У Варшаве затрымалі беларуса – былога кіраўніка крыптабіржы. Што вядома


Дзмітрый Васільеў.
Фота: Martselev Sergey / Facebook

У Варшаве затрыманы экс-кіраўнік найбуйнейшай расейскай крыптабіржы «Wex», беларус Дзмітрый Васільеў. Два гады таму яго ўжо арыштоўвалі ў Італіі, але пасля вызвалілі.

34-гадовага Дзмітрыя Васільева затрымалі ў Варшаве яшчэ 11 жніўня ў аэрапорце Варшавы, піша польскае выданне Wyborcza.pl.

У Польшчы да яго прэтэнзіяў няма: па лініі Інтэрполу яго ўжо некалькі гадоў шукае Казахстан. Зараз польская пракуратура разглядае пытанне аб экстрадыцыі Васільeва ў Казахстан.

Хто такі Васільеў

Васільеў – ураджэнец Беларусі, у 2010-я захапіўся крыптавалютамі, абслугоўваў буйных кліентаў з Кітая, якія гандлявалі на найбуйнейшай расейскамоўнай крыптабіржы «BTC-e». Улетку 2017 года «BTC-e» зачынілася пасля арышту ў Грэцыі аднаго з меркаваных адміністратараў біржы Аляксандра Вінніка, а ўвосень таго ж года перазапусцілася пад новым імем «Wex». Васільеў стаў дырэктарам біржы і адзіным уласнікам афіцыйнай юрасобы біржы – кампаніі з Сінгапура.

На канец 2017 года «Wex» уваходзіла ў топ-20 найбуйнейшых крыптабірж свету з содневым абаротам 80 млн долараў. У канцы 2018 года Васільеў прадаў Сінгапурскую юрасобу сям’і былога кіеўскага прадпрымальніка Дзмітрыя Хаўчанкі, які ваяваў на ўсходзе Украіны на баку прарасейскіх сепаратыстаў пад пазыўным «Марачок», піша BBC.

Пасля «Wex» Васільеў спрабаваў развіваць уласныя крыптапраекты, у апошні час жыў у Санкт-Пецярбургу. На момант краху крыптабіржы на ёй захоўваліся крыптавалютю на некалькі соцень мільёнаў долараў.

Hавiны
Майніць будуць сябры Лукашэнкі: эканамісты каментуюць ідэю здабываць біткойны з БелАЭС
2021.01.13 11:07

Адзін кліент біржы з Алматы напісаў заяву ў праваахоўныя органы Казахстана, абвінаваціўшы Васільева ў тым, што ён пры дапамозе біржы «Wex» выкраў у яго 20 тыс. долараў. Была ўзбуджаная крымінальная справа, Васільева абвясцілі ў міжнародны вышук. Першы раз яго арыштавалі на запыт Казахстану ў Італіі ўлетку 2019 года, але праз некалькі тыдняў адпусцілі.

Wyborcza.pl адзначае, што Дзмітрый Васільеў быў звязаны з людзьмі Крамля, якія з дапамогай «Wex» адмывалі грошы і фінансавалі напад на Украіны. Паводле выдання, у справе замешаныя таксама расейскія спецслужбы.

Дапамагаў беларускаму пратэсту

Між тым беларускі апазіцыйны актывіст Сяргей Марцалеў паведаміў у Facebook, што апошнія два гады Дзмітрый Васільеў падтрымліваў беларускія пратэставыя ініцыятывы «не словам, а справай». Вёў уласны відэаблог «Криптополитика», дзе таксама асвятляў беларускую тэматыку.

«Дзмітрый не выпадкова зʼявіўся ў Варшаве. Ён збіраўся стартаваць з праектам на стыку палітыкі і эканомікі, зрабіць прэзентацыю новай крыптавалютнай адзінкі «Токен свабоды» (BYN), правесці перамовы з беларускімі цэнтрамі прыняцця рашэнняў у польскай сталіцы. Яго канцэпцыя «новай эканомікі» ўключала механізм прыняцця палітычных рашэнняў на падставе тэхналогіі блакчэйну. «Новая эканоміка» замкнула б бізнес працэсы на беларусаў, дазволіла мінімізаваць кармленне падаткамі менскага рэжыму», – піша Марцалеў.

Паводле яго, 20 верасня тэрмін зняволення пад варту працягнулі яшчэ на два месяцы. Яму пагражае экстрадыцыя. Актывіст не выключае, што і ў Беларусь.

Hавiны
Польшча хоча дамагчыся ад Інтэрполу дадатковай верыфікацыі ордараў з Беларусі і Расеі
2021.09.15 10:35

МГ belsat.eu

Стужка навінаў