У Судане – путч. Міністры арыштаваныя

Прэмʼер-міністр Судана і большасць чальцоў ураду ўзятыя пад хатні арышт. У сталіцы краіны Хартум дэманстранты заблакавалі дарогі. Пра гэта паведамляе DW.

У Судане здзейсненая новая спроба путчу. На фоне крызісу вайскоўцы раніцай у панядзелак, 25 кастрычніка, уварваліся ў дамы чальцоў урада і ўзялі пад хатні арышт прэмʼер-міністра Судана Абдалу Хамдука, большасць міністраў, аднаго з чальцоў кіроўнай Суверэннай рады і вялікую колькасць прадстаўнікоў праўрадавых партыяў.

Зачынены аэрапорт сталіцы Судану, падʼезды да горада перакрытыя вайскоўцамі, па ўсёй краіне не працуе інтэрнэт.

Пратэсты ў Судане. 21 кастрычніка 2021 г. Фота: MOHAMED NURELDIN ABDALLAH / Reuters / Forum

У Хартуме дэманстранты заблакавалі дарогі. У апошнія тыдні ў Судане не спыняліся пратэсты розных груповак. Некаторыя патрабавалі перадачы ўлады цывільным уладам, іншыя дамагаліся, каб вайскоўцы скінулі дзейны пераходны ўрад.

У Судане пасля звяржэння ў красавіку 2019 года дыктатара Умара аль-Башыра да ўлады прыйшла так званая Суверэнная рада, якая складаецца з цывільных і вайскоўцаў. З тых часоў краіна перажывае складаны пераходны перыяд, які ў 2023 годзе павінен завяршыцца прыходам да ўлады цывільнага ўрада. І без таго складаную сітуацыю ў Судане абвастраюць высокая інфляцыя, эканамічныя цяжкасці і глыбокія палітычныя рознагалоссі.

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны