Парушэнні графікаў, рамонты і адключэнні. Чытачы распавядаюць пра пачатак новага ацяпляльнага сезону


Рэзкае пахаладанне ў верасні вымусіла камунальнікаў раней распачаць чарговы ацяпляльны сезон. У ЖКГ заверылі, што ў цэлым да гэтага гатовыя. Аднак чытачы belsat.eu паведамляюць, што не паўсюль ацяпленне падключылі паводле графіку.

Менск

Менская гарадская жыллёвая гаспадарка паведаміла, што ацяпленне ў сталіцы запускаецца ў адпаведнасці з графікам. Аднак чытачы belsat.eu распавялі, што часцяком ацяпленне ўключалі са спазненнем.

  • «Цяпла ў кватэры ў Малінаўцы так і не далі. Паводле графіку Менгарвыканкаму, павінны былі даць учора. Цяпер у кватэры 16,5 градусаў».
  • «Не выконваецца графік падключэння ацяплення, што змешчаны на сайце Менгарвыканкаму. Дамы ў Малінаўцы, якія мусілі падключыць да ацяплення 23-га дня, усё яшчэ не падключылі».
  • «У Лошыцы таксама не далі цяпла паводле графіку, у кватэрах холадна. Што гэта? Проста не ўзгаднілі графік з камунальнікамі, ці камунальнікі ўчынілі дэмарш? Наўпрост няма людзей, каб выканаць графік? Ці не гатовае абсталяванне?»
Менская ЦЭЦ-4.
Фота: Белсат

Чытачы паведамляюць, што камунальнікі парушаюць графік падключэння да ацяплення і на карысць жыхароў. У некаторых дамах Паўднёвага Захаду цяпло далі на дзень раней за графік Менгарвыканкаму.

На фоне халадоў актуальнымі сталі і выключэнні гарачага водазабеспячэння.

«У раёне Вяснянкі цэлы дзень адсутнічае гарачая вада. У службу 115 дазваніцца зусім немагчыма. З 9-й раніцы прапала вада, потым сказалі, што гарачая ёсць, але з крану цячэ халодная. Добра, што ацяпленне ўключылі».

Батарэя ў кватэры.
Фота: informator.ua

Магілёў

Праблемы з гарачай вадой і ацяпленнем назіраюцца не толькі ў сталіцы. Праз прарыў цепласеткі ў двух буйных спальных раёнах Магілёва (8-ы Цагляны і 30 гадоў Перамогі) двое содняў не было гарачай вады і цяпла. Жыхары сцвярджаюць, у некаторых кватэрах вільготнасць такая, што шпалеры адстаюць ад сценаў.

«У 115 спачатку абяцалі, што зліквідуюць паломку ўчора, затым – што дадуць рады сёння да 5-й вечара, а цяпер упэўніваюць, што ўсё будзе гатовае да 9-й раніцы заўтра. Калі за пятніцу не зробяць, далей будуць выходныя, і давядзецца чакаць новага тыдня».

Баранавічы

Без гарачай вады і ацяплення засталіся і жыхары Баранавічаў. Там за цэлае лета камунальнікі не паспелі зрабіць урэзку новай інжынернай сеткі мікрараёну Паўночны-2 у магістраль ЦЭЦ. У выніку гэтая праца выконваецца цяпер, таму жыхары на 10 дзён засталіся без гарачай вады і ацяплення.

«На дварэ +5. У больніцах, дзіцячых садках, школах холадна так, што проста жах. У дзяцей мерзнуць рукі на ўроках. І гэта ў той час, калі лютуе каронавірус і пачалася новая хваля захворванняў».

Гісторыі
Вялізныя чэргі, адсутнасць месцаў у шпіталях і змаганне за тэсты. Чытачы – пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі
2021.09.24 08:30

ВК belsat.eu

Стужка навінаў