Фактычны захоп расейцамі Мар’інкі. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 670-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Мужчыны стаяць побач з пашкоджаным аўтамабілем каля разбуранага гандлёвага цэнтру «Галактыка» ў горадзе Горлаўка Данецкай вобласці. Кантраляваная Расеяй частка Украіны, 25 снежня 2023 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі 21 атаку праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Стэльмахаўка ў Харкаўскай і Луганскай вобласцях адпаведна.

Самыя ЗСУ таксама атакавалі каля Сынькоўкі, што сведчыць пра сустрэчны характар баёў на гэтым участку. Акрамя гэтага наступальная актыўнасць украінскіх вайскоўцаў зафіксаваная каля Навасёлаўскага на Луганшчыне, але зменаў лініі фронту не зафіксавана.

На суседнім, ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ не наступалі.

Між тым, прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што Узброеныя сілы РФ наступаюць на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра няўдалую атаку ўкраінцаў каля Грыгораўкі на поўначы Данецкай вобласці.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы безвынікова наступалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Клішчыеўка і Андрэеўка.

У гэты ж час прарасейскія крыніцы пішуць, што Узброеныя сілы РФ паступова прасоўваюцца ў бок Іванаўскага (на паўднёвым захадзе ад Бахмуту).

У Мінабароны РФ фіксуюць няўдалую атаку ўкраінцаў каля населенага пункту Шумы (на поўдзень ад Бахмуту ў кірунку Горлаўкі).

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая актыўнасць Узброеных сілаў РФ па-ранейшаму засяроджаная ў ваколіцах Данецку. На поўначы мар’інскага кірунку яны наступаюць каля населеных пунктаў Навабахмутаўка, Стэпавое і Аўдзееўка, на паўднёвым флангу – у ваколіцах Первамайскага і Невельскага. У Генштабе ЗСУ адзначаюць, што агулам за содні сілы абароны Украіны адбілі прынамсі 31 атаку праціўніка на гэтых участках фронту.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што войскі РФ прасунуліся каля сёлаў Новакалінава і Первамайскае, але ёсць імавернасць, што гаворка ідзе пра ранейшыя падзеі.

На мар’інскім кірунку баі лакалізаваныя на ўчастку фронту паміж Новамыхайлаўкай і самой Мар’інкай.

Прарасейскія крыніцы пішуць пра ўзяцце пад расейскі кантроль паўночна-заходніх ускрайкаў Мар’інкі, што фактычна азначае поўны захоп разбуранага гораду.

У тэлеграм-канале 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ пішуць, што адсюль расейцы намагаліся зайсці ў суседнюю Георгіеўку, але былі спыненыя сіламі абароны.

Крыніца адзначае, што пры гэтым асноўны ціск расейскіх войскаў скіраваны на поўдзень і паўднёвы захад ад гораду ў бок населенага пункту Пабеда. Такія дзеянні выкліканыя паспяховай абаронай ЗСУ ў суседняй Новамыхайлаўцы.

Разам з тым аналітыкі праекту «Deepstate» звяртаюць увагу на спробы расейцаў цалкам зруйнаваць населены пункт пры дапамозе артылерыі, у выніку чаго абарона Новамыхайлаўкі можа зрабіцца немэтазгоднай.

Бярдзянскі і мэлітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці УС РФ зноў спрабавалі прасунуцца на паўднёвым захадзе ад сяла Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім, мэлітопальскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, яны правялі пяць безвыніковых атак каля сяла Работына і на поўдні ад гораду Гуляйполе. На апошнім участку сітуацыя доўгі час заставалася адносна спакойнаю.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў