Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 25 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы страляюць з мінамёта на лініі фронту ў Харкаўскай вобласці. Украіна, 25 кастрычніка 2022 г.
Фота: VYACHESLAV MADIYEVSKYY / Reuters / Forum

Цягам содняў адносна стабільнай заставалася сітуацыя на ўчастку фронту на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці: ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе пра змены ў лініі фронту, пры гэтым праціўнікі абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі. Між тым тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што цяпер ЗСУ назапашваюць сілы для наступу на расейскія пазіцыі ў ваколіцах Кіслоўкі.

Тым часам адбыліся змены ў лініі фронту ў Луганскай вобласці: украінскі Генштаб заявіў пра выбіццё расейскіх войскаў з населеных пунктаў Кармазінаўка, Мясажараўка і Невельскае. Гэтую інфармацыю пацвярджае і прарасейскі тэлеграм-канал «WarGonzo», які заўважае, што цяпер украінскія сілы трымаюць пад агнявым кантролем участак трасы Р-66 паміж Сватавым і Крэмінной. Таксама Збройныя сілы Украіны атакавалі расейскія пазіцыі ў ваколіцах Неўскага і Куземаўкі. Пры гэтым кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай паведамляе, што расейцы здолелі арганізаваць добрую лінію абароны ў рэгіёне, таму вызваленне вобласці даецца цяжка.

Расейскія войскі ў сваю чаргу атакавалі пазіцыі ЗСУ ў Белагораўцы, тэлеграм-канал «Старше Эдды» заяўляе, што расейцы атакуюць таксама і ў ваколіцах Крэмінной.

У Данецкай вобласці Збройныя сілы Украіны вызвалілі населены пункт Новасадовае, а таксама адбілі расейскія атакі на Спірнае, Бахмут, Салядар, Андрэеўку, Мар’інку, Первамайскае, Белагораўку, Верхнякаменскае, Іванград, Кляшчэеўку і Невельскае. Пры гэтым расейскія крыніцы працягваюць сцвярджаць, што Іванград знаходзіцца пад іхным кантролем. Пры гэтым амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) фіксуе ўкраінскі кантроль над населеным пунктам, таксама крыніца пацвярджае поспехі ЗСУ ў іншых месцах каля Бахмуту і на яго ўсходніх ускрайках, у прыватнасці, гаворыцца пра кантроль ЗСУ над бетонным заводам. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пажарны Максім з атраду размініравання ўкраінскіх службаў надзвычайных сітуацый шукае наземныя міны і іншыя неразарваныя прадметы. Украіна, 25 кастрычніка 2022 г.
Фота: CLODAGH KILCOYNE / Reuters / Forum

Па лініі фронту ў Запарожскай вобласці ніводны з бакоў канфлікту не праводзіў наступальных дзеянняў, пры гэтым наносіліся ўзаемныя артылерыйскія ўдары. Таксама ў рэгіёне працягваюць дзейнічаць украінскія дыверсанты. Так, ранкам 25 кастрычніка каля будынку запарожскай тэлекампаніі «ЗаТВ» у акупаваным Мелітопалі адбыўся выбух, у выніку якога пацярпелі прынамсі пяць асобаў, у тым ліку працаўнік тэлекампаніі.

Міністэрства абароны РФ паведамляе, што ў Херсонскай вобласці ЗСУ атакавалі ў бок населеных пунктаў Ішчанка і Брускінскае, «WarGonzo» піша і пра атаку на ваколіцы Пяціхаткі. Між тым аналітыкі ISW мяркуюць, што Узброеныя сілы РФ рыхтуюцца да абароны Херсону, пра што сведчаць мініраванне мастоў у рэгіёне, а таксама заявы расейскіх уладаў пра стварэнне тэрабароны ў абласным цэнтры. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч гаворыць, што цяпер расейскія сілы паспяхова трымаюць абарону ў рэгіёне, што ў першую чаргу звязана з асаблівасцямі мясцовасці, на якой украінскім сілам складана дзейнічаць незаўважна для праціўніка. Ваенны эксперт Алег Жданаў адзначае і колькасны рост расейскай групоўкі на правабярэжжы Дняпра, а таксама недахоп тэхнікі і ўзбраення ў ЗСУ, што таксама не спрыяе поспеху ўкраінцаў на гэтым участку фронту.

Генеральны штаб ЗСУ паведаміў, што за содні ўдалося ліквідаваць каля 400 расейцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 68 420 чалавек. Аляксей Арэстовіч гаворыць, што ў сярэднім страты расейцаў пераўзыходзяць украінскія ў 6 разоў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў