У Крыме бабахае. Ці праўда, што адтуль масава з’язджаюць расейцы?


Падобна, што «бавоўна» распужала не ўсіх турыстаў, але нейкая частка з’ехала. Як гэта паўплывае на мясцовых жыхароў, што жывуць на даходы з турызму? Паразмаўлялі з расейскімі тураператарамі, распыталі ўкраінскіх экспертаў у галіне Крыму.

Мужчына здымае выбух у Навафёдараўцы. Крым, Украіна. 9 жніўня 2022 года. Кадр са здымкаў відавочцаў: oboz_video / Telegram

Жнівень у Крыме выдаўся багат на «загадкавыя» пажары і выбухі. То на аэрадроме «Сакі» самі сабой дэтануюць боепрыпасы (калі верыць расейскай версіі), то пад Джанкоем, то ў Севастопалі спрацоўвае супрацьпаветраная абарона, то аж у Керчы кажуць пра збіты беспілотнік… Акупаваны Расеяй украінскі Крым лічыўся глыбокім тылам, ды цяпер там перыядычна здараецца «бавовна» – так украінцы іранічна называюць выбух, які расейская прапаганда сарамліва называе словам «хлопок».

Аналітыка
Чаму ЗСУ наносіць удары па Крыме і чаго чакаць далей?
2022.08.19 19:53

Пляжны сезон праваліўся?

Ва ўкраінскіх медыях разлятаюцца навіны аб тым, што расейцы масава ўцякаюць з Крыму і што цэны на жытло рэзка падаюць. Ва ўкраінскіх сацсетках папулярная такая карцінка: былы кіраўнік баевікоў «ДНР» кажа, што «пляжны сезон праваліўся». Так ён казаў у траўні пра расейскі напад на Украіну: «Спецыяльная ваенная аперацыя цалкам правалілася».

https://twitter.com/belgorodnewsbnr/status/1557062293699104771

Ці праўда пляжны сезон праваліўся, сказаць цяжка: нават да пачатку поўнамаштабнай вайны Крым лічыўся менш свабодным за Расею, дзейнасць незалежных медыяў моцна абмежаваная.

Ўэб-камеры каля Крымскага маста з нядаўняга часу адключаныя, але прынамсі на «Яндекс.Пробках» затораў у раёне маста даўно не відаць. Ды цэны на аўтобусы з Керчы да Масквы ў тры-чатыры разы вышэйшыя за звычайныя (паводле звестак Rosbilet.ru).

Камеры на пляжах паказваюць, што нават у добрае надвор’е няшмат людзей загарае – але крымскія пляжы перасталі быць люднымі яшчэ ў 2014 годзе. Ды і сёлетні турыстычны сезон пачаўся слаба – нават да эпідэміі «хлапкоў».

Цэны на арэнду кватэраў трымаюцца на ўзроўні мінулых гадоў (па звестках Restate.ru), але колькасць замоваў тураў на верасень знізілася. У архіве цяжка знайсці цэны на туры ў жніўні мінулага года, але там, дзе знаходзяцца, яны вышэйшыя за сёлетнія прыблізна на чвэрць.

На прарасейскім фестывалі не пуста, але і не аншлаг.

Назваўшыся турыстамі, спыталі расейскіх тураператараў, як справы з адпачынкам у Крыме. Яны пераконваюць: усё нармальна, як гатэлі працавалі, так і працуюць, абмежаванняў на наведванне няма. У адным з санаторыяў запэўніваюць: загрузка блізкая да 100 % (але Расейскі саюз турыстычнай індустрыі кажа пра 60 % ва ўсім Крыме).

Тураператары прызнаюць, што нейкая частка турыстаў уцякла, але шмат хто застаўся. Адна аператарка тлумачыць: «Расейскі чалавек спачатку пужаецца, потым яму становіцца абыякава, і тады ўсе пачынаюць баяцца яго».

Калі пачаць пытаць пра бяспеку, тураператары прапаноўваюць Сочы, Абхазію (часткова прызнаную рэспубліку – частку Грузіі пад кантролем сепаратыстаў), Турэччыну ці Егіпет. Калі засумнявацца ў паездцы, то тураператар пераконвае: цэны ў Крыме ўжо былі «на ўзроўні Сочы», але калі не сумнявацца, то кажуць, што «цэны добрыя».

Праблемы ў турыстаў толькі з тым, што ў Крым не лётаюць самалёты – неба закрытае. Чыгункай можна таксама дабрацца не паўсюль, а яшчэ і рэйкавыя дыверсіі здараюцца.  Таму асноўны транспарт – аўтобусы ці машыны. Шмат якія тураператары наогул не прапаноўваюць транспарту да Крыму: тур расплануюць, гатэлі забранююць, але дабірацца трэба самастойна, і калі спазніцца, то стратаў не кампенсуюць.

З’язджаюць не толькі турысты

Намеснік генеральнага дырэктара Украінскага інстытуту Алім Аліеў тлумачыць «Белсату»: з першымі выбухамі пачалі ехаць турысты, затым размовы пра ад’езд пачалі весці тыя расейцы, якія прыехалі жыць у Крым пасля 2014 года.

«Статыстыкі аб тым, хто выязджае, цяпер ніхто не назаве, гэта будзе маніпуляцыя», – дадае Аліеў. Але адзначае, што сам не чуў пра выпадкі, калі б з Крыму цяпер з’язджалі мясцовыя – тады як турысты і тыя, хто пасяліўся пасля 2014 года, выязджаюць масава.

Відэа, што стала мэмам ва ўкраінскіх сацсетках – жанчына, якая, меркавана, пераехала ў Крым пасля 2014 года, не хоча з’язджаць:

Эксперт украінскай Асацыяцыі інтэграцыі Крыму Барыс Бабін кажа «Белсату»: шмат якія турысты і праўда «перарвалі адпачынак», але больш важнае пытанне – ад’езд «каланізатараў», калабарантаў і іхных сем’яў. Ён бачыць масавыя выпадкі, калі з’язджаюць і прадаюць нерухомасць тыя, хто супрацоўнічае з расейскімі ўладамі. Гэтая тэндэнцыя ёсць нават нягледзячы на тое, што расейскія ўлады могуць расцаніць такое як нелаяльнасць. Колькі такіх з’ехала, Бабін не ведае, але мяркуе, што гаворка ідзе пра сотні сем’яў.

«Напраўду, у Крыме не такі і вялікі адсотак калабарантаў сярод агульнага насельніцтва. Нельга казаць, што большасць крымчанаў вітае акупацыйны рэжым», – заўважае Бабін. Але ў Крыме можа быць да паўмільёна «каланізатараў», як Бабін называе тых, хто пераехаў у Крым з Расеі пасля пачатку акупацыі незаконным з гледзішча Украіны шляхам.

Жыхароў Крыму не страшаць выбухі і страта крыніцаў заробку?

Сярод тых, хто жыў у Крыме да акупацыі, рэакцыя розная, кажа Аліеў. Адны баяцца, бо раней лічылі, што іх бароніць «другая армія свету». Іншыя ва ўзнёслым настроі чакаюць дэакупацыі. Ён заўважае, што ўкраінскія дзяржаўныя інстытуцыі даволі хутка далі жыхарам Крыму інструкцыі на выпадак пражывання каля расейскіх вайсковых базаў: як абсталяваць падвалы або куды лепш пераехаць.

Бабін запэўнівае: звычайныя людзі не баяцца дэакупацыі, але разумеюць, што калі на тэрыторыі пачынаюцца баявыя дзеянні, дык гэта небяспека. Перспектыва дэакупацыі пужае перадусім калабарантаў і «каланізатараў».

Шмат жыхароў Крыму жылі за кошт турыстаў. Што цяпер будзе з заробкамі? Бабін адказвае: праблема ў тым, што ў Крыме цяпер няма эканомікі як з’явы, а ёсць толькі расейскія датацыі.

«Пытанне тут напраўду не ў эканоміцы, а ў тым, колькі грошай Крэмль цяпер можа траціць на Крым, – разважае Бабін. – І мы бачым, што ён ужо не будзе выдаткоўваць столькі, колькі было да 2022 года».

Ён згадвае, што яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны Расея датэрмінова спыніла федэральную мэтавую праграму для Крыму. Таму можна цытаваць Дзмітрыя Мядзведзева, які ў 2016 годзе, быўшы прэм’ер-міністрам Расеі, казаў крымскім пенсіянерам: «Грошай няма, але вы трымайцеся».

Аліеў распавядае, што і крымскія ўкраінцы, і крымскія татары, і нават праўкраінскія расейцы абураюцца: як гэта падчас поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну людзі едуць адпачываць у Крым? Татары, дадае ён, кажуць, што гатовыя патрываць і што ведаюць, як выжываць у складаных умовах, але «хай акупанты з’едуць».

Ды абурэнне жыхароў Крыму можа быць мала заўважным па-за паўвостравам, бо расейскія ўлады пагражаюць крымінальнымі справамі за іншадумства.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў