Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч: «Няхай гэтыя словы Анёла знойдуць водгук і ў нашых сэрцах, напаўняючы іх надзеяй»


У касцёле св. Сымона і св. Алены. 25 снежня 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся з калядным пасланнем да беларускіх католікаў. Яго словы перадае Catholic.by:

«Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!

У вігілійны вечар, апраменены святлом Бэтлеемскай зоркі, віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй Нараджэннем Хрыстовым! Сын Божы, якога дзве тысячы гадоў таму чалавецтва сустрэла яслямі ў хляве, няхай цяпер знойдзе ў сэрцы кожнага з вас утульнае месца сваёй прысутнасці ў гэтым свеце. Няхай Ён апраменьвае сваім святлом кожны закуток вашага жыцця, напаўняе сваім спакоем і адорвае радасцю. Толькі тады мы зможам жыць у згодзе і паразуменні, знаходзячы выйсце са складаных сітуацый, якімі так шчодра апошнім часам надзяляе нас лёс.

«Не бойцеся, абвяшчаю вам вялікую радасць <…>, нарадзіўся вам сёння Збаўца!»

(Лк 2, 10).

Няхай гэтыя словы Анёла, скіраваныя калісьці да бэтлеемскімскіх пастушкоў, знойдуць водгук і ў нашых сэрцах, напаўняючы іх надзеяй і даверам да бязмежнай і міласэрнай Божай Любові, якая асаблівым чынам атуляе сёння ўвесь свет. Няхай яна ўчыніць сёння нашыя сэрцы здольнымі да прабачэння, каб белая аплатка, якой мы будзем дзяліцца з бліжнімі пры вігілійным стале, стала дзейсным знакам паяднання. Легенда сцвярджае, што ў гэтую ноч нават жывёла размаўляе чалавечым голасам. Няхай і нам сёння хопіць пакоры працягнуць руку да прымірэння і ад усяго сэрца дараваць крыўды.

Няхай Божае Нараджэнне напоўніць вашае жыццё шматлікімі ласкамі, няхай стане крыніцай сапраўднай радасці і надзеі, а нашую краіну атуліць апекай Беззаганнай Маці і Яе святога Абранніка Юзафа!

Божае добраслаўленне няхай спадарожнічае вам падчас гэтых святаў і на працягу ўсяго надыходзячага Новага, 2022 года!

Радаснага Свята і шчаслівага Новага года!»

У касцёл Святога Сымона і Святой Алены ўжо прыйшлі вернікі, трансляцыю імшы можна глядзець на YouTube. За набажэнствамі ў Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі можна назіраць тут. Таксама можна паслухаць імшу на радыё «Марыя».

Інтэрв’ю
Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі б Хрыстос нарадзіўся ў Беларусі – нарадзіўся б за кратамі»
2021.12.25 00:35

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў