«Для Лукашэнкі кепска, што ён не дапамог Пуціну». Палітолаг Суздальцаў пра вынікі расейскіх выбараў


20 верасня 2021 г.: Kremlin Pool / Russian Look / Forum

На мінулым тыдні ў Расеі прайшлі парламенцкія і мясцовыя выбары. Яны не завяршыліся паразай партыі ўлады або масавымі пратэстамі, але ўсё роўна былі неспакойнымі для Крамля. Тэма беларуска-расейскай інтэграцыі на гэтыя выбары ніяк не паўплывала, і гэта вялікі мінус для беларускіх уладаў.

Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў распавядае «Белсату» пра беларускі кантэкст нядаўніх расейскіх выбараў.

Чаму выбары былі нервовымі для Крамля

Вынікі выбараў – перамога партыі ўлады «Единая Россия» з невялікім пагаршэннем вынікаў адносна мінулых выбараў. Гэтага «замала для кіроўнай партыі, якая прэтэндуе на лёсавызначальныя рашэнні для Расеі», лічыць Судзальцаў.

Да нядаўніх выбарах у Расеі практычна не дапусцілі несістэмную апазіцыю, змагаліся з заклікамі да «разумнага галасавання» (заклікам прыхільнікаў зняволенага лідара апазіцыі Аляксея Навальнага галасаваць за любога кандыдата, які мае шанцы перамагчы кандыдата ад партыі ўлады).

Аналітыка
«Разумнае галасаванне», рэйтынг камуністаў і цэнзура ў інтэрнэце. Што трэба ведаць пра выбары ў Расеі
2021.09.18 11:30

І хоць «Единая Россия» мела ў буйных гарадах рэйтынг у 25-30%, у выніках галасавання іх падтрымка вялікая ў тым ліку праз не самую высокую яўку праціўнікаў улады (агульная яўка, паводле афіцыйных вынікаў, склала каля 51,7 %). Кепскія вынікі ў галасаванні па партыйных спісах (афіцыйна – каля 49,8% за «ЕР») кампенсавалі вынікамі па аднамандатных акругах (там 88% пераможцаў ад «ЕР», сумарна партыя ўлады атрымлівае 72% мандатаў).

Выбарцы, у тым ліку расейскія вайскоўцы, стаяць у чарзе перад уваходам на выбарчы ўчастак падчас трохдзённых парламенцкіх выбараў у Маскве, Расея, 17 верасня 2021 г.
Фота: STAFF / Reuters / Forum

Расейскія ўлады, распавядае Суздальцаў, вельмі хваляваліся наконт нядаўніх выбараў не праз тое, што баяліся, што «будзе як у Беларусі». У Расеі, кажа ён, вельмі моцныя школы палітолагаў і паліттэхнолагаў, а яны не дыягнаставалі праблемы, сувымерныя з пратэставым галасаваннем Беларусі-2020.

Суздальцаў не згаджаецца з тым, што на гэтых выбарах былі масавыя і відавочныя фальсіфікацыі. З масай выдаткаў, але «у Расеі галасы лічаць», пераконвае ён. Была і «бясконцая колькасць назіральнікаў», і празрыстыя скрыні. Галасы за ўладу маглі накінуць праз вынікі электроннага галасавання, кажа Суздальцаў, але «калі б былі нейкія праблемы, людзі выйшлі б: гэта не беларускі фармат, тут выходзяць і праз меншыя сітуацыі».

Hавiны
«Google» і «Apple» выдалілі праграму «Навальны», звязаную з «Разумным галасаваннем»
2021.09.17 11:37

Што будзе цяпер са стаўленнем Крамля да Лукашэнкі

У Крамля з Лукашэнкам і да 2020 года былі праблемы, але леташнія беларускія пратэсты былі новай сітуацыяй, кажа Суздальцаў: калі беларускага кіраўніка паспяхова скіне вуліца, могуць пачацца такія ж выступы ў Расеі (паралельна з беларускай электаральнай кампаніяй і так ішлі шматтысячныя пратэсты ў Хабараўску). Таму ў Крамлі прынялі рашэнні па двух напрамках, якія здаюцца паралельнымі, але на самой справе перасякаюцца ў невыгоднай для Лукашэнкі кропцы.

Першы напрамак – Лукашэнка сыходзіць пасля канстытуцыйнага рэферэндуму. Гэтую прапанову, лічыць Суздальцаў, сам Лукашэнка прывёз Пуціну ў Сочы ў верасні 2020 года. Маўляў, сыходзіць не адразу з лепшых памкненняў: дзейная Канстытуцыя амаль дыктатарская, а раптам прыйдзе да ўлады апазіцыянер.

Другі напрамак – інтэграцыя Беларусі і Расеі. Калі Лукашэнка пачынае інтэграцыю ў інтарэсах Расеі – значыць, ён патрэбны, а не – не патрэбны. Дамова аб дарожных мапах павінна была стаць падарункам Пуціну да выбараў у Дзярждуму, кажа Суздальцаў. На гэта, лічыць палітолаг, публічна намякаў і сам Лукашэнка.

«Але няма ніякіх сведчанняў таго, што тая сустрэчы 9 верасня паўплывала на меркаванні расейскага электарату, – кажа Суздальцаў пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна наконт дарожных мапаў. – Для Лукашэнкі гэта вельмі дрэнна».

У Расеі 17-19 верасня 2021 г. адбыліся парламенцкія выбары для абрання дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расеі (ніжняя палата расейскага парламенту).
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

Суразмоўца belsat.eu адзначае, што гэта не толькі яго меркаванне і не нейкае адно сацыялагічнае даследаванне: наогул ніхто, кажучы аб выніках нядаўніх расейскіх выбараў, не згадвае дарожныя мапы, гэты фактар ​​наогул не лічыцца.

Уплывам на расейскія выбары Лукашэнка мог бы апеляваць. Будзь ад дарожных мапаў плюс да рэйтынгу «ЕР», ён мог бы казаць, што раз народ чакае інтэграцыі, то давай нафту, газ і грошы. Будзь мінус, мог бы казаць, што трэба даваць больш. Адсутнасць уплыву кепская для расейскага лобі ў Маскве: «Просіце даць грошай, а толку ніякага».

«Атрымліваецца, што Лукашэнка не дапамог Пуціну на расейскім полі, хоць Лукашэнка Пуціна неаднаразова выкарыстаў у сваіх выбарах», – робіць выснову Суздальцаў.

Расейскім уладам жа патрэбныя пастаянныя перамогі, разважае палітолаг, а тут выходзіць, што перамаглі самі, без удзелу Лукашэнкі. Гэта значыць, ён не патрэбен Крамлю не толькі калі адмаўляецца ад інтэграцыі, але і калі згаджаецца на яе.

А раз «час інтэграцыі мінуў», раз тэма «саюзнай дзяржавы» выклікае непрыманне і за 25 гадоў «злілася з Лукашэнкам», то выходзіць, што Крэмль можа арганізаваць збліжэнне з Беларуссю толькі пачаўшы з нуля – без Лукашэнкі і забыўшыся пра ўсё дзясяткі мільярдаў долараў, укладзеных у лукашэнкаўскую Беларусь.

Hавiны
Услед за Лукашэнкам у Сочы паляцеў кіраўнік Памежнага камітэту
2021.09.25 11:35

АА belsat.eu

Стужка навінаў