Офіс Святланы Ціханоўскай падвёў вынікі візіту ў Канаду


Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская зладзіла афіцыйны візіт у Канаду. Офіс падводзіць вынікі гэтай паездкі.

Падчас візіту ў Канаду Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Жустэнам Трудо, а таксама кіраўнікамі Міністэрства замежных справаў, Міністэрства абароны, спікерам Сенату, выступіла перад дэпутатамі, экспертнай супольнасцю, студэнтамі.

Акрамя гэтага Святлана Ціханоўская мела сустрэчу з Івонкай Сурвілай, старшынёй Рады БНР, і выступіла ў дыскусіі на Міжнародным форуме ў Гэліфаксе.

Па выніках візіту Канада ўвяла санкцыі супраць 22 чыноўнікаў і 16 кампаніяў з Беларусі за падтрыманне вайны супраць Украіны. Сярод тых, хто трапіў пад санкцыі, – «Белтэлерадыёкампанія», «Белнафтахім», «557-ы авіярамонтны завод», «Сінэзіс», «Брэміна», Прэзідэнцкі спартовы клуб, а таксама Азаронак, Гладкая, Баскін, Галоўчанка, Вальфовіч, Алексін, Кубракоў і сам Лукашэнка.

Канада будзе ўздымаць пытанне Беларусі ў G7, АБСЕ і ААН, каб не дапусціць паглынання Беларусі Расеяй, а таксама паспрабуе прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за тэрор у Беларусі і ваенныя злачынствы супраць Украіны.

На сустрэчы з Івонкай Сурвілай абмеркавалі неабходнасць падтрымліваць беларускую дыяспару – як у Канадзе, так і па ўсім свеце, а таксама важнасць супольных захадаў дзеля абароны беларускай незалежнасці.

Ціханоўская прапанавала Канадзе разгледзець магчымасць запуску і падтрымання рэабілітацыйнай праграмы для дзетак палітвязняў паводле прынцыпу чарнобыльскіх праграмаў і стажыровак ды стыпендыяў для беларусаў. Ціханоўская папрасіла Канаду забяспечыць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне неабходнымі зімовымі рэчамі і абсталяваннем.

Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым Лукашэнкі спонсарам тэрарызму, а КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, і таксама арганізаваць слуханні аб Беларусі ў абедзвюх палатах парламенту.

Hавiны
Святлана Ціханоўская наведвае Канаду. Гэта яе першы візіт у краіну
2022.11.19 16:00

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў