Чорная пятніца-2022. Што пра яе вядома


З «Чорнай пятніцы», якая сёлета выпала на 25 лістапада, пачынаецца сезон распродажу з вялікімі зніжкамі. Справа адным днём не абмяжуецца. Сабралі цікавыя факты пра гэтую традыцыю і даём некалькі рэкамендацый, як не стаць ахвярай махляроў.

Адкуль прыйшла «Чорная пятніца»

Гэта традыцыя мае амерыканскае паходжанне. «Чорная пятніца» – наступны дзень пасля Дня падзякі. Паколькі гэтае свята ў ЗША адзначаюць у чацвёрты чацвер лістапада, то дзень вялікіх зніжак выпадае ў прамежак з 23 па 29 лістапада. У Амерыцы з «Чорнай пятніцы» пачынаецца сезон каляднага распродажу.

Першыя распродажы ў гэты дзень пачалі ладзіць у XIX стагоддзі, а тэрмін «Чорная пятніца» зʼявіўся ў 1966 годзе і спачатку ўжываўся на Усходнім узбярэжжы ЗША. У амерыканскім у горадзе Філадэльфія, штат Пенсільванія, пятніцу за Днём падзякі назвалі «чорнай», бо чорна было на дарогах з-за моцных коркаў і затораў. Іншая версія звязана з рэакцыяй паліцыянтаў на гэты дзень – заторы, масавыя скапленні пакупнікоў, цісканіна і бойкі – чым не «чорны дзень»?

А яшчэ такая пятніца была «галаўным болем» для наймальнікаў ад мноства прагулаў, адпрошванняў і «хвароб» работнікаў кампаній, якія хацелі такім чынам дадаць да выходных у чацвер, суботу і нядзелю яшчэ і непрацоўную пятніцу, тым болей, што паўсюль распродажы.

Сучасная трактоўка гэтага тэрміна ў англійскай мове больш пазітыўная – звязана з ідыёмай са слэнгу бухгалтараў «in the black» (гэта значыць «станоўчы баланс грашовага рахунку», у супрацьлегласць «in the red», што значыць адмоўны баланс на рахунку). І сапраўды, многія прадаўцы «выйдуць у плюс» у гэты дзень.

Цікава, што ў «Чорную пятніцу» крамы ў Амерыцы працуюць не толькі са зніжкамі ад 50 да 80%, але і больш працяглы час, чым звычайна. Распаўсюдзілася практыка адчыняць крамы ў гэты дзень з 5 раніцы, а крамы найбуйнейшыя гандлёвых сетак адчыняюцца апоўначы. Для першых пакупнікоў на абмежаваную колькасць тавараў зніжкі могуць даходзіць да 90%. Не дзіва, што шматтысячныя натоўпы, здараецца, руйнуюць усё на шляху да жаданай рэчы па звыш таннай цане.

«Чорная пятніца» на Еўрапейскім кантыненце

Першапачаткова дзень вялікага распродажу ладзілі ў ЗША і Канадзе, затым «Чорная пятніца» прыйшла ў Вялікую Брытанію і толькі потым перакінулася на еўрапейскі кантынент, дзе да таго распродажы пачыналіся на некалькі тыдняў пазней, у перадкалядны перыяд. З пачатку 2010-х гадоў гэта з’ява набыла амаль сусветны размах. У Польшчы з 2011 года «Чорнай пятніцай» пачынаецца сезон распродажу, які цягнецца да Раства. У 2013 годзе «Чорная пятніца» упершыню стала агульнаеўрапейскай.

У Беларусі і Расеі камерцыйныя арганізацыі таксама ладкуюць у гэты дзень даволі вялікія зніжкі – 25-40, а здараецца і больш працэнтаў. Цікава, што менавіта ў былых савецкіх краінах хутка прыжылася практыка называць «Чорнай пятніцай» не толькі некалькі дзён у лістападзе, але любы дзень ці перыяд небывалых зніжак. Таму ў Менску ці Маскве ўбачыць абʼявы пра «Чорную пятніцу» можна у любую пару года. Але за сапраўднымі зніжкамі тыя ж беларусы ўсё ж такі едуць да еўрапейскіх суседзяў.

Жанчына сталага ўзросту выходзіць з крамы. Менск, Беларусь. 1 чэрвеня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

«Чорная пятніцаʼ2022» і «Кібер-панядзелак»

«Чорная пятніца» сёлета выпала на 25 лістапада. І яна не абмяжуецца адным днём. Звычайна крамы прапаноўваюць зніжкі таксама ў суботу і нядзелю. Праўда, інфармацыя пра нядзелю неактуальная, напрыклад, для Польшчы, дзе 27 лістапада большасць крамаў будуць закрытыя, падпарадкоўваючыся мясцоваму заканадаўству. Пры гэтым некаторыя буйныя гадлёвыя сеткі будуць працаваць. Ну а 28 лістапада ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Польшчы, будзе так званы «Кібер-панядзелак, калі распродажы будуць працягнены, толькі ўжо не ў звычайных, а ў інтэрнет-крамах. Некаторыя буйныя сеткі аб’явілі замест пятніц «Чорны тыдзень».

У Польшчы «Чорна пятніца» называецца «Czarny Piątek» і заўважныя зніжкі на некалькі дзён выстаўляюць на ўсё – ад касметыкі да бытавой тэхнікі. У распродажы удзельнічаюць і буйныя сеткі харчовых тавараў, таму нават на ежы можна зэканоміць.

Важна, што не гледзячы на вялікія зніжкі, на пакупкі падчас «Чорнай пятніцы» у краінах Еўразвязу распаўсюджваецца сістэма ТаксФры. Але для гэтага трэба «атаварвацца» у крамах, пазначаных адпаведнай таблічкай, належным чынам аформіць тавар у касе крамы і зрабіць адпаведную адзнаку пры праходжанні мытні на мяжы.

Як абараніцца ад махляроў у «Чорную пятніцу»

Адным з найбольш распаўсюджаных спосабаў, якім бывае карыстаюцца і даволі паважаныя крамы і гандлёвыя сеткі, зʼяўляецца «ілжывыя зніжкі», калі на цэнніку малююць зніжку, «грандыёзнасць» якой раскрываецца ў параўнанні са звычайнай, больш высокай цаной. Але можа стацца, што па большай высокай цане той тавар нават і не прадаваўся. Разлік робіцца на магію «распродажавых цэннікаў». Ёсць спецыяльныя сэрвісы, якія дапамагаюць спраўдзіць велічыню зніжкі і паглядзець, якой была цана цягам месяца ці года.

З махлярствам можна сутыкнуцца асабліва пры набыцці тавараў праз інтэрнэт. Махляры ствараюць фальшывыя сайты і старонкі. Тут парада адна – карыстацца толькі праверанымі інтэрнэт-крамамі і ўводзіць дадзеныя карткі толькі праз абароненыя інтэрнэт-злучэнні.

Лічбы «Чорнай пятніцы» у ЗША

Статыстыка паказвае, што каля 20% усяго рознічнага гандлю ў ЗША здзяйсняецца ў перыяд паміж «Чорнай пятніцай» і Раством. Нацыянальная федэрацыя рознічнага гандлю ЗША (NRF) рэгулярна публікуе дадзеныя продажаў у гэтыя дні. Сукупная колькасць пакупнікоў на перадкалядных распродажах у ЗША ў апошнія гады перавышала 200 мільёнаў чалавек, а сярэдні чэк – каля $ 400. Але «Чорная пятніца» дае ільвіную долю святочных продажаў.

Паводле штогадовага апытання, якое праводзіць сумесна NRF і «Prosper Insights & Analytics», сёлета ў ЗША каля 166,3 мільёнаў чалавек планавалі здзяйсняць пакупкі ў перыяд з Дня падзякі да «Кібер-Панядзелка». Гэтая лічба амаль на 8 мільёнаў чалавек больш, чым у мінулым годзе, і з’яўляецца самай высокай з таго часу, як NRF пачаў адсочваць гэтыя дадзеныя ў 2017 годзе.

«Чорная пятніца» па-ранейшаму застаецца ў ЗША самым папулярным днём для пакупак: 69% (114,9 млн) плануюць здзейсніць пакупкі ў гэты дзень, за імі ідуць 38% (63,9 млн) асобаў з планамі на «Кібер-Панядзелак». Сярод 114,9 мільёнаў пакупнікоў, якія абралі «Чорную пятніцу», 67% заявілі, што плануюць адправіцца ў крамы.  У 2021 годзе такіх было 64%, астатнія набывалі он-лайн.

Інтэрнэт-пошук (43%) застаецца для амерыканцаў самай папулярнай крыніцай натхнення для падарунка, за ім ідуць сябры і сямʼя (35%) і рознічная крама (31%). Пяць асноўных катэгорый падарункаў, якія амерыканскія спажыўцы плануюць падарыць, – гэта адзенне (55%), затым падарункавыя карты (45%), цацкі (37%), кнігі/музыка/фільмы/відэагульні (33%) і ежа/цукеркі (31%).

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў