ЗША «наўпрост, прыватна» паабяцалі Крамлю «катастрафічныя наступствы» ядравага ўдару па Украіне


Дарадца прэзідэнта Злучаных Штатаў Джэйк Саліван расказаў CBS, што Расею папярэджвалі на «вельмі высокім узроўні» аб наступствах магчымага ўжывання ядравай зброі ва Украіне. Але ці будуць ЗША ўжываць у адказ ядравую зброю і калі так, то куды ўдараць, наўпрост не кажуць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпрабаванні ядравай бомбы на атоле Энівэтак, Маршалавы Астравы. 15 лістапада 1952 года.
Фота: National Nuclear Security Administration / Public domain

У інтэрв’ю CBS Джэйк Саліван згадваў, што Уладзімір Пуцін не ў першы раз ужывае ядравыя пагрозы. Журналістка ўдакладніла: раней Пуцін не быў настолькі «загнаны ў кут», як цяпер. Саліван пагадзіўся і дадаў, што менавіта таму да ядравых пагрозаў трэба ставіцца вельмі сур’ёзна.

«Мы наўпрост, прыватна, на вельмі высокім узроўні паведамлялі Крамлю, што на любое выкарыстанне ядравай зброі ў адказ будуць катастрафічныя наступствы для Расеі, што Злучаныя Штаты і нашыя саюзнікі адкажуць рашуча. І мы ясна і канкрэтна пазначылі, што гэта пацягне за сабой», – казаў Саліван.

ЗША не адказваюць Крамлю наўпроставымі ядравымі пагрозамі. Той жа Саліван кажа толькі пра «рашучы адказ» і працяг падтрымкі Украіны. «The Washington Post» піша са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША наўмысна пакідае пагрозы расплыўчатымі, каб Крэмль хваляваўся адносна магчымага адказу.

На падобнае пытанне аб тым, што сказаць «загнанаму ў кут» Пуціну аб выкарыстанні ядравай зброі ва Украіне, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн нядаўна адказаў: «Не, не, не. Гэта зменіць твар вайны як нішто іншае пасля Другой сусветнай».

Аглядальнікі нямецкага «Frankfurter Allgemeine Zeitung» разважаюць аб магчымых сцэнарах адказу, калі Расея нанясе тактычны (то значыць, не максімальна магутны) ядравы ўдар па Украіне. Гэта могуць быць і кібератакі на расейскія аб’екты, і ўжыванне тактычнай ядравай зброі па расейскіх пазіцыях ва Украіне. Брытанскі «The Guardian» піша, што ўвесь свет хацеў бы пазбегнуць сцэнара, у якім ЗША або NATO наносяць удар у адказ па Расеі, бо тады цалкам імаверна, што Расея адкажа ядравым ударам па NATO.

Беларускі праваабаронца Андрэй Стрыжак у сваім Youtube-блогу «Свои / чужие» згадаў: у 2016 годзе на стратэгічных ваенных гульнях у ЗША разглядалі розныя варыянты развіцця падзеяў пасля ядравага ўдару Расеі па адной з краінаў Балтыі. Тады, каб не біць наўпрост па Расеі, адна група прапанавала нанесці ядравы ўдар па тэрыторыі Беларусі. А тады Беларусь не была нават саўдзельнікам расейскага нападу, а проста ваеннай саюзніцай Расеі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў