Тлумачым, што рабіць, каб дзіця не трапіла ў прытулак пасля затрымання бацькоў


Маці кідаюць за краты, а дзіця вязуць у прытулак. Акурат такая бяда напаткала нядаўна сям’ю менскай керамісткі Наталлі Карнеевай. Праваабаронца Ірына Траццякова і юрыстка Марыя Жарылоўская параілі «Белсату», што рабіць, каб абараніць сваіх дзяцей ад дзяржаўнай «апекі і ласкі» ў выпадку, калі па вас прыйшлі (ці могуць прыйсці), а ў спальні пасопвае малое.

Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Для беларускай дзяржавы дзеці апазіцыянераў і палітычна актыўных грамадзянаў даўно сталі інструментам ціску і шантажу. Пра маральныя аспекты гаворкі няма. Улады не грэбуюць фашысцкімі метадамі і фактычна бяруць дзяцей у закладнікі.

Выкарыстанне дзяцей зрабілася масавай палітыкай

У 2010 годзе такім закладнікам ледзь не зрабіўся трохгадовы Данііл Саннікаў – сын экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія на той момант былі ў СІЗА КДБ. Данііла ўдалося адбіць (органы апекі хацелі забраць яго проста з дзіцячага садка) бацькам Ірыны Халіп, якія сталі ягонымі апекунамі да вяртання маці на хатні арышт.

Тады выкарыстанне дзіцяці дзеля ціску на нелаяльных бацькоў успрымалася як адзінкавы выпадак. Праз 10 гадоў тое зрабілася масавай палітыкай дзяржавы, сцвярджаюць эксперты.

Згадаем хаця б гісторыю дзяцей палітзняволенай Антаніны Канавалавай (асуджаная на 5 з паловай гадоў), палітвязняў Юліі і Ігара Лаптановічаў, сямʼі Алены і Сяргея Маўшукоў, гісторыю Алены Лазарчык і Сяргея Мацкойця. Такіх выпадкаў нашмат больш.

Іван і Наста Канавалавы, дзеці Антаніны Канавалавай, на афіцыйным адкрыцці «Мірнага дому». Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

У 2021 годзе беларуская праваабаронца Дарʼя Чурко правяла даследаванне непрапарцыйнага ўжывання дзяржаўнымі органамі інструменту так званага «сацыяльна небяспечнага становішча» (СНС, па-расейску – СОП) у мэтах ціску на палітычна актыўных людзей праз іхных дзяцей. З 24 апытаных рэспандэнтаў 13 атрымлівалі пагрозы пастаноўкі на ўлік, 10 – пагрозы адабраць дзіця з сямʼі, і адно дзіця забралі.

Даследчыца прыйшла да высноваў аб незаконнасці такіх дзеянняў.

Праваабаронца раіць складаць даверанасць

Беларуская праваабаронца Ірына Траццякова кажа, што ў сённяшняй Беларусі ад уладаў можна чакаць чаго заўгодна.

«Адбіраць дзіця з сямʼі магчыма толькі на падставе судовага рашэння, але ў цяперашняй неправавой Беларусі забраць могуць у любым месцы і ў любы час без якіх-кольвек падставаў ці на любых падставах. Без усякіх там працэдураў. У тым ліку тады, калі законныя прадстаўнікі падпадаюць пад затрыманне, арышт ці нейкія следчыя дзеянні», – кажа Ірына Траццякова.

У сітуацыі, калі прыйсці могуць амаль да кожнага беларуса (нават да таго, хто кленчыць перад партрэтам Лукашэнкі), варта паклапаціцца пра прэвентыўныя захады.

Будзе разумна, калі бацькі складуць на імёны блізкіх сваякоў (дзядуля, бабуля, цётка, дзядзька, старэйшыя поўнагадовыя дзеці) даверанасць для дэлегавання абавязкаў догляду дзяцей і прадстаўлення іхных законных інтарэсаў, мяркуе праваабаронца.

Паводле яе, у такую даверанасць можна ўключыць і трэціх асобаў, з якімі не маеш сваяцкіх повязяў, але якім безумоўна давяраеш.

Каб аформіць такую даверанасць, трэба звярнуцца да натарыуса.

«Рабіць гэта цяпер таксама небяспечна, бо прыцягваеш да сябе ўвагу: натарыусы цяпер пад каўпаком у так званых сілавікоў, як і адвакаты. Але не рабіць гэтага – значыць, ставіць сваіх дзяцей яшчэ ў большую небяспеку – фактычна іхнага адбірання пры затрыманні ці арышце бацькоў», – лічыць Ірына Траццякова.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Калі ўсё ж такое здараецца і ў дзверы ўжо звоняць, то адзіны варыянт – як мага шырэйшы і мацнейшы розгалас: тэлефанаваць сваякам, сябрам, праваабаронцам. Не можаце дазваніцца – цісніце на «трывожную пімпачку» на смартфоне, каб даслаць СМС пра тое, што вы і вашыя дзеці ў небяспецы.

