Насіце маскі, не балаклавы. 10 пытанняў пра маскі ў пандэмію


Галоўнае: калі побач людзі, трэба насіць маску. Дастаткова і правільнай шматразовай маскі, але мыць яе трэба ў гарачай вадзе з мылам і пасля кожнага выкарыстання. І не высоўваць з-пад маскі носа.

1. Маскі сапраўды працуюць?

Так, гэта шматкроць даказана. Ёсць навуковыя даследаванні, якія паказваюць, што маскі істотна змяншаюць распаўсюд каронавіруса. Добры агляд даследаванняў ёсць тут. Вірус SARS-CoV-2 распаўсюджваецца праз так званыя аэразолі – кроплі мікраскапічных памераў, якія выдыхае інфікаваны (нават калі хварэе без сімптомаў). Маскі, нават найлепшыя, не даюць стоадсоткавай аховы ад заражэння, таму варта не толькі насіць маску, але і вакцынавацца, і трымаць сацыяльную дыстанцыю прынамсі 1 метр (у Злучаных Штатах рэкамендуюць дыстанцыю мінімум 6 футаў – 1,8 метра).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

2. Удома ці ў чыстым полі маску насіць не трэба?

Трэба, калі блізка могуць быць хворыя. Агулам медыкі не настойваюць на тым, каб маскі насілі ўдома і ў месцах, дзе можна трымаць дыстанцыю метр-два. Але калі ўдома хтосьці мае сімптомы рэспіраторных захворванняў, трэба ізалявацца ад гэтага чалавека, і калі кантакт неабходны, абодвум насіць маскі. Таксама трэба насіць маску ўдома, калі з вамі жыве чалавек са слабым імунітэтам. Шанцы падхапіць каронавірус на вуліцы значна меншыя, чым у памяшканні. Але абавязковае нашэнне масак на вуліцы дзе-нідзе ўводзяць, калі сітуацыя з каронавірусам крытычная. Бо хворы можа перадаць каронавірус нават з дыстанцыі звыш 6 метраў, а новыя штамы – больш заразныя за «пачатковую версію» віруса. Таму лепей здымаць маску толькі ў сапраўды малалюдных месцах.

3. Можна хоць высунуць нос?

Маска мусіць закрываць нос, рот і падбароддзе. Іначай не спрацуе. Высунуць нос можна, калі навокал нікога няма. Калі ж хтосьці побач ёсць, любая адтуліна, нават збоку, дасць вірусу прайсці. Таму важна падабраць такую маску, якая цалкам аблягае твар (барадатым будзе цяжэй, мо давядзецца састрыгчы частку барады – але трэба памятаць, што барада не спыняе вірусаў), і пры патрэбе падрэгуляваць завязкі.

4. І дзецям трэба насіць, і жывёле?

Дзецям ад 6 гадоў – лепей так, жывёле – не. WHO і UNICEF рэкамендуюць насіць маскі так жа, як дарослым, дзецям з 12 гадоў. Дзецям 6–11 гадоў – пры ўмове шырокага распаўсюду віруса (як на момант публікацыі ў Беларусі) і пры ўмове, што дзеці змогуць правільна карыстацца маскай (гэтаму трэба вучыць і за гэтым трэба сачыць дарослым). Амерыканская акадэмія педыятраў рэкамендуе, каб дзеці з 2 гадоў насілі маскі. Адмысловыя дзіцячыя маскі ёсць у продажы, трэба толькі выбраць правільны памер. Звычайная хатняя жывёла ж, падобна, не пераносяць таго самага каронавіруса, з якім цяпер змагаецца чалавецтва (ён, падобна, ёсць мутацыяй віруса кажаноў, тэорыю лабараторнага паходжання яшчэ правяраюць).

5. Калі ўжо перахварэў ці вакцынаваўся, маску трэба насіць?

Лепей насіць. Ёсць некалькі прычынаў: пакуль вакцынавана недастаткова людзей, да таго ж новыя штамы мацней закранаюць дзяцей, а вакцынаваныя могуць хварэць без сімптомаў. Шанцы заразіцца ў вакцынаваных істотна ніжэйшыя, але не нулявыя.

6. Якія маскі найлепшыя?

Агулам дастаткова і правільнай шматразовай маскі. Найбольш эфектыўныя – рэспіратары N99/FFP3, за імі ідуць N95/FFP2, але і простая трохслойная маска з тканіны – таксама някепска. У Злучаных Штатах, напрыклад, рэкамендуюць не насіць медычных рэспіратараў N95 проста так, каб пакінуць іх тым, хто кантактуе з хворымі (дый стэрылізаваць іх складана). Рэспіратары з клапанам на выхад не абароняць навакольных, таму сэнсу ад іх мала. WHO лічыць, што медычныя маскі бароняць ад распаўсюду каронавіруса не значна горш за рэспіратары, а для шырокага выкарыстання дастаткова проста правільнай «немедычнай» маскі – якую яшчэ і прасцей стэрылізаваць. Медычныя рэкамендуюць насіць старэйшым за 60 гадоў і людзям з хранічнымі хваробамі, а таксама хворым на COVID-19 або тым, хто падазрае, што захварэў. Правільная «немедычная» шматразовая маска мусіць быць з трох слаёў: унутраны з абсарбавальнага матэрыялу (напрыклад, бавоўны), сярэдні з нятканага неабсарбавальнага матэрыялу (напрыклад, поліпрапілену), вонкавы з неабсарбавальнага (напрыклад, поліэстэру ці сумесі поліэстэру і бавоўны). Выглядае гэта так:

7. Дзве маскі лепш за адну?

Так, дзве лепш. У звычайных умовах хопіць і адной, але дзве лепей абароняць – прапусцяць менш часцінак віруса. Камбінаваць дзве аднаразовыя не мае сэнсу, а вось аднаразовую пад шматразовай насіць мае сэнс, калі асяроддзе небяспечнае або калі чалавек падазрае, што хварэе.

8. Мо шалік ці бандана дапамогуць?

Крыху, але маска значна лепей. Справа ў памеры часцінак, якія могуць праляцець між валокнамі: павязаная на твар бандана не прапусціць пылу, але часцінкі вірусу значна меншыя за пыл. У гэтым даследаванні пераканаўча паказалі, колькі часцінак прапускае бандана, а колькі – паўнавартасная маска. Яшчэ больш віруса прапусціць вязаны шалік ці марлевая павязка. Да таго ж, яны могуць дадаць фальшывага адчування бяспекі.

9. Празрыстыя шчыткі дапамагаюць?

Не асабліва. Часцінкі вірусу ляцяць не толькі проста, як кулі, таму шчыток не дапаможа. Мо крыху дапаможа ў камбінацыі з маскай. Хаця ў гэтым даследаванні кажуць, што розніцы між шчытом з маскай і проста маскай амаль няма. Існуюць тканыя маскі з празрыстым шчытком перад ротам – яны для тых, каму трэба, каб іхны рот бачылі (напрыклад, нямым або настаўнікам замежных моваў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

10. Няма грошай, можна самастойна пашыць маску?

Тэарэтычна, так, але лепей купіць. Правільна пашыць трохслойную маску без лішніх адтулінаў не так проста. На пачатку пандэміі, калі быў дэфіцыт масак, распаўсюджваліся інструкцыі, як самастойна шыць маскі (напрыклад, такую). Ды цяпер, калі дэфіцыту масак няма і калі шматразовыя або пачка аднаразовых каштуюць пару рублёў, лепей купіць гатовую. Можна нават замовіць маску з дастаўкай дамоў – напрыклад, разам з прадуктамі ў «Еўраопце».

Hавiны
Як сшыць маску самастойна? Простая GIF-інструкцыя
2020.04.04 08:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў