Макей у ААН назваў вынікі халоднай вайны «Вэрсалем 2.0». Тлумачым, чаму гэтая паралель двухсэнсоўная


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей, выступаючы на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, зноў усклаў адказнасць за вайну ва Украіне на Захад. Але пры гэтым ён звярнуўся да вельмі двухсэнсоўнай паралелі з падзеямі першай паловы XX стагоддзя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Макей.
Фота: president.gov.by

Падчас свайго выступу Макей паўтарыў прапагандысцкія тэзісы пра тое, што Украіна нібыта «цягам васьмі гадоў знішчала народ Данбасу». Таксама ён заявіў, што Украіна цяпер плаціць крывёй за тое, што «забылася пра гістарычнае братэрства трох усходнеславянскіх народаў».

Але першапрычынай канфлікту міністр назваў «геапалітычны хаос» апошніх дзесяцігоддзяў. Макей параўнаў сітуацыю, якая склалася ў свеце пасля перамогі Захаду ў халоднай вайне, з Вэрсальскай дамовай пасля Першай сусветнай вайны, калі бок, які перамог, пастанавіў фактычна «растаптаць» апанента.

«Халодная вайна скончылася нават не афіцыйнай дамовай, а нейкімі «джэнтльменскімі дамоўленасцямі» і дэкларацыямі. Як паказалі наступныя падзеі, гэтыя дамоўленасці не выконваліся так званым пераможным бокам. Па сутнасці, яны ўяўляюць сабой не што іншае, як «Вэрсаль 2.0», – адзначыў міністр.

Паводле Макея, удзел NATO ў войнах супраць Югаславіі, Іраку, Лівіі і Сірыі, а таксама спробы пашырэння Альянсу на ўсход «прадвызначылі для Вэрсалю 2.0. лёс першага Вэрсалю».

«Таму віну за кровапраліцце ва Украіне ў поўнай меры павінен несці калектыўны Захад. Менавіта Захад зрабіў гэты канфлікт непазбежным», – рэзюмаваў ён.

Паралель Макея паміж вынікамі халоднай вайны і Вэрсальскай мірнай дамовай выглядае двухсэнсоўна. Крушэнне Вэрсальскай сістэмы прывяло да Другой сусветнай вайны, але яе распачалі не пераможцы ў Першай сусветнай вайне (краіны Антанты), а тыя, хто зазнаў паразу (Нямеччына). Выкарыстоўваючы такія аналогіі, Макей сам падштурхоўвае да правядзення паралелі паміж гітлераўскай Нямеччынай і пуцінскай Расеяй, хаўрусніцай якой цяпер выступае лукашэнкаўская Беларусь.

Нагадаем: імкненне скасаваць «несправядлівую» Вэрсальскую дамову 1919 года было якраз нарожным каменем агрэсіўнай вонкавай палітыкі Адольфа Гітлера. Абвяшчаючы пра напад на Польшчу 1 верасня 1939 года, Гітлер акурат ускладаў адказнасць за вайну на «заходнія дэмакратыі», якія не захацелі мірным шляхам развязаць праблемы, «створанай Вэрсальскім дыктатам».

Аналітыка
«Канчатковае рашэнне», або «дэўкраінізацыя». Як пуцінская Расея капіюе гітлераўскую Нямеччыну
2022.06.22 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў