Звальненні за «Жыве Фландрыя»: у Віцебскім тэатры не працягнулі кантракты траім акторам


Як стала вядома «Белсату», у Віцебскім тэатры ім.Якуба Коласа, дзе звальняюць дырэктара пасля воклічаў «Жыве Фландрыя» у прэм’ерным спектаклі, не працягнулі кантракты таксама траім акторам.

Імёны актораў, якіх звальняюць з тэатру ўслед за дырэктарам Аляксандрам Старых: Анжаліка Баркоўская, Юлія Крашэўская, Арцём Герак. З 2 студзеня 2022 году яны застаюцца без працы.

Напярэдадні стала вядома, што з 1 снежня не працягнулі кантракт з дырэктарам тэатру Аляксандрам Старых, які займаў гэтую пасаду з 2014 году.

Hавiны
У Віцебску за выказванне «Жыве Фландрыя» забаранілі спектакль
2021.11.23 17:26

21 лістапада ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск) адбылася прэм’ера спектаклю «Тыль». Спектакль паставілі паводле п’есы драматурга Рыгора Горына, напісанай на падставе раману бельгійскага пісьменніка Шарля Дэ Кастэра «Тыль Уленшпігель». Твор распавядае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў 16-м стагоддзі.

На пастаноўцы былі кіраўнікі Віцебшчыны і прадстаўнікі Мінкульту. Як кажуць артысты, чыноўнікам спектакль не спадабаўся. Асаблівае раздражненне ў іх выклікалі выкарыстанне на сцэне чырвоных стужак і воклічы са сцэны «Жыве Фландрыя!».

У выніку спектакль знялі з рэпертуару, а наступны паказ, запланаваны на 11 снежня, адмянілі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў