Як ГУБАЗіК рыхтаваў фэйкавы тэракт на Дзень Волі. Новае расследаванне «ByPol»


Ініцыятыва былых сілавікоў «ByPol» апублікавала расследаванне, прысвечанае фэйкаваму тэракту на Дзень Волі 2021 года, у арганізацыі якога рэжым Лукашэнкі абвінаваціў лідараў апазіцыі. Паводле інфармацыі «ByPol», тэракт насамрэч рыхтаваўся пры ўдзеле ГУБАЗіКу. Belsat.eu распавядае, што стала вядома з гэтага расследавання і ў якіх яшчэ гучных справах маюцца прыкметы правакацыяў.

Падзеі, пра якія распавядаецца ў расследаванні «ByPol», адбыліся ў сакавіку. 24 сакавіка «ByPol» абвесціў, што атрымаў інфармацыю пра рыхтаванне тэракту ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў сіламі Камітэту дзяржбяспекі. Мэта – дыскрэдытаваць пратэставы рух. Аднак 26 сакавіка ў МУС Беларусі самі заявілі пра перадухіленне тэрактаў. Затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёну Вячаслава Малейчука, які нібыта меў намер падарваць дзве самаробныя выбухоўкі (адну – у Менску на дзіцячай пляцоўцы, другую – каля вайсковай часткі ў Печах). Апазіцыйных палітыкаў Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку, а таксама шэраг былых сілавікоў, звязаных з ініцыятываю «ByPol», улады абвесцілі тэрарыстамі.

Афіцыйная версія гучала так: нібыта прадстаўнікі «ByPol» ананімна праз інтэрнэт далі выпадковаму чалавеку загад здзейсніць тэракты. Прычым сам мужчына не меў ніякіх навыкаў у выбуховай справе, а дапамог яму стварыць бомбу нейкі невядомы грамадзянін, з якім ён пазнаёміўся ў тэлеграм-чаце «Менск 97».

Што стала вядома з расследавання «ByPol»

Паводле інфармацыі «ByPol», «тэракт» у Печах і Менску з самога пачатку рыхтаваўся з удзелам ГУБАЗіКу. У сваіх паказаннях пасля арышту Маляйчук распавядаў, што дзеяў не адзін, а разам з нейкім Яўгенам. Менавіта з ім Маляйчук камплектаваў вогнетушыцель піратэхнічным порахам, разам яны ехалі ў Печы (прычым якраз Яўген паказваў дарогу), разам яны планавалі падпаліць зарад і зняць акцыю на відэа. Пры гэтым пра затрыманне Яўгена сілавікі нічога не паведамлялі, у «тэрарыстычны спіс» КДБ яго не залучылі.

«ByPol» сцвярджае, што гаворка пра 37-гадовага Яўгена Прахарэвіч, завербаванага ГУБАЗіКам жыхара Барысава. Раней «Еўрарадыё» ўжо паведамлялі, што Маляйчук пазнаёміўся з Яўгенам у папраўчай калоніі (Прахарэвіч сядзеў за махлярства, Маляйчук – за крадзеж) і трапіў пад ягоны ўплыў. Пасля вызвалення яны падтрымлівалі шчыльныя стасункі, сябравалі, называлі адзін аднаго братам.

Яўген мусіў сядзець у калоніі аж да жніўня 2022 года, але яму замянілі пакаранне на «хатнюю хімію». Паводле «ByPol», адпусцілі яго менавіта праз тое, што ён пагадзіўся стаць агентам ГУБАЗіКу.

У расследаванні сцвярджаецца, што аперацыяй рыхтавання фэйкавага тэракту кіраваў падпалкоўнік ГУБАЗіКу Дзяніс Чамаданаў. Як вынікае з запісаў тэлефонных размоваў, атрыманых кіберпартызанамі, Чамаданаў асабіста дамаўляўся з начальнікам Упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці Сяргеем Нікелем , каб Яўгена Прахарэвіча ў сакавіку 2021 года адпусцілі з-пад нагляду крымінальна-выканаўчай інспекцыі Барысаўскага РАУС для камандзіроўкі ў Менск на «курсы павышэння кваліфікацыі».

Працаўнікі ГУБАЗіКу, якія, паводле звестак «ByPol», рыхтавалі фэйкавы тэракт. Скрыншот: BYPOL – объединение силовиков Беларуси / YouTube

«ByPol» прыходзіць да высноваў, што супрацоўнікі ГУБАЗіКу праз Яўгена Прахарэвіча падбілі Малейчука на радыкальныя дзеянні, кантралявалі яго пры дапамозе свайго агента, самі перадалі макеты выбуховых прыладаў, а потым затрымалі. У «ByPol» падкрэсліваюць: такія дзеянні сілавікоў ёсць правакацыяй злачынства, што прадугледжвае крымінальную адказнасць паводле арт. 426 Крымінальнага кодэксу («Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў»).

Дзе яшчэ былі заўважаныя прыкметы правакацыяў

Апісаная «ByPol» схема правакацыі мае агульныя рысы з шэрагам гучных справаў, калі беларускія спецслужбы заяўлялі пра перадухіленне тэрактаў ці замахаў і вінавацілі ў гэтых дзеяннях апазіцыю.

Артыкулы
«Ніхто не верыць, што Дзіма мог на такое пайсці». Размова з жонкай абвінавачанага ў нападзе на Азаронка
2021.09.27 15:30

Найбольш яскравы прыклад – «справа ОГСБ». У чэрвені 2021 года ўлады заявілі, што праз Telegram-канал «Отряды гражданской самообороны Беларуси» (пазней яго прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй) нібыта рыхтаваліся радыкальныя акцыі. У прапагадысцікім фільме ОНТ «20 TERROR 21» распавядалася, што «сур’ёзныя, радыкальныя тэмы» сталі абмяркоўвацца ў чаце ОГСБ у канцы сакавіка – пачатку красавіка 2021 года. А ўжо з з сярэдзіны красавіка, як сцвярджаюць у КДБ, «інфармацыйны рэсурс кантраляваўся за кошт укаранення ў гэты чат супрацоўнікаў пад выглядам удзельнікаў».

У выніку Камітэт дзяржбяспекі абвінаваціў ОГСБ у правядзенні трох радыкальных акцыяў: спробе падпаліць лесанарыхтоўчую тэхніку, спробе падарваць расейскі вузел сувязі «Вялейка» і спробе напасці на прапагандыста Грыгорыя Азаронка. Усе яны рыхтаваліся пры актыўным удзеле ўкаранёных агентаў КДБ і мелі кантраляваны, пастановачны характар.

Чалавек у бардовай байцы, які спрабуе схапіць Азаронка, – агент КДБ. Дзмітрый Сасноўскі (у чорнай байцы), якога затрымаюць праз секунду, нават не паспеў павярнуцца ў бок прапагандыста. Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

Напрыклад, менавіта ўзброены чэкіст распачаў штурханіну з Азаронкам. А Дзмітрый Сасноўскі, якога Лукашэнка назваў галоўным выканальнікам нападу, на момант затрымання нават не паспеў падысці да прапагандыста і ніякай зброі з сабой не меў. Кіроўца, які прывёз Сасноўскага і кадэбэшніка на месца, мяркуючы па ўсім, таксама быў працаўніком спецслужбаў. Як вынікае з фільму ОНТ, з агента КДБ пачынаецца і само рыхтаванне нападу на Азаронка: менавіта да кадэбэшніка звярнуўся таямнічы адміністратар каналу Дзяніс Хромаў, а Сасноўскага даюць сілавіку ўжо ў якасці напарніка.

Аналітыка
Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»
2021.09.29 19:09

Аналітыкі выказвалі меркаванне, што правакацыя мела месца і ў справе «вайсковага перавароту», у рыхтаванні якога абвінавацілі паліткансультанта Аляксандра Фядуту, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і адваката Юрыя Зянковіча. Як паведамлялася ў заяве ФСБ Расеі, Зянковіч і Фядута зарганізавалі абмеркаванне ўзброенага мяцяжу ў прыватных чатах і сустракаліся ў Маскве з «апазіцыйна настроенымі генераламі» Узброеных сілаў Беларусі.

Але насамрэч ніякіх «апазіцыйна настроеных генералаў» не існавала, гэта былі супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў, якія выдавалі сябе за генералаў. «Мы кантралявалі кожны іхны крок», – прызнаваўся Лукашэнка. Выглядае на тое, што Зянковіча і Фядуту проста падштурхнулі да тэарэтычных размоваў пра «вайсковы пераварот», зарганізаваць які яны не мелі аніякай магчымасці.

Меркаванні
Сюжэт з замахам на правадыра
2021.04.19 18:44

Выклікае пытанне і «справа пяцёркі». У лютым 2021 года Ягора Яўстратава, Паўла Сахарчука, Арцёма Анішчука, Андрэя Нячыпара і Антона Быкоўскага пакаралі зняволеннем на тэрмін ад 2 да 6 гадоў за тое, што яны пракалолі апоны, залілі мантажнаю пенаю дзвярныя праёмы і залілі фарбаю кодаўб аўтамабіля працаўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў Аляксандра Гейца. Якраз у момант псавання машыны і адбылося затрыманне – на стаянцы іх чакала засада сілавікоў.

Як высветлілася на судзе, абвінавачаныя былі ўдзельнікамі тэлеграм-чату, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне і метады супраціву незаконным дзеянням сілавікоў. На знак пратэсту супраць гвалту і катаванняў над мірнымі пратэстоўцамі менчукі пастанавілі пашкодзіць машыну міліцыянта. У абмеркаванні і ў самой акцыі бралі ўдзел агулам 9 асобаў, але на лаве падсудных аказаліся пяцёра, астатнія фігуруюць як «неўстаноўленыя асобы». Абвінавачваныя сцвярджалі, што гэта былі сілавікі, якія ў іхнай кампаніі фактычна выконвалі ролю правакатараў і падбухторвалі да больш рашучых дзеянняў, каб потым арыштаваць.

Hавiны
«Пастаянна ўжываліся катаванні». Як адбываюць пакаранне фігуранты справы пра пашкоджанне аўта працаўніка ДВП
2021.06.10 10:10

РР belsat.eu

Стужка навінаў