Эстонія працягне падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы


Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская 25 кастрычніка сустрэлася з прэзідэнтам Эстоніі Аларам Карысам, які пацвердзіў нязменнае падтрыманне дэмакратычных памкненняў Беларусі, а таксама выказаўся за ўзмацненне ціску на Аляксандра Лукашэнку.

Святлана Ціханоўская і Алар Карыс.
Фота: AlarKaris/Twitter

«Эстонія працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускай апазіцыі. Падкрэсліў, што ўсе палітычныя вязні павінныя быць неадкладна вызваленыя. Сустрэўся з дэмакратычнаю лідаркаю Беларусі Святланаю Ціханоўскаю сёння», – напісаў Алар Карыс у Twitter.

Прэзідэнт Эстоніі таксама выказаўся за паглыбленне ціску на Аляксандра Лукашэнку шляхам узмацнення палітычнай ізаляцыі ды санкцыяў, каб улады Беларусі спынілі падтрымліваць расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Тысячы людзей заплацілі сваёй свабодай у барацьбе за дэмакратыю, тысячы сем’яў былі разлучаныя. Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка павінен несці адказнасць за пакуты і знявагі, прычыненыя ягонаму народу, і асабістая адказнасць ляжыць на ўсіх, хто сёння яго падтрымлівае», – перадае словы Алара Карыса партал «Delfi».

Святлана Ціханоўская і Алар Карыс.
Фота: AlarKaris/Twitter

Прэзідэнт Эстоніі заявіў, што краіна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць і дапамагае ўтрымліваць міжнародную ўвагу на парушэннях правоў чалавека ды міжнароднага права: «Лёс палітычных вязняў застаецца ў цэнтры нашай увагі, пакуль не пераможа правасуддзе. Міжнародная супольнасць абавязаная выступіць за безумоўнае і больш хуткае вызваленне асобаў, пазбаўленых волі ў Беларусі з палітычных матываў».

Візіт Святланы Ціханоўскай у Эстонію пачаўся ўчора. Ужо адбыліся сустрэча з міністрам замежных справаў і кіраўніцтвам парламенту, выступ перад дэпутатамі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская наведвае Эстонію
2022.10.24 18:13

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў