Дзмітрый Лаеўскі пра сітуацыю з адвакатамі Бабарыкі: «Гэта лакмусавая паперка, як усё будзе адбывацца далей»


12 і 20 кастрычніка на загад міністра юстыцыі распачалі дысцыплінарнае вядзенне ў адносінах адвакатаў Віктара Бабарыкі – Наталлі Мацкевіч і Яўгенія Пыльчанкі. У сувязі з гэтым Press Club Belarus арганізаваў брыфінг з удзелам экс-адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага і прадстаўніка штабу Бабарыкі Максіма Баграцова. Belsat.eu падае асноўныя выказванні ўдзельнікаў.

Беларускае і міжнароднае заканадаўства гарантуюць права на юрыдычную дапамогу кожнаму беларусу, але абаронцаў Віктара Бабарыкі Наталлю Мацкевіч і Яўгена Пыльчанку адхілілі ад адвакацкай дзейнасці, на загад міністра юстыцыі ў адносінах іх распачалі дысцыплінарнае вядзенне. У выніку абаронцаў могуць пазбавіць ліцэнзіяў.

Папярэдні абаронца Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі яшчэ ўлетку. Ён адзначае, што пазбаўленне ліцэнзіяў чарговых адвакатаў можа паўплываць на вынік абскарджання, бо новыя абаронцы проста не паспеюць належным чынам азнаёміцца са справай.

Дзмітрый Лаеўскі. Другі дзень працэсу ў справе Віктара Бабарыка і працаўнікоў «Белгазпрамбанку».
Фота: Белсат

«Існуе давер паміж Віктарам Бабарыкам і тымі адвакатамі, якіх ён выбраў. Давер не ўзнік выпадкова, ён фармаваўся цягам 1,5 года. Адвакатамі быў абскарджаны прысуд, па якім Віктара Бабарыку адправілі ў калонію. Нават ва ўмовах бяспраўя ўсё адно ёсць імавернасць перагляду. Гэта звязана з тым, што, рыхтуючы скаргу на прысуд, мы заўважылі ў справе грубыя парушэнні, таму, безумоўна, трэба будзе адстойваць пазіцыю. Калі мы ўспомнім, што крымінальная справа складаецца з больш чым 120 тамоў і працэс ішоў многа месяцаў, то не складана зразумець, што два адвакаты, якія дасканала ўсё гэта ведаюць, не могуць быць у адзін момант замененыя нікім іншым».

Дзмітрый Лаеўскі ўпэўнены, што цяперашні пераслед адвакатаў мае штучны характар і разлічаны ў першую чаргу на тое, каб абмежаваць правы Віктара Бабарыкі.

«Права на юрыдычную дапамогу гарантуецца Канстытуцыяй. Але ў нас дзяржаўны орган нечакана абмежаваў для Віктара Бабарыкі магчымасць рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права. Гэта адбылося адразу пасля падачы скаргі абаронай, то бок гэта рэакцыя на такія дзеянні. Гэта адбылося ў адносінах адразу двух адвакатаў. Гэта зроблена нечакана і без якіх-небудзь разбораў. Уся гэтая сітуацыя звязаная з асобай Віктара Бабарыкі».

Віктар Бабарыка ў судзе. Крыніца: AFP / Виктор Бабарико — официальный канал / telegram

На думку Дзмітрыя Лаеўскага, толькі дзве групы людзей могуць паўплываць на сітуацыю з абаронцамі Віктара Бабарыкі: гэта дысцыплінарная камісія Менскай калегіі адвакатаў, якая можа абараніць Наталлю Мацкевіч і Яўгенія Пыльчанку, а таксама журналісты, якія могуць пра гэтую праблему распавесці. Бо інакш гэта будзе знакам таго, што абсалютна любы адвакат у любы момант можа быць пазбаўлены ліцэнзіі.

«Сёння вызначаецца не пытанне даступнасці дапамогі для Віктара Бабарыкі, гэта лакмусавая паперка таго, як усё будзе адбывацца далей у адносінах іншых людзей. Таму вельмі важна кансалідавана выказвацца пра гэта і прыкладаць намаганні на дадзенай стадыі, а не калі ўжо будзе позна», – кажа Лаеўскі.

Сябра Каардынацыйнай рады і аргкамітэту партыі «Разам» Максім Баграцоў таксама ўпэўнены, што сітуацыя з абаронцамі Віктара Бабарыкі будзе мець маштабныя наступствы, таму ёй варта надаць як мага больш увагі.

«Гэта адносіцца не толькі да спадара Віктара, але на ягоным прыкладзе гэта прасцей за ўсё ілюстраваць. Мы ўсяму свету транслюем, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Бо ў самых-самых старых рэжымах з самымі горшымі сітуацыямі ў плане правоў чалавека ўсё адно існуе магчымасць доступу да палітзняволеных ці да любых іншых зняволеных для міжнародных арганізацыяў. У Беларусі гэты доступ цяжкі. Гэта таксама сігнал для ўсіх астатніх, што сітуацыя усё больш і больш набліжаецца да сталінскага рэжыму, дзе няма доступу да зняволеных, абвінаваўца ёсць, а адвакат, якога табе прапаноўвае дзяржава, – гэта насамрэч той жа абвінаваўца, толькі схаваны».

Віктар Бабарыка.
Фота: Партыя «Разам»

Палітзняволены Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года. Яму было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»), ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, учыненая паўторна. або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або ў асабліва буйным памеры»), таксама паводле ч. 2 арт. 431 («Даванне хабару паўторна або ў буйным памеры»). У кастрычніку 2020 года адвакат Віктара Бабарыкі Аляксандр Пыльчанка быў пазбаўлены ліцэнзіі. А ў ліпені 2021 года ліцэнзіі пазбавілі іншага абаронцу – Дзмітрыя Лаеўскага. 6 ліпеня 2021 года Віктару Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі.

Аналітыка
Што азначае вызваленне 11 фігурантаў «справы Белгазпрамбанку»?
2021.10.13 10:00

ВК belsat.eu

Стужка навінаў