«Калі ты гэта замоўчваеш – ім прасцей чыніць беззаконне», – кажа праваабаронца.

Ірына Траццякова нагадвае таксама пра папярэдне падпісаныя дамовы з адвакатам, якія, на ейную думку, мусяць быць ва ўсіх: «і ў тых, хто разумее, што да яго могуць прыйсці, і ў тых, хто гэтага пакуль не разумее».

Парады юрысткі

Юрыстка, магістарка права і куратарка адукацыйных праграмаў ЕГУ Марыя Жарылоўская таксама раіць аформіць натарыяльную даверанасць на поўнагадовую асобу, а лепш – на некалькіх: і на сваякоў, і на трэціх асобаў. Удакладняе, што экзэмпляр такой даверанасці (ці яго завераную копію) трэба трымаць удома, па адным асобніку – у кожнай з давераных асобаў.

«Нумары тэлефонаў давераных асобаў неабходна трымаць на бачным месцы і ў выпадку зʼяўлення супрацоўнікаў МУС неадкладна паведаміць ім пра гэта і папрасіць прыехаць да дзіцяці. Паведаміць пра давераных асобаў і супрацоўнікам МУС, патрабаваць, каб зафіксавалі гэта ў пратаколе», – дадае Марыя Жарылоўская.

Юрыстка нагадвае, што згодна з ч. 4 арт. 8.4 ПВК РБ аб адміністратыўных правапарушэннях, адміністратыўнае затрыманне на тэрмін, большы за тры гадзіны, нельга выкарыстоўваць у дачыненні цяжарных жанчын, а таксама жанчын і самотных мужчынаў, якія маюць на ўтрыманні няпоўнагадовых дзяцей.

Частка 2 арт. 6.6 КаАП РБ забараняе ў дачыненні гэтых катэгорыяў грамадзянаў і адміністратыўны арышт.

Адбіранне дзяцей у Беларусі. Якія працэдуры

Юрыстка Марыя Жарылоўская тлумачыць, што адбіранне дзіцяці – гэта тэрміновая працэдура (не блытаць з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў), якая рэгулюецца артыкуламі 85 і 85.1 Кодэксу аб шлюбе і сямʼі, а таксама дэкрэтам ад 24 лістапада 2006 года № 18 («Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у нядобранадзейных семʼях»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Беларусі існуе некалькі працэдураў адбірання дзяцей без пазбаўлення бацькоўскіх правоў:

  • паводле рашэння суда;
  • паводле рашэння органу апекі і апякунства ці камісii ў справах няпоўнагадовых.

Як заўважае экспертка, апошняя працэдура супярэчыць Канстытуцыі РБ (абз. 5 арт. 32) і міжнароднаму праву (арт. 9 Канвенцыі аб правах дзіцяці). У абодвух дакументах гаворка пра адбіранне дзяцей толькі на падставе судовага рашэння.

Тым не менш, п. 1 дэкрэту № 18 і арт. 85-1 Кодэксу аб шлюбе і сямʼі прадугледжваюць дастаткова шырокія падставы для адбірання дзіцяці дзеля так званай «дзяржаўнай абароны і аддавання на дзяржаўнае забеспячэнне»:

  • бацькі вядуць амаральны лад жыцця;
  • яны хранічныя алкаголікі або наркаманы;
  • іншым чынам неналежна выконваюць свае абавязкі ў выхаванні і забеспячэнні дзяцей, у сувязі з чым дзеці трапілі ў сацыяльна небяспечнае становішча.

Ніякіх іншых падставаў заканадаўства не прадугледжвае, хоць тэрмін «сацыяльна небяспечнае становішча» вельмі шырокі, зазначае юрыстка.

Калі падставы існуюць, дзяржаўныя органы – напрыклад, тыя ж працаўнікі МУС, абавязаныя неадкладна паведаміць пра гэта ў камісію ў справах няпоўнагадовых і орган апекі і апякунства паводле месца жыхарства дзяцей. Камісія ці орган апекі мусяць прыняць рашэнне аб адбіранні цягам трох дзён і выканаць гэтае рашэнне не пазней за наступны дзень па вынясенні рашэння.

Адразу і неадкладна адабраць дзіця з сямʼі маюць права толькі ў выпадку непасрэднай пагрозы жыццю або здароўю дзіцяці – на рашэнне органу апекі, падкрэслівае Марыя Жарылоўская.

Аналітыка
Запалохванне, прапаганда і мілітарызм. Апублікаваная справаздача пра сітуацыю ў беларускіх школах пасля 2020 года
2022.08.18 19:39

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў