Аляксандр Азараў параўнаў фэйкавы тэракт на Дзень волі з выбухам у метро ў 2011 годзе


Прадстаўнік ініцыятыва былых сілавікоў ByPol, якая сёння апублікавала расследаванне, прысвечанае фэйкаваму тэракту на Дзень Волі 2021 года, параўнаў гэтую правакацыю з тэрактам 2011 года ў менскім метро. На ягоную думку, своечасова апублічаная ByPol інфармацыя пра тэракт, які рыхтуюць улады, перадухіліла новае кровапраліцце. Пра гэта былы супрацоўнік ГУБАЗіК падпалкоўнік Аляксандр Азараў сказаў у студыі «Белсату».

«Калі атрымалі гэтую інфармацыю, былі ў шоку. Думалі, што можа быць дэзынфармацыяй. Але атрымалі з некалькіх крыніц, якія адзін аднога не ведалі і служылі ў спецпадраздзяленнях. Пару гадзін мы думалі, што з гэтым рабіць. Але вырашылі, што ўсё-такі гэта праўда і ўлады Беларусі хочуць зрабіць тэракт – прыкладна такі які адбыўся ў 2011 годзе», – расказаў Аляксандр Азараў.

«Дагэтуль незразумела, ці ўчынілі Канавалаў і Кавалёў тое злачынства ці не. Іх хуценька расстралялі, і дагэтуль грамадства не разумее, хто вінаваты», – дадаў.

Па ягоных словах, рашэнне апублікаваць інфармацыю аб магчымым тэракце было прынятае, каб не пацярпелі людзі. Улады, у сваю чаргу, усю віну ўзвалілі пазней на ByPol – каб адпомсціць, бо спецаперацыя, па сутнасці, правалілася.

Аналітыка
Як ГУБАЗіК рыхтаваў фэйкавы тэракт на Дзень Волі. Новае расследаванне «ByPol»
2021.11.25 16:42

Аляксандр Азараў не сумняецца, што Лукашэнка пайшоў бы на новыя ахвяры, каб ачарніць пратэставы рух.

«Калі ўжо Лукашэнка пайшоў на забойствы і катаванні беларусаў, то што казаць аб тэракце? Яму трэба было ачарніць пратэставы рух. Мы давалі інфармацыю пра тое, што Ціхіня з ГУБАЗіКу спрабаваў злодзеяў у законе прыцягнуць на бок пратэстоўцаў. Усякім чынам хацелі ачарніць. Злодзеі ў законе адмовіліся – прыдумалі гэты тэракт. Тэракт адарваў бы ўвагу грамадства ад тых выбараў і пратэсту», – мяркуе Азараў.

Ён таксама не выключае, што ў падрыхтоўцы няздзейсненага тэракту 25 сакавіка, сваю ролю адыграла Масква.

«У Расеі было шмат аналагічных тэрактаў, якія былі падставай, напрыклад, увесці войскі ў Чачэнію. Перад кожнай чачэнскай вайной чыніўся тэракт. І ёсць версіі, што іх маглі ўчыніць супрацоўнікі ФСБ. А паколькі для Лукашэнкі Расея галоўны хаўруснік, то і метады аднолькавыя. Нашы спецслужбы едуць вучыцца ў РФ. І нам жа вядома, што 26 супрацоўнікаў ФСБ на сталай аснове знаходзяцца ў Менску, у будынку дзяржаўнага памежнага камітэту», – сказаў Аляксандр Азараў.

Цалкам размову з прадстаўніком ініцыятыва былых сілавікоў ByPol Аляксандрам Азаравым можна паглядзець у праграме «Студыя «Белсат».

ЗК

Стужка навінаў