Галоўнае за дзень: стачка, новыя палітвязні і планы Мінздароўя


Belsat.eu падводзіць вынікі панядзелка, 25 кастрычніка.

Прышчэпкі для большасці насельніцтва

Першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан лічыць, што стаўленне беларусаў да вакцынацыі выклікае «асцярожны аптымізм».

«У Беларусі ёсць рэгіёны, якія па тэмпах вакцынацыі набліжаюцца да 35% ад агульнай колькасці насельніцтва, уключаючы дзяцей. А неабходна як мінімум 60%. Мы сабе ставім прамежкавую планку ў 40%, як першапачаткова і рэкамендаваў САЗ, але лічым, што павінна быць вакцынаваны 60% насельніцтва.

Hавiны
У Мінздароўя плануюць вакцынаваць 60 % насельніцтва Беларусі
2021.10.25 09:36

Памёр журналіст Аляксандр Коктыш

Пра смерць вядомага беларускага журналіста паведамляе БАЖ. Аляксандру Коктышу было 54 гады.

Аляксандр Коктыш.
Фота: bajby / Telegram

Журналістка Марына Коктыш паведаміла ў Фэйсбуку, што Аляксандр памёр не ад каронавірусу, а ад праблемаў з сэрцам.

У розныя часы Аляксандр Коктыш працаваў у газеце «Труд», «Звяздзе», «Свабодных навінах», агенцтве «Интерфакс-Запад». Быў экспертам у арганізацыі прэс-службаў для кампаніяў.

БАР бастуе з 1 лістапада

Старшыня Беларускага аб’яднання рабочых (БАР) Сяргей Дылеўскі абвесціў, што з 1 лістапада ў Беларусі распачнецца агульнанацыянальная забастоўка, і заклікаў беларусаў не выходзіць на працу.

«Так больш працягвацца не можа. Пара рабочым узяць будучыню ў свае рукі. Мы не маем права цягнуць далей, пакуль нашыя сваякі, сябры і паплечнікі сядзяць у турмах, пакуль нашыя маці і сёстры, браты і бацькі гінуць у перапоўненых шпіталях ад каронавіруса.

Hавiны
Беларускае аб’яднанне рабочых прызначыла агульнанацыянальную забастоўку на 1 лістапада
2021.10.25 13:59

Два тыдні галадоўкі

Палітвязняволенага анархіста Мікіту Емяльянава змясцілі ў карцар на 20 содняў. Ён абвясціў галадоўку, якую трымае ўжо 14 дзён.

Мікіта Емельянаў перад прысудам
Фота: belsat.eu

Стала вядома, што Мікіта Емяльянаў з 11 кастрычніка ўтрымліваецца ў карцары. Адміністрацыя магілёўскай турмы № 4, дзе Мікіта адбывае пакаранне, ужо двойчы пакарала яго 10 соднямі ў карцары за парушэнне правілаў унутранага распарадку.

Акрамя гэтага, з 11 кастрычніка Мікіта абвясціў галадоўку, бо адміністрацыя турмы дагэтуль не арганізавала спаткання са святаром, хоць заяву на наведанне святара хлопец напісаў яшчэ ўлетку. Таксама ў турме палітвязню блакуюць ліставанне з Дзмітрыем Паліенкам і з іншымі людзьмі – яму проста не перадаюць лістоў.

У Беларусі на сёння, 25 кастрычніка праваабаронцы прызналі 821 асобу палітвязнямі.

Hавiны
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 6 асобаў
2021.10.25 20:03

Затрыманні ў Гомлі

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян, паведамляе «Вясна».

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні гамельчукоў. Станам на вечар вядома ўжо імёны 12 затрыманых чалавек.

Гэта Алег Бондараў, Артур Караткевіч, Аляксандр Цыганкоў, Андрэй Самусёў, Алесь Сівакоў, Вераніка Кухарава, Ганна Міхно, Аляксей Валатоўскі, Андрэй Слесарэнка, Яўген Пархоменка, Валянцін Беленка і Міхаіл Галай.

У некаторых з іх сілавікі правялі ператрусы. Па апошняй інфармацыі затрыманняў было не меней за 15.

Новы міністр

Лукашэнка прызначыў намеснікам міністра ўнутраных справаў Дзмітрыя Корзюка. Раней ён быў начальнікам ДАІ Беларусі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў