У МУС заявілі пра затрыманне «выканаўцаў тэрактаў» на Магілёўшчыне


Міліцыя Магілёўшчыны разам з байцамі ГУБАЗіКу затрымалі трох жыхароў Бабруйску – 27, 30 і 45 гадоў. Іх абвінавачваюць у «дзеяннях тэрарыстычнага характару».

Прэс-служба МУС сцвярджае, што ў жніўні і верасні пад Бабруйскам і ў самім горадзе адбыліся «дзеянні тэрарыстычнага характару», а фота- і відэасправаздачы гэтых акцыяў былі распаўсюджаны ў сеціве, у тым ліку ў суполцы «Буслы ляцяць».

У МУС кажуць, што 11 жніўня недалёка ад чыгуначнай станцыі Мірадзіна быў знойдзены «прадмет, падобны на выбуховую прыладу». Тады праз гэта спынілі рух цягнікоў на паўтары гадзіны. Падобныя прадметы былі знойдзены работнікамі чыгункі 24 і 31 жніўня паміж рэйкамі каля чыгуначных станцыяў Цітаўка і Бабіна, а таксама 16 верасня прадаўцом «Табакеркі» каля самага гандлёвага кіёска ў Бабруйску.

У прэс-рэлізе МУС не гаворыцца, што там сапраўды знаходзілі «выбуховыя прылады» – гаворка ідзе толькі пра прадметы, падобныя на іх. Пры гэтым на відэа МУС адзін з затрыманых адназначна кажа, што яны закладалі менавіта вучэбныя міны. То бок ніякіх выбухаў нават тэарэтычна адбыцца не магло.

«Яшчэ адзін тэракт здзейснены 24 верасня на стрэльбішча «Кісялевічы»: зламыснікі спалілі стралковы цір, які належыць в/ч 5527», – адзначаецца ў прэс-рэлізе МУС. На якой падставе падпал ціра лічыцца менавіта тэрарыстычным актам у заяве міліцыі не ўдакладняецца.

Адзін з затрыманых жыхароў Бабруйску. Скрыншот з відэа pressmvd / Telegram

Па падазрэнні ў здзяйсненні гэтых акцыяў былі затрыманыя трое жыхароў Бабруйску 27, 30 і 45 гадоў. Распачатыя крымінальныя справы за «пагрозу здзяйснення акту тэрарызму» і «акт тэрарызму».

«У цяперашні час падазраваныя правяраюцца на дачыненне да аналагічных злачынстваў, у тым ліку ўчыненых у Менску. Таксама ўстанаўліваюцца іншыя асобы, якія могуць быць датычныя да акту тэрарызму ў сталіцы», – заяўляецца ў прэс-рэлізе МУС. Пры гэтым не ўдакладняецца, пра які «акт тэрарызму ў сталіцы» ідзе гаворка.

Артыкулы
«Ідзе пазіцыйная вайна на знясіленне». Размова з Дзмітрыем Шчыгельскім пра падпольны рух «Супраціў»
2021.09.04 08:24

Нагадаем, сёння ў суполцы «Буслы ляцяць» апублікаваная інфармацыя пра тое, што так званы партызанскі атрад «Чорны бусел» нібыта атакаваў базу менскага АМАПу пры дапамозе дрону. Як сцвярджаецца ў паведамленні суполкі, ноччу група «Чорны Бусел» пры дапамозе дрону скінула з вялікай вышыні дзве 5-літровыя ёмістасці з запальнай сумессю на базу менскага АМАПу ва Уруччы. Суполка сцвярджае, што было чуваць гучныя хлапкі і бачныя ўспышкі, праз што ў суседніх дамах прачнуліся людзі. Пры гэтым не ўдакладняецца, які быў вынік гэтай атакі і ці ёсць пацярпелыя. У заяве адзначаецца, што «усе ведамасныя абʼекты МУС, нерухомасць, аўтамабілі карнікаў зʼяўляюцца патэнцыяльнымі мэтамі наступных акцыяў». Таксама апублікаванае відэа з дрону нібыта падчас атакі на базу.

Пацверджання інфармацыі аб нападзе на базу АМАПу з іншых крыніцаў няма. Прэс-служба МУС пра гэта здарэнне нічога не паведамляе.

Hавiны
У сеціве з’явілася непацверджаная інфармацыя пра атаку на базу менскага АМАПу
2021.09.25 19:30

Суполка «Буслы ляцяць» (дзе была апублікаваная інфармацыя наконт нападу на базу АМАПу і на якую спасылаецца ў сваім паведамленні пра «бабруйскіх тэрарыстаў» міліцыя) разам з хакерскай групоўкай «Кіберпартызаны» і суполкай «Дружыны народнай самаабароны» уваходзіць у аб’яднанне «Супраціў». У маніфесце гэтага руху адзначаюць, што яго мэта – зрынуць рэжым Лукашэнкі, захаваць незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а таксама вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіравання і законнасці. «Супраціў» настойвае на тым, што беларусы маюць права на паўстанне супраць тыраніі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў