Ці гатовыя беларусы да сілавога сцэнару?

У 1994-м годзе мы абралі прэзідэнта, які прапаноўваў забыцца аб нацыянальных сімвалах у абмен на «чарку і шкварку». Прапаноўваў страту дзяржаўнасці ў абмен на нізкія кошты нафты, за кошт усходняга суседа. Народ маўчаў.

У жніўні 2020-га, не лідары, падступна змовіўшыся, «вадзілі народ па плошчах». Беларускі народ выбраў прынцыпова мірную форму супрацьстаяння. Дакладна гэтак жа, як украінскі народ 7 гадоў таму абраў прынцыпова сілавую. Два розныя народы – два розныя выбары. Ні адзін лідар не здолеў бы нават самым выбітным аратарскім майстэрствам прывесці да сілавога працэсу людзей, якія да яго не гатовыя. Людзей, якія ўпершыню за 27 гадоў адважыліся выхадам на вуліцу выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Сапраўды гэтак жа як ні адзін лідар не здолеў бы спыніць народ, які прынцыпова вырашыў бы выбраць сілавы спосаб супрацьстаяння.

Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе.
Фота: Deutsche Welle / Telegram

Ціханоўская, Калеснікава, Знак не змаглі б стаць лідарамі ўкраінскага Майдану. Дакладна гэтак жа вулічныя лідары Майдану не сталі б папулярныя ў Беларусі.

І Лукашэнка ў 1994-м годзе, прыйшоўшы да ўлады ў любой іншай краіне, і агучыўшы сваю праграму далучыцца да Расеі, адмовіўшыся ад сцяга, не ўтрымаўся б на сваім месцы, не кажучы пра падаўжэнне тэрмінаў.

Хрысціянства прадугледжвае асабістую адказнасць кожнага чалавека за свае ўчынкі. Гэты прынцып лёг у аснову сучаснага права, замест калектыўнай адказнасці. Дзіўна, што ў беларускай медыйнай прасторы шмат месца займаюць людзі, якія як быццам здымаюць усю адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне і перакладаюць на каго заўгодна: Ціханоўскую, Лукашэнку, Байдэна.

Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская 30 ліпеня правяла вялікі мітынг у парку Дружбы народаў. Паводле звестак праваабаронцаў, мітынг наведала 63 тысячы чалавек. Гэта найбольш масавае палітычнае мерапрыемства ў сталіцы за апошнія 10 гадоў. Менск, Беларусь. 30 ліпеня 2020 года.
Фота: Белсат

Такі падыход нагадвае больш падобнае на дахрысціянскае, старажытнагрэцкае ўспрыманне раба як моўнай прылады – што гаспадар сказаў тое і зрабіў, сваёй волі раб не мае і нават абмяркоўваць гэта недарэчна.

Гэты стан калектыўнай безадказнасці – вельмі зручны. Архаічная свядомасць –ідэальная для дыктатара, таму Лукашэнка яе і ўсяляк падтрымлівае. Аднак пры такім стане грамадства, нават пры змене ўлады нас чакае проста новы дыктатар, толькі з бчб і Пагоняй.

Абарона – прыняцце асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў краіне з боку крытычнай масы грамадзян. Здаецца, гэта называецца – грамадзянская супольнасць.

Таму можна ўжо перастаць крытыкаваць лідараў за тое, што яны заклікаюць людзей не да таго, што вам хацелася б. Лідары заклікаюць роўна да таго, на што гатовы сёння народ. Калі людзі будуць гатовыя паўстаць – лідэр вылучаецца імгненна з масы гатовых да гэтага.

Жыхары Кунцаўшчыны прайшлі маршам па вуліцы Прытыцкага, выкарыстоўвалі дымавыя шашкі. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Ёсць дзясяткі ініцыятыў сілавога шляху: «Буслы» «DNS». Але хіба мы бачым масавасць іхеых прыхільнікаў, сур’ёзныя акцыі? У Беларусі няма ірландскай вызваленчай арміі.

Таму замест вылучэння загадзя невыканальных патрабаванняў да палітычных лідараў, нашым лідарам меркаванняў добра б заняцца тым, з чаго ва ўсе часы пачыналіся пераўтварэнні ў грамадстве. Гэта адукацыя і асвета. Праца з народам. Тых, хто браў на сябе адказнасць за гэтую нялёгкую задачу, гісторыя называла «элітай», бацькамі нацыі. Калі чалавек ведае «навошта», ён пераадолее любое «як».

Пераканаць мільёны людзей у неабходнасці мяняць сваё жыццё, ахвяруючы асабістым дзеля каштоўнасцяў, хвілінным дзеля доўгатэрміновага, свабодай і здароўем дзеля будучыні – вельмі складана. Нашмат лягчэй крытыкаваць лідара за тое, што ён не кіруе сваімі прыхільнікамі, як старажытнагрэцкімі рабамі, нібы па ўзмаху чароўнай палачкі. Але іншага спосабу няма.

Меркаванні
Ці быў шанец узяць уладу 9 жніўня? Рэфлексія з нагоды «страчанага шанцу»
2021.09.19 15:09

Міхаіл Кірылюк/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў