«Справа дэфектная». Начальнік віцебскай «хіміі» не можа вылічыць, калі трэба вызваляць Ігара Банцэра


У рэдакцыю «Белсату» трапіў дакумент, які начальнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 9 у Віцебску, дзе адбывае тэрмін палітычны вязень і музыка Ігар Банцэр, накіраваў у суд. У паперы ён называе «справу Банцэра» дэфектнай і не можа дакладна вызначыць даты вызвалення.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

«Справа дэфектная, у сувязі з чым заканчэнне тэрміну адбывання вызначыць не ўяўляецца магчымым», – адзначае начальнік віцебскай «хіміі» ў заяве ў суд.

Паводле дакументу, Ігар Банцэр пачаў адбываць тэрмін 17 чэрвеня 2021 года. У адбыты залічваецца тэрмін затрымання – 20–21 кастрычніка 2020 года, а таксама тэрмін утрымання пад вартаю – з 22 кастрычніка да 19 сакавіка сёлета.

Дакумент, дасланы начальнікам віцебскай «хіміі» ў суд

Ігару Банцэру засталося сядзець менш за месяц. Аднак ціск на яго не спыняецца. Са жніўня за ўвесь час «хіміі» актывіст правёў у штрафным ізалятары 60 содняў. На знак пратэсту ён неаднаразова абвяшчаў галадоўкі. За нібыта парушэнні рэжыму віцебскі суд прызначыў яму больш жорсткае пакаранне і хацеў адправіць у калонію. Але гэты прысуд быў адменены.

Сёння стала вядома, што Ігара Банцэра зноў кінулі ў ШІЗА на 10 содняў – нібыта за відэа з «хіміі», выкладзенае ў сеціва, якое палітвязень сам паказаў міліцыянтам.

Артыкулы
Гарадзенскага музыку і палітвязня Ігара Банцэра ўсё ж не адправяць у калонію
2021.11.24 19:09

19 сакавіка 2021 года музыку асудзілі на паўтара года «хіміі» за вулічны перформанс – танец без штаноў перад міліцэйскім аўтамабілем пасля прэзідэнцкіх выбараў. Беларускія праваабаронцы прызналі Банцэра палітычным вязнем.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў