Прагноз ЕАБР: Росту беларускай эканомікі ў 2022 годзе амаль не будзе. Магчымы і спад на 1–4 %


Еўразійскі банк развіцця.
Фота: ЕАБР

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) прагназуе для Беларусі найгоршыя вынікі росту эканомікі ў 2022 годзе. Пра гэта паведамляецца ў апублікаваным 25 лістапада макрапрагнозе для эканомік краін – удзельніц ЕАБР.

Паводле банку, ВУП Беларусі налета вырасце толькі на 0,7 %. У Расеі рост чакаецца на ўзроўні 2,8 %, Казахстане – 4,2 %, Кыргызстане – 4,5 %, Арменіі – 4,8 %. Найбольш вырасце эканоміка Таджыкістану – на 6–7 %.

У базавым прагнозе эксперты ўлічваюць магчымае аслабленне беларускага экспарту ў парадку нармалізацыі сусветнага попыту на сыравіну і стрыманы ўнутраны попыт, што стрымліваюць грашова-крэдытныя ўмовы і рызыкі ўзмацнення наступстваў заходніх санкцыяў.

Hавiны
Крэдыторская і дэбіторская запазычанасці беларускіх флагманаў пабілі гістарычныя рэкорды
2021.11.25 09:34

Пры гэтым ЕАБР не выключае і зніжэння ВУП Беларусі праз магчымае ўзмацненне негатыўнага ўплыву санкцыяў. Гэта, на думку экспертаў, можа прывесці да рэцэсіі.

«На поўную моц абмежаванні з боку шэрагу заходніх краінаў запрацуюць бліжэй канца 2021 года або ў першай палове 2022 года. Пры неспрыяльным развіцці падзеяў у 2022 годзе нельга выключаць эканамічнага спаду, маштаб якога можа скласці 1–4 %», – гаворыцца ў публікацыі.

Эксперты чакаюць націску на курс беларускага рубля праз змяншэнне экспартных даходаў, павышэнне дэвальвацыйных чаканняў і пагаршэнне інвестыцыйнага клімату. Пры гэтым «пры неспрыяльным развіцці падзеяў магчымая актуалізацыя пагрозаў пазыковай і фінансавай стабільнасці».

Таксама ў 2022–24 гадах чакаецца павелічэнне плацяжоў па даўгавых абавязках Беларусі больш як да $ 3,5 мільярда за год.

«Ва ўмовах параўнальна нізкага патэнцыялу эканамічнага росту, абмежаваных бюджэтных і золатавалютных рэзерваў безумоўнае выкананне даўгавых абавязкаў запатрабуе штогадовага рэфінансавання значнай іх часткі», – гаворыцца ў аглядзе.

Аналітыка
Гаворка пра мільярды долараў. Колькі можа страціць Беларусь ад закрыцця мяжы з Польшчай
2021.11.19 09:00

МГ belsat.eu

Стужка навінаў