Купалаўцы ўпершыню возьмуць удзел у фестывалі аўтарскай песні. І адразу – з прэм’ерай


Купалаўцы ўпершыню возьмуць удзел у фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень». Артысты прэзентуюць два паэтычныя праекты, адзін з іх – прэм’ерны.

Удзельнікі спектакля “Я гавару” Андрэй Дробыш, Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй і Аляксандр Зелянко.
Фота: тэатральная група “Купалаўцы”

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» упершыню возьме ўдзел у фестывалі беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень». Гэта адзіны ў Падляскім ваяводстве Польшчы і адначасова найбуйнейшы і найстарэйшы (яму амаль 30 гадоў) у свеце фестываль, які прадстаўляе бардаўскую ды аўтарскую песню на беларускай мове. Сёлета фэст адбудзецца ўпершыню пасля двухгадовага перапынку і завітае ў тры падляскія мясцовасці: Бельск Падляскі, Беласток і Гарадок.

Купалаўцы прэзентуюць два паэтычныя праекты, адзін з якіх – упершыню, паведамілі «Белсату» у тэатральнай групе.

Першы – аўтарскі музычны праект «Я гавару» (рэжысёр – Міхаіл Зуй), які натхнёны сучаснай беларускай паэзіяй. Прагучаць кампазіцыі на вершы Віталя Рыжкова, Ярыны Дашынай, Вальжыны Морт, Веры Бурлак, Дар’і Бялькевіч. На сцэну выйдуць Міхаіл Зуй, Андрэй Дробыш, Дзмітрый Есяневіч і Аляксандр Зелянко. Паказ адбудзецца 28 кастрычніка ў Бельскім доме культуры.

Другі праект – прэм’ерны паэтычны спектакль «37 – 22» беларускага рэжысёра і педагога Андрэя Саўчанкі. Галоўная ідэя спектакля – дыялог паміж трыццатымі гадамі ХХ стагоддзя, калі беларускую літаратуру хацелі знішчыць, і сучаснасцю – хісткай глебай, на якой апынулася Беларусь. Таму ў назву вынесеныя пэўныя вехі: 1937 і 2022 гады. На галасы Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Дубоўкі, Васіля Шашалевіча адгукнуцца творы сучасных аўтараў. У спектаклі занятыя: Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхаіл Зуй, Сяргей Чуб. Прэм’ера адбудзецца 29 кастрычніка ў Беластоцкім тэатры лялек.

Уваход на абодва спектаклі бясплатны і без запрашэнняў. А ў дадатак пастаноўку «37 – 22» у прамой трансляцыі пакажуць 29 кастрычніка на YouTube-канале купалаўцаў, пачатак – а 20:30 паводле беларускага часу.

Афіша фестывалю беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Бардаўская восень».
Фота: арганізатары фестывалю «Бардаўская восень»

Дарэчы, у праграме фестывалю таксама канцэрт Кацярыны Ваданосавай, прэзентацыя Сяргеем Будкіным кнігі «(Не)расстраляныя», аўтарская сустрэча з Уладзімірам Арловым, выступы Змітра Вайцюшкевіча, Яна Карповіча, Рамана Арлова, Palina і Яўгена Барышнікава.

Аб’ектыў
У вольных купалаўцаў – прэм’ера
2022.10.09 02:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў