«З левай зарадзіў троху». Кіберпартызаны выклалі размову міліцыянтаў пра збіццё жанчыны ў Жодзіне


Кіберпартызаны прадставілі belsat.eu запіс тэлефоннай размовы паміж першым намеснікам начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Віталём Казловым і пакуль што нераспазнаным супрацоўнікам МУС з Жодзіна. Размова адбылася 13 верасня 2020 года – адразу пасля таго, як адзін з жодзінскіх міліцыянтаў ударыў кулаком у твар удзельніцу мірнага пратэсту. Прозвішча «баксёра» ўжо вядомае.

Скрын з відэа тэлефоннай размовы

«Карацей, баба там падбегла, пачала на відэа здымаць, тэлефонам у твар, і ён з левай зарадзіў троху, ударыў, калатнеча пачалася», – дае справаздачу вышэйшаму начальству жодзінскі міліцыянт.

«Так, следча-аператыўная группа, што там, справу трэба распачынаць. Што яны нападаюць на супрацоўнікаў!» – чуе ў адказ ад намесніка начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталя Казлова.

З размовы вынікае, што падчас акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, які пасігналіў пратэстоўцам. Паводле тлумачэнняў міліцыянта, «натоўп рынуўся да машыны», а даішнікі папрасілі дапамогі, каб адціснуць людзей. Падчас гэтага і адбыўся інцыдэнт з жанчынай. Адзін з міліцыянтаў кулаком ударыў жанчыну ў твар, тая ўпала.

Як стала вядома кіберпартызанам, «баец», які збіў жыхарку Жодзіна, – участковы інспектар міліцыі Мікалай Бараноўскі. З ранейшых выцекаў стала вядома, што ён былы баксёр.

Відэа прадстаўлена рэдакцыі «Белсату» Кіберпартызанамі

Віталь Казлоў загадвае знайсці жанчыну і распачаць адміністратыўны працэс. У канцы размовы міліцыянт з Жодзіна дакладвае, што «мадамку» знайшлі ў прыёмным пакоі лякарні з пашкоджаннямі цела: мяккіх тканак, правага каленнага сустава, расцяжэнне звязак каленнага сустава.

«Усё, усё, разбірайцеся. Пакуль садзіць яе не трэба. Апытаць – трэба… Устанавіць і нармальна да «Тэлеграму» падрыхтаваць», – дае загад свайму падначаленаму намеснік начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталь Казлоў.

Новы выцек кіберпартызанаў – інфармацыя, здабытая падчас спецаперацыі «Спёка». 13 верасня 2020 года ў Беларусі праходзіў Марш герояў, падчас якога затрымалі больш за 400 пратэстоўцаў. Вольга Чамаданава, на той момант прэс-сакратар МУС РБ, наконт інцыдэнту са збіццём жанчыны ў Жодзіне заявіла тады, што гэта было «ўжыванне фізічнай сілы для самаабароны».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў