Мігранты выйшлі на мітынг у «Брузгах»


Акцыю актыўна асвятляюць дзяржаўныя беларускія медыі. «Зялёныя чалавечкі», падобна, пільнуюць акцыю, але не разганяюць яе.

Мітынг мігрантаў каля лагістычнага цэнтру «Брузгі», Беларусь. 25 лістапада 2021 года.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Днём 25 лістапада шэраг мігрантаў выйшаў на акцыю пратэсту пад лагістычным цэнтрам «Брузгі», дзе пад кантролем сілавікоў утрымліваюць ад тысячы да дзвюх тысяч чалавек. У акцыі бярэ ўдзел звыш сотні чалавек – пераважна мужчыны і дзеці.

Людзі стаяць з плакатамі на ангельскай мове аб тым, што «Мы людзі», што яны «хацелі лепшага жыцця», што яны «не маюць волі ў Курдыстане», а іхныя лідары – «мафія». Скандуюць, што хочуць «ехаць у Нямеччыну».

Папулярныя арабскамоўныя Telegram-канал і Facebook-суполкі пра міграцыю праз Беларусь на акцыю не заклікалі і на момант публікацыі пра яе нічога не паведамлялі. Самі мігранты планавалі акцыю пратэсту днём пазней і ў Менску.

Ці санкцыянаваная акцыя, невядома, але БелТА называе яе «стыхійнай». За «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» у Беларусі прадугледжаныя буйныя штрафы і арышты, а самі акцыі звычайна брутальна і з ужываннем гвалту разганяюць сілавікі і «людзі ў цывільным».

На кадрах дзяржаўных медыяў у натоўпе не відаць сілавікоў у форме, аднак акцыя праходзіць за металічнай агароджай, за якой стаяць людзі ў зялёнай форме. У натоўпе некаторыя падобныя да «людзей у цывільным» на звычайных беларускіх акцыях пратэсту – у масках і з нацягнутымі на вочы капюшонамі.

Hавiны
Улады Беларусі скардзяцца, што Еўразвяз не хоча дапамагаць вывозіць мігрантаў
2021.11.25 12:17

Тым часам каля 200 мігрантаў чакаюць у Нацыянальным аэрапорце вылету ў Ірак. Самалёт меўся вылецець 25 лістапада а 14:30. Але яшчэ напярэдадні ў менскім аэрапорце паведамілі пра скасаванне рэйсу на 25 і 27 лістапада.

Мітынг мігрантаў каля лагістычнага цэнтру «Брузгі», Беларусь. 25 лістапада 2021 года.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Ні Нямеччына, ні Польшча цяпер не збіраюцца прапускаць мігрантаў, а іх збор на беларускай мяжы называюць гібрыднай атакай рэжыму Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

АА belsat.eu

Стужка навінаў