У сеціве з'явілася непацверджаная інфармацыя пра атаку на базу менскага АМАПу


У суполцы «Буслы ляцяць» апублікаваная інфармацыя пра тое, што так званы партызанскі атрад «Чорны бусел» нібыта атакаваў базу менскага АМАПу пры дапамозе дрону. Але пакуль гэтыя звесткі не маюць пацверджання з іншых крыніцаў.

Як сцвярджаецца ў паведамленні суполкі, ноччу група «Чорны Бусел» пры дапамозе дрону скінула з вялікай вышыні дзве 5-літровыя ёмістасці з запальнай сумессю на базу менскага АМАПу ва Уруччы. Суполка сцвярджае, што было чуваць гучныя хлапкі і бачныя ўспышкі, праз што ў суседніх дамах прачнуліся людзі. Пры гэтым не ўдакладняецца, які быў вынік гэтай атакі і ці ёсць пацярпелыя. У заяве адзначаецца, што «усе ведамасныя абʼекты МУС, нерухомасць, аўтамабілі карнікаў зʼяўляюцца патэнцыяльнымі мэтамі наступных акцыяў». Таксама апублікаванае відэа з дрону нібыта падчас атакі на базу.

Пацверджання інфармацыі аб нападзе на базу АМАПу з іншых крыніцаў няма. Прэс-служба МУС пра гэта здарэнне нічога не паведамляе.

Суполка «Буслы ляцяць», дзе была апублікаваная інфармацыя наконт нападу на базу АМАПу, разам з хакерскай групоўкай «Кіберпартызаны» і суполкай «Дружыны народнай самаабароны» уваходзіць у аб’яднанне «Супраціў». У маніфесце гэтага руху адзначаюць, што яго мэта – зрынуць рэжым Лукашэнкі, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіравання і законнасці. «Супраціў» настойвае на тым, што беларусы маюць права на паўстанне супраць тыраніі.

Структуры, якія ўваходзяць у рух «Супраціў», дзеюць на ўмовах поўнай ананімнасці. Толькі два чалавекі гатовыя рэпрэзентоўваць аб’яднанне ў публічнай прасторы – псіхіятр і грамадскі дзеяч Дзмітрый Шчыгельскі (прадстаўнік у палітычных пытаннях) і былы амапавец Павел Кулажанка (прадстаўнік у пытаннях тактыкі супраціву). Абодва цяпер жывуць у ЗША.

Артыкулы
«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»
2021.09.04 08:24

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў