Музыку Ігара Банцэра зноў адправілі ў ШІЗА. Цяпер за відэа, дзе яму праз краты перадаюць памідоры


Гарадзенскага музыку, палітвязня Ігара Банцэра, які адбывае пакаранне ў папраўчай установе на «хіміі» 25 лістапада зноў адправілі ў ШІЗА на 10 содняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ігар Банцэр.
Фота: Белсат

Прычынай для ШІЗА ў гэты раз стала тое, што Банцэр запісаў відэа для «Медыязоны», у якім паказвае ўмовы ўтрымання на «хіміі» і як яму пра крату перадаюць ежу – некалькі памідораў. Гэта супрацоўнікі ПУАТ №9 палічылі парушэннем рэжыму.

22 лістапада Банцэра выпусцілі з ШІЗА, дзе ён правёў 20 дзён. Ціск на Банцэра з боку адміністрацыі «хіміі» пачаўся яшчэ летам, пасля таго як музыка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у ШІЗА ўжо 60 содняў. З новай «адсідкай» будзе 70.

Артыкулы
Ігар Банцэр: «Перавядуць у калонію. Суд – толькі фармальнасць». Інтэрв’ю
2021.10.01 16:36

Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суда, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку.

19 сакавіка 2021 года музыку асудзілі на 1,5 года «хіміі» і выпусцілі ў залі суда.

Артыкулы
Ігар Банцэр: Застацца тут і спрабаваць рабіць нешта заўважнае – вось гэта для мяне значыць жыць
2021.05.20 09:32

29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць Банцэра ў калонію агульнага рэжыму. Музыку абвінавацілі ў шасцікротным парушэнні рэжыму. За гэта яму прысудзілі адзін месяц і 25 дзён калоніі.

24 лістапада стала вядома, што ў калонію Банцэра ўсё ж не адправяць – суд Чыгуначнага раёну Віцебску адмовіў у задавальненні пазову кіраўніцтву віцебскай папраўчай установы адкрытага тыпу, дзе палітвязень адбывае пакаранне.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў