У Расеі назвалі яўку на «рэферэндумы»: пад 80 % у «ДНР» і «ЛНР», у Запарожжы і Херсоншчыне – каля 50 %


«Рэферэндумы» аб уваходзе ў склад Расеі прызнаныя адбыўшыміся ў «ДНР» і «ЛНР», піша «Коммерсант» са спасылкай на «цэнтральныя выбарчыя камісіі» самаабвешчаных рэспублік. Гэтыя «рэферэндумы» яшчэ будуць працягвацца да 27 верасня ўключна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: donbass_res

Лічбы яўкі, якія называюць расейскія дзяржаўныя медыі і прарасейскія калабаранты на акупаваных тэрыторыях, такія:

  • Луганская вобласць, якую Расея кантралюе амаль цалкам – 76,09 % яўкі.
  • Данецкая вобласць, палову якой кантралюе Расея – 77,12 % яўкі (невядома, як лічаць яўку і ці залічваюць у «выбарнікаў» тых, хто жыве на падкантрольнай Украіне тэрыторыі).
  • Херсонская вобласць, якую амаль цалкам кантралюе Расея – 48,91 % яўкі (для таго, каб «рэферэндум» адбыўся, трэба 50 %).
  • Запарожская вобласць – 51 % яўкі выбарнікаў, якія знаходзяцца на падкантрольнай Расеі тэрыторыі. Пры гэтым Расея кантралюе тэрыторыю, на якой жыве менш за палову насельніцтва вобласці.

«Рэферэндумы» яшчэ не завершаныя: іх збіраюцца праводзіць аж да 27 верасня ўключна, а «выбарчыя ўчасткі» адкрыюцца толькі ў апошні дзень.

Як Расея збіраецца трактаваць вынікі «рэферэндумаў» у «ДНР» і Запарожскай вобласці, якія за час вайны акупавала далёка не цалкам, невядома. Таксама як незразумела, што Расея думае пра часткі Луганскай і Херсонскай вобласцяў, якія не кантралюе: напрыклад, ці стане фармальна анексаваць пасёлак Белагораўка Луганскай вобласці, што пад кантролем Збройных сілаў Украіны.

Пасланне прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да Федэральнага сходу чакаецца 30 верасня. Верагодна, што зварот Пуціна будзе прысвечаны «рэферэндумам» аб далучэнні да Расеі акупаваных украінскіх рэгіёнаў і таксама можа завяршыцца падпісаннем «дагавораў» аб прыняцці іх у склад РФ.

Вынікі «рэферэндумаў» не прызнаюць Украіна, ЗША, Еўразвяз і нават краіны, якія лічыліся «сябрамі» Расеі, як то Кітай і нават Сербія.

Аналітыка
У «ДНР», «ЛНР» і акупаваных украінскіх рэгіёнах праходзяць рэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Што пра іх вядома?
2022.09.23 11:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў