«Мае тэксты вельмі палітызаваныя». Як старшыня Моладзі БНФ пераехаў у Польшчу і пачаў пісаць рэп


Дзяніс Мандзік ужо падлеткам цікавіўся беларускаю гісторыяй і палітыкаю. Прычым гэтак, што нават стаў кіраўніком моладзевага крыла БНФ. Потым Дзяніс спазнаў пераслед, пачаў пісаць музыку і пераехаў у Польшчу. Ён распавёў «Белсату», што варта ведаць пра эміграцыю, і як быць карысным Беларусі нават за мяжою.

Усё пачыналася яшчэ ў Барысаве

Дзянісу Мандзіку 22 гады, але ўжо шмат што паспеў: запісаў рэп-альбом, ажаніўся, ачоліў моладзевую арганізацыю і нават уцёк з краіны.

Дзяніс Мандзік.
Фота: Белсат

«У годзе 2014–15 я даведаўся пра гісторыю Пагоні, бел-чырвона-белага сцяга, забойства палітыкаў. Пачаў слухаць беларускую музыку – ад «Ляпісаў» да «Голай манашкі». Зразумеў, што нешта не так», – апісвае свой шлях да палітыкі Дзяніс.

Спробы змяніць сітуацыю прывялі Дзяніса ў Моладзь БНФ у родным Барысаве. Тады, яшчэ ў старэйшых класах, маладзёны намагаліся, хутчэй, дбаць пра наваколле і рабіць перформансы, а не вулічныя акцыі. Пасля – пераезд у Менск вучыцца, пачатак сапраўдных актыўнасцяў.

«Мы раздавалі стужкі з арнаментам, заахвочвалі людзей далучыцца да Моладзі БНФ. А потым я адмовіўся плаціць унёскі ў БРСМ, і мяне ў выніку адлічылі з першага курсу. Вось так і скончыўся мой студэнцкі час», – з горкай іроніяй гаворыць Дзяніс.

Фота: Белсат

Але менавіта адлічэнне з універсітэту дапамагло хлопцу сфакусавацца на палітычнай кар’еры. У выніку ў 2018 годзе Дзяніс стаў кіраўніком Моладзі БНФ: «Тады мы ўжо рабілі шмат вулічных акцыяў. Мяне часта затрымлівалі, давалі штрафы або нават содні. Але да такога я быў гатовы».

Пакрысе палітыка перастала цікавіць хлопца. Дзяніс пачаў дапамагаць «Арт-сядзібе» ды актыўней ствараць музыку.

«Чаму толькі цяпер?»

Аднак падзеі 2020 года натхнілі Дзяніса вярнуцца ў палітыку. Разам з сябрамі ён шмат займаўся партызанскаю дзейнасцю. 15 ліпеня – на наступны дзень пасля нерэгістрацыі кандыдатаў – спрабавалі зарганізаваць акцыю ў Барысаве: склікалі знаёмых карміць галубоў. Усё скончылася затрыманнем.

«Мне было страшна не паспець на ўласны шлюб, таму сядзець на соднях зусім не хацелася. Міліцыянты пачалі шантажаваць: або мы падпісваем пратакол і нас выпускаюць, або застаемся на соднях. Давялося падпісаць», – тлумачыць Дзяніс.

Артыкулы
«Гэта смерць цэлай прафесіі». Судмедэкспертка – пра ўцёкі з Беларусі і ціск міліцыянтаў
2021.12.02 10:20

Да ўздыму ў хлопца супярэчлівае стаўленне: «Першая думка ў 2020 годзе: якога чорта гэта ўсё адбылося толькі цяпер? Чаму вы столькі часу чакалі? Але потым, калі ўжо супакоіўся, падумаў: лепей пазней, чымся ніколі. Значыць, у нас яшчэ ёсць шанец і мы будзем намагацца зрабіць Беларусь лепшаю».

Дзяніс прызнаецца, што быў вялікім аптымістам, верыў у хуткую перамогу: магчыма, пад эйфарыяй, як і большаць людзей тады.

Рэп як стыль жыцця

Музыкаю Дзяніс пачаў займацца ў 2018 годзе: выпусціў тады першую песню на верш Бураўкіна. Дарэчы, потым хлопец яго адусюль выдаліў.

Адзін беларускамоўны паэт параіў Дзянісу чытаць рэп, бо гэта «стыль жыцця». Хлопцу гэты каментар запаў у душу – ён з дзяцінства быў фанатам рэпу: «Мае тэксты вельмі палітызаваныя. Я часта закранаю праблемы нашай краіны. Сёлета выпусціў першы альбом. Першы трэк, які я напісаў, «Свабода» – з самым моцным тэкстам, ён найбольш эмацыйны. Я напісаў пра ўсё, што адбывалася з мінулага лета да гэтага часу. Сутнасць трэку – як пахне свабода для беларусаў».

Іншая важная частка творчасці Дзяніса – ягоныя пачуцці: «Я шмат пісаў пра эміграцыю, пра паўгода без каханай жонкі. Я лічу, што пра такія рэчы трэба больш казаць! Асабліва праз тое, што чалавек у дэпрэсіі спрабуе забіць эмоцыі наркотыкамі ды алкаголем. Таму мой альбом – гэта ў пэўным сэнсе эмігранцкая эпапея».

Фота: Белсат

Пераезд

Пераезд у Польшчу не быў звязаны толькі з палітычнаю сітуацыяй. Дзяніс прызнаецца, што даўно хацеў папрацаваць там, да таго ж ягоны добры сябар даўно жыў у Познані: «З’язджаў я ў вельмі цяжкай сітуацыі. Мая сяброўка толькі вярнулася з турмы, і я літаральна адразу з’ехаў. З’язджаў са слязамі ў вачах, нібыта сам сабе здрадзіў. Тады шмат сяброў было за кратамі, але перамога падавалася вельмі блізкаю…»

Спачатку Дзяніс пераязджаў сам, і толькі праз паўгода да яго далучылася жонка Юлія: «Я думаў, што вярнуся ў Беларусь у сакавіку адсвяткаваць свае народзіны і Дзень Волі, але лёс вызначыў інакш. За два дні да меркаванага прылёту да маіх бацькоў прыйшлі з ператрусам – завялі крымінальную справу за хуліганства. Суддзю, які ўлетку даў нам штраф, сапсавалі аўтамабіль – падумалі на мяне, хоць я той час увогуле быў у Польшчы!»

Цяжкасці эміграцыі

Першыя месяцы пасля пераезду Дзяніс правёў у дэпрэсіі: «Апошні кліп і трэк выпусціў 8 жніўня, а пасля зрабіў паўзу на паўгода, літаральна да вясны 2021-га. Не мог нічога рабіць, толькі працаваў, каб былі грошы на жыццё. У галаве была думка: трэба з’ехаць, здацца і сядзець са знаёмымі ў турме, чым чытаць, як кагосьці забіраюць і забіваюць. У дадатак побач са мной амаль паўгода не было каханай жонкі. Але потым я зразумеў, што можна быць карысным нават з-за мяжы».

Фота: Белсат

Першы час у Польшчы Дзяніс працаваў у роварнай дастаўцы ды жыў разам з сябрам у двухпакаёвай кватэры. Кажа, што ў Польшчы заробкі хоць і вышэйшыя, але выдаткі значна большыя:

«Мне ўдалося менш як за год стаць на ногі, цяпер мой даход большы за любыя грошы, што я зарабляў у Беларусі. Вось ужо і ў дастаўцы катацца не трэба: я пазнаёміўся з класнымі людзьмі, якія маюць розныя рэстараны ды бары ў Польшчы, цяпер працую разам з імі. Працы сваёй не саромеўся, наадварот, калі катаешся на ровары, ёсць час на разважанні і падумаць пра сваё жыццё. Такое звычайнае жыццё эмігранта. Шукаеш, дзе зарабіць, эканоміш паўсюль, радуешся маленькім прыгодам».

Топ-5 рэчаў, якія Дзянісу падабаюцца ў Польшчы:

  • Грамадскі транспарт: усё камп’ютарызавана, добра прадумана;
  • Касы самаабслугоўвання ў супермаркетах;
  • Сістэма вышэйшай адукацыі;
  • Зніжкі для студэнтаў;
  • Больш адкрытыя і ветлівыя людзі.

Топ-4 рэчаў, якія Дзянісу не падабаюцца ў Польшчы:

  • Польская ўлада канфліктуе з кіроўнымі інстытутамі Еўразвязу;
  • Невысокая якасць ежы ў танных супермаркетах;
  • Ёсць палякі, якія не любяць мігрантаў;
  • Розніца ў мовах: па-польску «na pewno» значыць «дакладна», а ў беларускай «напэўна» – гэта «можа быць».

Што, паводле Дзяніса, варта памятаць пры пераездзе:

  • На волі ты ў любым выпадку больш карысны, чымся за мяжою, толькі калі ты не Маша Калеснікава;
  • Заўжды ёсць людзі, гатовыя дапамагчы. Трымайся аднадумцаў;
  • Вучы мову заранёў: гэта не толькі спросціць жыццё, але і выража павагу да краіны;
  • Паклапаціся пра дакументы і легалізацыю побыту ў краіне, куды ўцёк або пераехаў;
  • Збірай грошы ды купляй шампанскае, каб усе мігранты і памежнікі ачмурэлі ад колькасці людзей на межах з Беларуссю.

Паслухаць творчасць Дзяніса Мандзіка можна тут.

Гісторыі
«Хачу, каб вінаватых пакаралі». Беларуска – пра тое, як страціла ў СІЗА дзіця
2021.12.22 15:47

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў