«Мы сапраўды ўсе хворыя». Святлана Алексіевіч выступіла перад чытачамі ў Вільні


Святлана Алексіевіч сустрэлася з чытачамі ў межах літаратурнага фестывалю «Open books», што прайшоў у Вільні 24 верасня. Як кажа арганізатарка фестывалю Юрга Мандрыяўскайце, голас і думкі Алексіевіч натхнілі і трошкі супакоілі.

Святлана Алексіевіч выступае на фэсце «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Карэспандэнтка «Белсату», а таксама журналісты радыё «Свабода» і выдання «Malanka Media» задалі пытанні Святлане Алексіевіч пасля завяршэння ейнага выступу на фестывалі.

Пра вайну, мабілізацыю, Лукашэнку і Пуціна

– Вы ў «Цынкавых хлопчыках» распавядалі пра жанчын, якія шукалі сваіх забітых дзяцей на вайне. Чаму, на вашую думку, цяпер жыхары Расеі не асабліва пераймаюцца сваймі забітымі?

– Вы ведаеце, мяне цяпер не Пуцін здзіўляе, а менавіта расейскі народ. Вось гэтыя маці. І я памятаю адно выказванне маці, у яе журналіст пытаецца: раскажыце, як ён пайшоў (а яна стаяла каля магілы), што вы адчуваеце. Яна кажа: не, я з вамі размаўляць не магу. Калі я буду з вамі размаўляць, мне не дадуць грошай за яго, а калі не дадуць грошай, я не куплю кватэры дачцэ. Вы ведаеце, калі я пісала кнігу «Цынкавыя хлопчыкі», такога быць не магло, нешта здарылася з намі. І мы сапраўды ўсе хворыя.

Святлана Алексіевіч выступае на фэсце «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

– Што чакае беларускае грамадства, калі Лукашэнка ўвяжацца ў вайну ва Украіне і накіруе туды беларусаў?

– Не, гэта проста немагчыма ўявіць. І я спадзяюся, Лукашэнка таксама гэта разумее, што такая маленькая краіна… І везці сюды труны, невядома, за якія мэты. І каб нашыя людзі забівалі ўкраінцаў, якіх мы ўсе любім, з якімі нас звязвае даўняя роднасная сувязь… Гэта нават уявіць немагчыма.

Мне падаецца, з беларусаў, колькі я з імі размаўляла, ніхто не хоча на гэтую вайну і ніхто не хоча забіваць.

– Калі будзе ў Беларусі мабілізацыя, што нам рабіць?

– Напэўна, не адмовяцца ісці ваяваць, на жаль, але, я думаю, будуць імкнуцца не забіваць.

– Ці здзівіла вас такое масавае падтрыманне, або, у найлепшым выпадку, замоўчванне вайны расейскімі дзеячамі культуры, іншымі грамадскімі аўтарытэтамі?

– Так, мяне гэта нават узрушыла. Адзін Галкін прыгожа сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. Я думаю, што будзе сорамна гэтым людзям, будзе сорамна.

Наведнікі фэсту «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

– Што вы думаеце пра дэрусіфікацыю ва Украіне ў сферы культуры?

– Гэта можна зразумець, украінцаў. Тое, што яны перажываюць. Яны ў роспачы – і іх можна зразумець. Але, я думаю, расейская літаратура будзе прысутнічаць ва ўкраінскай свядомасці, я не ведаю, якім чынам, але будзе. Але цяпер пра гэта цяжка казаць.

– Калі Расею выганяць на нейкія межы, якія не атрымаецца выдаць за перамогу, або расейскае грамадства самое зразумее, што адбылося, або праз 5–10 гадоў ізноў палезуць да суседзяў?

– Я лічу, што сама Расея не справіцца з гэтай праблемай, яна занадта хворая, вельмі цяжка хворая і таму тут трэба дапамога свету. Увесь свет мусіць ёй дапамагчы. Спачатку дапамагчы, каб Украіна перамагла, а потым дапамагчы Расеі, каб расейскае грамадства зразумела, што адбылося.

Наведнікі фэсту «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

– Ці змогуць тры нашыя народы калісьці жыць, як нармальныя суседзі?

– Я думаю, нават вы да гэтага не дажывяце. Гэта будзе доўга, гэта будзе доўга, бо гэта вельмі страшная вайна, вельмі здрадлівая, несправядлівая, калі брат забівае брата.

– Гэта вайна Пуціна – ці Расеі?

– Не, гэта вайна Пуціна. Я думаю нават, што ашуканы рускі народ, я не думаю, што ён хоча забіваць украінцаў.

Пра чаканую амністыю для палітзняволеных

– Што вы думаеце пра амністыю, якая планавалася, яна адкладзеная?

– Я б хацела, каб нашая ўлада шукала шляхі, як прымірыць нашае грамадства. І як зрабіць так, каб усе вярнуліся дадому, каб дзеці абнялі сваіх бацькоў і грамадства шукала шлях адно да аднога.

– Што рабіць беларусам у такой сітуацыі, у якой мы цяпер?

– Не адчайвацца, рыхтавацца да новага часу. Рабіцца прафесіяналамі, калі яны за мяжой. Маладым вучыцца, набываць прафесію, рабіцца найлепшымі ў прафесіі. У новай Беларусі будуць патрэбныя новыя людзі.

Святлана Алексіевіч выступае на фэсце «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра новую кнігу і ролю дзеячаў культуры

– На якой мове будзе вашая новая кніга? Вы працуеце над кнігай пра беларускую рэвалюцыю – ці будзе яна актуальная, калі цяпер усе гавораць пра вайну?

– Я думаю, што яна будзе на расейскай мове. Паколькі ўся мая гісторыя, энцыклапедыя, яна на расейскай мове. Гэта будзе разважанне аб тым, хто мы, беларусы, што з намі сёння адбываецца, чаму здарылася рэвалюцыя. Гэта будзе не толькі пра Акрэсціна аповед, гэта будзе аповед пра той шлях, які мы прайшлі і які мы шукаем.

– Якая цяпер роля дзеячаў культуры? У асноўным уся нашая эліта цяпер у выгнанні.

– Дзеячы культуры і беларускія, і расейскія не мусяць маўчаць, мусяць казаць праўду пра тое, што адбываецца, мусяць пісаць пра гэта. Нават калі гэтага нельга сёння апублікаваць, пішыце ў стол. Пішыце для сваіх нашчадкаў, але гэтыя тэксты мусяць быць.

Святлана Алексіевіч на фэсце «Open books». Вільня, Літва. 24 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

– Да вас прыслухоўваюцца. Вы разумееце сваю місію, вы адчуваеце гэта?

– Я не магу казаць, што я таксама жыву з місіяй. Місію адчувае Пуцін. А я проста раблю тое, што я мушу рабіць як сумленны чалавек.

– Ці пішаце вы кнігі пра пачуцці, пра каханне?

– На жаль, цяпер рэдка пішу, бо я занятая гэтай кнігай, дапісваю сваю гісторыю пра камуністычную ідэю, якая толькі цяпер цярпіць паразу ў нас. Толькі цяпер падае імперыя. Але я ўсё ж такі напішу свае кнігі пра каханне.

Святлана Алексіевіч – аўтарка кніг «Чарнобыльская малітва», «У вайны не жаночы твар», «Час сэканд-хэнд» і іншых. У 2015 годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. У жніўні 2020 года далучылася да Каардынацыйнай рады і падтрымала пратэсты ў Беларусі. Цяпер жыве ў Нямеччыне.

ГР belsat.eu

Стужка навінаў