Праваабаронца Павел Сапелка: Статус палітвязня здымае з чалавека цэтлік злачынцы


З пачатку леташняй прэзідэнцкай кампаніі беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі амаль 900 чалавек. Гэта найвышэйшы паказнік у гісторыі Беларусі. Як адбываецца працэс прызнання асобы палітычным вязнем, што такі статус дае і як доўга краіна можа існаваць у стане прававога дэфолту? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам.

Павел Сапелка, юрыст ПЦ «Вясна», які абараняў інтарэсы многіх апазіцыйных палітыкаў.
Фота: НМ / Белсат

– У Беларусі на пастанову суда зліквідаваныя практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі. Раскажыце, як сёння выглядае праца праваабарончай супольнасці.

– Праца праваабаронцаў не спыняецца, хоць і трансфармавалася ў пэўнай ступені. Калі браць ПЦ «Вясна», то мы праз каронавірус з пачатку 2020 года часткова перайшлі на аддаленую працу. Дзякуючы гэтаму ў нас развіліся дыстанцыйныя формы камунікацыі, вельмі актуальныя сёння: праваабаронцы могуць дапамагаць людзям, дзе б яны ні былі.

Калі НДА пазбавілі рэгістрацыі, ад гэтага найбольш страцілі людзі, для якіх гэтыя арганізацыі працавалі. Шмат у чым страціла і дзяржава, бо рэгістрацыя патрэбная, каб арганізацыя мела субʼектнасць пры камунікацыі з дзяржаўнымі органамі. Камунікаваць жа з людзьмі можна і без рэгістрацыі.

Але ліквідацыя рэгістрацыі – палова бяды. Усё гэта супала з фізічным выцісканнем прадстаўнікоў НДА, праваабаронцаў з Беларусі. Працаваць стала больш складана і небяспечна. Нам увесь час пагражаюць дадатковымі рэпрэсіямі – паводле закону і па-за законам. Аднак на сёння ніводная праваабарончая арганізацыя не заявіла пра спыненне сваёй дзейнасці.

– Якія пытанні сёння ў фокусе праваабаронцаў?

– У «Вясны» яны традыцыйныя: палітычны пераслед, дапамога ахвярам рэпрэсіяў, дакументаванне ды аналіз сведчанняў пра катаванні, маніторынг месцаў зняволення, судовых паседжанняў у палітычных справах. У 2020 годзе сотні чалавек прайшлі праз офіс «Вясны» і далі свае сведчанні пра катаванні за кратамі.

Таксама гэта адукацыйныя праграмы, прававая падтрымка, дапамога ў абскарджанні незаконных рашэнняў дзяржаўных органаў. Мы працягваем і адвакацкую дзейнасць, расказваем на розных пляцоўках, што адбываецца ў Беларусі, пра стан правоў чалавека ў нашай краіне, як гэта адлюстроўваецца на выкананні Беларуссю сваіх міжнародных абавязкаў. Працягваем кампанію «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання».

Фота: НМ / Белсат

У нас таксама дасюль працуе валанцёрская служба «Вясны». Гэты напрамак ужо не такі актыўны і развіты, як увосень 2020 года, але ўсё роўна існуе. Валанцёрства заўсёды мае свой цыкл. Хтосьці застаецца больш шчыльна працаваць у арганізацыі, а хтосьці вяртаецца да свайго мірнага жыцця і згадвае пра валанцёрства як, спадзяюся, нешта добрае.

– Колькасць палітвязняў у Беларусі хутка расце і можа дасягнуць тысячы. Раскажыце, калі ласка, як выглядае працэс прызнання палітычным вязнем. Нешта змянілася?

Гэтая праца вядзецца практычна ў тым жа фармаце, што і раней. Ёсць пэўныя крытэрыі, паводле якіх людзі за кратамі прызнаюцца палітвязнямі. Рашэнне прымаюць некалькі беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Цяпер шмат справаў, у якіх сітуацыя відавочная. Мы бачым крымінальную справу, дзе чалавека вінавацяць паводле артыкулу 342 КК за ўдзел у групавых дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак. То бок за ўдзел у мірных сходах. Ці ў выпадках, калі чалавека прыцягваюць да адказнасці за паклёп на прэзідэнта, за дзеянні ў адносінах да нацыянальных сімвалаў, абразу службоўцаў. Гэтыя людзі дастаткова хутка прызнаюцца палітвязнямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стэнды з партрэтамі палітзняволенага актывіста ды журналіста Анджэя Пачобута і кіраўніцы Саюзу палякаў Анжалікі Борыс у цэнтры Варшавы. 12 кастрычніка 2021 года. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Праблема адна: мы не пра ўсіх ведаем. Хтосьці ўтойвае інфармацыю, хтосьці не ведае, што, калі яго асудзілі паводле пэўнага артыкулу, праваабаронцы могуць прызнаць яго палітвязнем. Таму мы заўсёды заклікаем паведамляць нам гісторыі людзей, якіх мы можам прызнаць палітвязнямі.

Інтэрв’ю
Таццяна Шчытцова: У жыцці мы не змагары і ябацькі, а, напрыклад, проста калегі
2021.10.29 10:30

Ёсць справы, у якіх больш пільна вывучаецца сутнасць абвінавачання, чакаецца вынік суда. Асабліва калі гаворка пра ўжыванне гвалту. Вывучаецца пытанне, ці быў гэты гвалт неабходны для абароны свайго жыцця, здароўя і правоў. Ці ёсць падставы казаць, што гэта быў гвалт у адказ на гвалт з боку сілавікоў.

Калі ідзецца пра заклікі сумнеўнага характару, кшталту распальвання нянавісці, мы таксама вывучаем сітуацыю. Часта заклікі складана назваць заклікамі, гэта, хутчэй, элементы дыскусіі, калі людзі разважаюць, ці можна змяніць грамадства мірным шляхам, калі людзі абмяркоўваюць дзеянні ўладаў і сілавікоў. Бывае дастаткова складана, таму гэтыя пытанні вывучаюцца больш уважліва, не толькі на аснове працэсуальных дакументаў, але і з пазіцыі чалавека, абставінаў.

Часта людзі прызнаюць віну, раскайваюцца перад судом і людзьмі ў балаклавах. І мы цудоўна разумеем, чаго вартыя такія прызнанні: людзі проста ратуюць сваё жыццё. Гэта не можа быць падставаю для нейкіх высноваў. Мы ўлічваем цяперашнюю сітуацыю, калі людзі не могуць атрымаць элементарнай прававой абароны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Некаторыя людзі становяцца палітвязнямі пасля таго, як іх караюць непрапарцыйна дзеянням. Напрыклад, чалавек захоўваў прадметы, якія маюць уласцівасці гаручых рэчываў. Гэта ўяўляе пэўную небяспеку грамадству і караецца законам. Але калі пакаранне занадта жорсткае, і мы бачым, што ў чалавека не было цвёрдых намераў выкарыстоўваць гэтыя прадметы, мы можам прызнаць яго палітычным вязнем, але патрабуем не вызвалення, а перагляду справы і прызначэння адпаведнага, прапарцыйнага пакарання. Каб яго каралі так, як і тых, хто ідзе паводле падобных справаў без палітычнага матыву.

Тое ж датычыць сітуацыяў, калі чалавеку падкідваюць наркотыкі. Кожная сітуацыя разглядаецца паводле пэўнай працэдуры. Важна валодаць усёй даступнай інфармацыяй: чым больш вядома пра сітуацыю, тым лягчэй прымаць рашэнне. Мы заўсёды шукаем, ці ёсць палітычны матыў у вынясенні выраку. Калі ўсё суседнічае з артыкулам 342, калі чалавек – палітычны актывіст, раней затрымліваўся паводле адміністратыўных артыкулаў, належыць да арганізацыі, якую пераследуюць, усё больш відавочна. Ці калі мы бачым парушэнні пры ператрусе, калі становіцца вядома, што чалавека падчас затрымання збівалі, да яго не дапускалі адваката, калі выносіцца непрапарцыйнае пакаранне, усё складваецца ў збольшага зразумелую карціну. І мы можам казаць пра палітычны характар пераследу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лісты з СІЗА ад Івана Андрушойця жонцы Соф’і. Івана затрымалі 5 лістапада праз падазрэнне ва ўзломе камп’ютарнае сістэмы Менгарвыканкаму, а да 349-га артыкулу Крымінальнага кодэксу дадалі 342-і, што прадугледжвае арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 18 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Калі гаворка пра гвалт у дачыненні службовай асобы, мы глядзім, каб гэты гвалт быў у адказ, а не ініцыятыўны. Пра палітычны характар пераследу гаворыць пакаранне. Мы бачым, напрыклад, што да выбараў 2020 года чалавеку, які пырснуў балончыкам у вочы міліцыянту і выліў на яго кіпень, прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. А іншаму, які браў удзел у мірным сходзе і штурхнуў міліцыянта, прызначылі пазбаўленне волі.

– У чым яшчэ вінавацяць вязняў сумлення? Ці можаце акрэсліць маштабы, дынаміку рэпрэсіяў?

– Штомесяц мы фіксуем каля 100 выракаў паводле палітычна матываваных справаў, але не ўсе яны звязаныя з пазбаўленнем волі. Летась і ў пачатку гэтага года гэта былі справы, звязаныя з пратэставаю вулічнай актыўнасцю. Хаця і дасюль людзей працягваюць судзіць за вулічную актыўнасць. І яшчэ будуць судзіць, бо шмат каго з тых, каго арыштоўвалі летась і хто атрымліваў адміністратыўныя пакаранні, цяпер паўторна прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці.

На пэўным этапе стала больш справаў, звязаных з абразамі прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, прэзідэнта. Такіх людзей мы адразу прызнаём палітычнымі вязнямі. Ёсць агульны стандарт, паводле якога такія дзеянні не павінны наагул расцэньвацца як злачынства. За іх рэкамендуецца грамадская адказнасць, усе міжнародныя эксперты і арганізацыі заклікаюць дзяржавы не ўжываць абмежавання свабоды.

Інтэрв’ю
Яраслаў Бекіш: Удар «Зялёнага лебедзя» для Беларусі будзе мацнейшы за санкцыі
2021.11.03 10:00

Дадаўся новы артыкул 130 КК наконт распальвання варожасці да сацыяльнай групы – працаўнікоў улады і сілавых ведамстваў. Мы заўсёды крытыкавалі такі падыход, хоць ён замацаваны ў Крымінальным кодэксе. Падобныя катэгорыі нельга разглядаць як сацыяльныя групы, нельга крымінальна пераследаваць любую крытыку. Пераслед можа быць за распальванне варожасці да ўразлівых групаў, напрыклад, мігрантаў, паводле пэўных прыкметаў – колеру скуры, веравызнання. Але ніяк не сацыяльнай групы. Пры гэтым, калі ў тэлебачанні гучыць адкрытае распальванне варожасці да людзей з іншымі палітычнымі перакананнямі, мы не бачым ніякай рэакцыі з боку дзяржавы, толькі адабрэнне. Артыкул 130 таксама часам складаны ў ацэнцы. Шмат каго не прызналі палітычным вязнем паводле гэтага артыкулу. Гэта людзі, якія яўна заклікалі да гвалту супраць пэўных групаў, у тым ліку сілавых структураў.

Фота: НМ / Белсат

Нам часам кажуць: і навошта вам патрэбныя высновы лукашэнкаўскага суда. Так, яны нам патрэбныя, каб зразумець, што чалавека пераследуюць з палітычных матываў. Іншых судоў у нас няма. Часам іншага спосабу пачуць чалавека, даведацца пра дэталі справы проста няма. З іншага боку, мы разумеем і сваю адказнасць, калі прымаем пэўныя рашэнні. Для нас гэта важна. У нас няма такой сітуацыі, калі ў кожнай праваабарончай арганізацыі ёсць свой спіс палітвязняў. У нас ёсць нацыянальная кааліцыя, якая мае агульнае меркаванне ў гэтым пытанні. Гэта дастаткова высока ацэньваецца і на міжнароднай арэне. Міжнародныя арганізацыі выкарыстоўваюць менавіта тую колькасць палітвязняў, якую мы называем. І гэта ацэнка нашых экспертных магчымасцяў і падыходаў.

– Што дае чалавеку прызнанне палітычным вязнем?

– Найперш мы імкнёмся зняць з чалавека цэтлік злачынцы. На мой погляд, гэта самая асноўная і важная мэта. Калі чалавек становіцца палітвязнем, ён трапляе ў кола людзей, пра якіх мы распавядаем на розных пляцоўках, робім пэўныя рэчы, завязаныя з салідарнасцю. Дапамагаем чым можам. Я не скажу, што тут толькі плюсы і бонусы. Мы ведаем выпадкі, калі палітвязні зазнаюць большыя рэпрэсіі. Але мне падаецца, плюсы ўсё ж пераважваюць.

– Ведаю выпадкі, калі родныя гэтага статусу вельмі баяліся.

Меркаванне трэціх асобаў тут не ўлічваецца. Гэта канстатацыя факту. Мы выказваем сваё меркаванне пра аб’ектыўныя рэчы, і гэта не залежыць ад таго, як да гэтага ставяцца тыя ці іншыя людзі.

Фота: НМ / Белсат

– Што далей? Якія планы ў праваабаронцаў? Як доўга можа існаваць краіна ў стане прававога дэфолту?

На жаль, гісторыя паказвае, што гэта можа цягнуцца доўга. Шмат хто з нас родам з Савецкага Саюзу, які праіснаваў з 1922 да 1991 года. У Беларусі цяпер глыбокі крызіс правоў чалавека. Мы бачым абсалютна незаконныя рашэнні і неправасудныя выракі, расследаванні справаў з грубымі парушэннямі працэсуальных правоў. Мы ведаем пра шматлікія выпадкі катаванняў, бесчалавечных адносінаў з боку сілавікоў, якія застаюцца беспакаранымі.Мы настройваемся на тое, што, магчыма, такая сітуацыя будзе цягнуцца доўга. Але мы працягваем прытрымлівацца сваёй пазіцыі, працу спыняць ніхто не збіраецца.

СП belsat.eu

Стужка навінаў