаныя звесткі пра тое, што падобная дзейнасць вядзецца з тэрыторыі Украіны. Там ёсць і «Трызуб» імя Бандэры, і «С14», ёсць «Нацыянальны корпус», «Правы сектар». Усе гэтыя структуры актыўна займаюцца правакаваннем радыкальных дзеянняў у Менску і ў іншых гарадах Беларусі, фінансуюць адпаведныя мерапрыемствы, натраўліваюць тых, каго яны лічаць перспектыўнымі экстрэмісцкімі лідарамі да таго, каб яны ўносілі сілавыя элементы ў дэманстрацыі ў беларускай сталіцы. Па нашых дадзеных, у Валынскай і Днепрапятроўскай абласцях на Украіне ёсць лагера падрыхтоўкі такіх экстрэмістаў. Я ўпэўнены, што нашыя спецслужбы павінны гэтым займацца больш прадметна, яны ў кантакце адзін з адным знаходзяцца.

Паводле нашых ацэнак каля 200 экстрэмістаў, натрэніраваных на ўкраінскай тэрыторыі, цяпер знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь», – адзначыў Лаўроў.

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітро Кулеба падкрэсліў, што заява Лаўрова – гэта трызненне.

«200 украінскіх экстрэмістаў, якіх Украіна нібыта накіравала ў Беларусь для дэстабілізацыі сітуацыі, і лагеры па падрыхтоўцы экстрэмістаў ва Украіне з’яўляюцца плодам хваравітай фантазіі тых, хто даў такія дадзеныя майму расейскаму калегу Сяргею Лаўрову», – адзначыў ён.

Павел Латушка за мяжой, але не ў эміграцыі

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Дырэктар тэатру Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Чалец Каардынацыйнай рады Павел Латушка выехаў з Беларусі ў Польшчу, але гаворкі пра эміграцыю не ідзе. У размове з «Белсатам» ён патлумачыў, што прыехаў у Польшчу па запрашэнні старшыні праграмнай рады Эканамічнага форуму, які праходзіць у Крыніцы Гурскай, Зыгмунта Бердыхоўскага. У тым ліку ў сябра Каардынацыйнай рады запланаваныя сустрэчы ва ўрадзе Польшчы, МЗС, Сейме і з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Далей Павел Латушка паедзе ў Вільню. У сталіцы Літвы ён сустрэнецца з кіраўніком МЗС, парламенту Літвы і дэпутатамі Еўрапарламенту.

Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Латушка перайшоў «чырвоную лінію».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў