Прызначаная дата пачатку суду над блогерам Эдуардам Пальчысам


Блогер Эдуард Пальчыс. Фота belsat.eu

Суд над блогерам Эдуардам Пальчысам мае пачацца 6 снежня ў 10.00. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведамляе Антон Матолька.

Працэс пройдзе ў Менскім гарадскім судзе.

Нагадаем, што супраць Пальчыса выставілі чатыры артыкулы:

  • «Распальванне варожасці групай асобаў з цяжкімі наступствамі» – ч. 3 арт. 130 КК РБ;
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў» – ч. 1 арт. 293 КК РБ.
  • «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – ч. 1 арт. 342 КК РБ.
  • «Заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» – ч. 3 арт. 361 КК РБ.

СК сцвярджае, што «злачынная дзейнасць» Пальчыса пачалася яшчэ ў 2016 годзе. Пры тым Пальчыс на самай справе яшчэ з 2014 года вёў гістарычна-палітычны блог «1863x» пад псеўданімам Jhon Silver. У траўні 2015 года яго затрымалі, прымусова змясцілі ў псіхіятрычную лякарню. Праз месяц яго вызвалілі, у студзені 2016 года зноў затрымалі (ужо ў Расеі), асудзілі на год і 9 месяцаў абмежавання волі за «распальванне варожасці» і «распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў» (другое – за скрыншоты шавінісцкіх суполак у публікацыі пра гэтыя суполкі), 28 кастрычніка 2016 года вызвалілі ў зале суда, бо адбыў адпаведны час у следчым ізалятары.

Следчы камітэт адкрыта прызнае, што блогера хочуць пакараць за публікацыі:

«Асноўнай зброяй Пальчыса з’яўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках».

Міністэрства ўнутраных справаў, піша СК, ужо ініцыявала прызнанне Telegram-канала Пальчыса «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Эдуард Пальчыс знаходзіцца за кратамі з 27 верасня 2020 года.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў