Суд над актывістамі прафсаюзаў і 20 гадоў калоніі для анархіста. Рэпрэсіі за 25 лістапада


Больш за два гады ў Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Амаль не бывае дня без навінаў пра новыя затрыманні, суды або катаванні палітвязняў. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін дзень 25 лістапада.

25 лістапада МУС чарговы раз абнавіла спіс «экстрэмістаў» – у яго дадалі яшчэ 178 чалавек. Большая частка з іх – асуджаныя паводле арт. 342 і 369 Крымінальнага кодэксу, якія цяпер «адбываюць пакаранне». Цяпер у cпісе 2059 чалавек

У Менску пачаўся судовы працэс над актывістамі незалежных прафсаюзаў і палітвязнямі Генадзем Фядынічам, Васілём Берасневым і Вячаславам Арэшкам. Працэс адразу зрабілі закрытым. Іх абвінавачваюць у закліках санкцый (ч. 3 арт. 361 КК), распальванні варожасці (ч. 3 арт 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вячаслаў Арэшка. Крыніца: prisoners.spring96.org

У Менску агучылі прысуд актывісту анархічнага руху, палітвязню Дзмітрыю Дубоўскаму. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 («Хуліганства») і ч. 2 арт. 218 КК («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці») і асудзілі да пяці гадоў калоніі. Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова Дубоўскага асудзілі да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Менску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах.

У Менскім гарадскім судзе агучылі вырак палітвязню, бацьку семярых дзяцей Максіму Лацунцэвічу за каментары па «справе Зельцара». Яго прызналі вінаватым паводле арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы»), а таксама паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 беларускіх рублёў).

Гарадзенскага стаматолага-артапеда, медыка-санітарнай часткі «Горадня Азот» Аляксандра Дураева асудзілі на тры гады калоніі. Суд над ім доўжыўся амаль пяць месяцаў. Мужчыну судзілі за тое, што ён каля 50 разоў у сацыяльных сетках абразіў прадстаўнікоў улады і непасрэдна Лукашэнку. Апроч гэтага, некаторыя выказванні медыка палічылі паклёпам на Лукашэнку.

24 лістапада ГУБАЗіК правёў «аблаву» ў Паставах. Паведамляецца, што ператрусы прайшлі ў мінімум 11 чалавек. Сярод затрыманых Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка, Сяргей Ляўко. У Дзіковіча быў ператрус яшчэ ў пачатку 2021 года, ён быў у статусе падазраванага за нейкі каментар у тэлеграме. Супраць часткі затрыманых маглі быць распачаты крымінальныя справы.

Hавiны
На маці загінулага байца палка Каліноўскага завялі крымінальную справу
2022.11.25 16:10

Журналістку незалежнага рэгіянальнага выдання «Ганцавіцкі час» Ірыну Дамарацкую выклікалі ў міліцыю за крытычную публікацыю пра прыватнае прадпрыемства, дзе супрацоўнікам затрымлівалі заробак. У выніку Ірына так і не здолела даведацца, што канкрэтна парушыла. Затое ў Ганцавіцкім РАУС яе падрабязна распытвалі, не толькі пра тое, як узнікла тэма пра затрымку заробку, але і на якой падставе працуе сайт «Ганцавіцкі час».

Палітвязню Івану Зянько, якога раней двойчы судзілі па «пратэсных» справах, дадалі яшчэ год зняволення. 9 лістапада 40-гадовага вязня асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Гэта ўжо трэці суд над Іванам за два гады знаходжання за кратамі.

У РУП «Віцебскэнерга» 25 лістапада прыходзілі сілавікі з ператрусам да начальніцы аддзелу бухгалтарскага ўліку і эканамічнага планавання. Адразу яе забралі ў КДБ, а потым арыштавалі на 15 содняў і змясцілі ў ІЧУ. Яе прозвішча высвятляецца.

Сілавікі затрымалі вядучага інжынера «Менскэнерга» – яго абвінавачваюць у перадачы персанальных звестак больш за 500 службовых асоб. Яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК за распальванне варажнечы, здзейсненай групай асоб.

У Магілёве ГУБАЗіК прымусіў затрыманага жыхара Бабруйску, які нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, на «пакаянным» відэа прасіць прабачэння, трымаючы ў руках партрэт чэкіста Дзяржынскага.

Hавiны
Прафсаюзнаму лідару і палітвязню Аляксандру Ярашуку прад’явілі новае абвінавачанне
2022.11.25 16:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў