У Дагестане пратэстоўцы перакрылі федэральную трасу, паліцыя страляла ў паветра


У Дагестане жыхары вёскі Эндзірэй на знак пратэсту супраць мабілізацыі перакрылі федэральную трасу Хасавюрт-Махачкала.

Канал «Тут Дагестан» сцвярджае, што з сяла Эндзірэй па мабілізацыі прызвалі 110 чалавек, і людзі выйшлі на акцыю, каб абараніць сваіх сыноў, братоў і мужоў. Паліцыя стрэламі ў паветра паспрабавала разагнаць пратэстоўцаў. Пра пацярпелых нічога не паведамляецца.

У дагестанскіх пабліках цяпер распаўсюджваюцца заклікі выходзіць на пратэсты ў Махачкале (сталіца Рэспублікі Дагестан).

«Мы збіраемся не для таго, каб праз некалькі гадзін разысціся – мы збіраемся, што б зрабіць майдан – разбіць намёты і сабраць на гэты майдан увесь Дагестан – да таго часу, пакуль цалкам не адменяць мабілізацыю для Каўказа!!!!» – піша канал «Утро Дагестан».

Раней медыі паведамлялі, што 22 верасня федэральную трасу перакрывалі жыхары Бабаюртаўскага раёну Дагестану.

Нагадаем, Расея абвесціла мабілізацыю на вайну супраць Украіны 21 верасня. Афіцыйна заяўлена, што прызваць плануецца 300 тысяч чалавек. Але, паводле інфармацыі незалежных медыяў, насамрэч пастаўлена задача мабілізаваць 1 ці нават 1,2 мільёна чалавек.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў