«Нашае роднае замежжа!» Як з дапамогаю расейцаў выжывае беларускі турыстычны бізнес


«Беларусь! Наша родная заграница!», «Государство в центре Европы», «Выбирайте туры в Беларусь, цены удивят вас своей демократичностью!» – пішуць тураператары ў Расеі. Ці адгукаюцца расейскія турысты на гэтыя прапановы, і ці пабольшала гасцей з гэтай краіны ў беларускіх гарадах?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турыстычнае агенцтва «Tez Tour» ля «БСБ Банку» ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Расейская аўдыторыя памаладзела»

З прычыны вайны з Украінай і санкцыяў «акенца ў Еўропу» для расейцаў значна звузілася і можа ўвогуле зачыніцца: за апошні месяц палітыкі розных краінаў пачалі выступаць з ініцыятывай аб забароне шэнгенскіх візаў для расейскіх турыстаў. На гэтым фоне Беларусь выглядае як «лапік бяспекі» ў небяспечным свеце. У пэўным сэнсе відаць падабенства да пачатку пандэміі ковіду, калі ўвесь свет закрываўся, а беларускія ўлады, наадварот, стымулявалі прыезд у Беларусь. Тады расейцы карысталіся ўласным аўтатранспартам, каб наведаць нашую краіну.  Гэтым летам у Менску зноў вельмі шмат машынаў з расейскімі нумарамі.

Згодна з адным з самых папулярных расейскіх онлайн-сэрвісаў, цягам лета Беларусь выйшла на першае месцы сярод замежных кірункаў у рэзерваванні гатэляў. Кошт адной ночы для расейца ў беларускім гатэлі ў сярэднім каля $ 60. Для прыкладу, у Фінляндыі (у параўнанні з чэрвенем колькасць рэзервавання вырасла ў чатыры разы) за адну ноч у гатэлі расеец заплаціць амаль $ 140.

Рост продажу тураў у Беларусь фіксуе і расейская Асацыяцыя тураператараў: у параўнанні з мінулым годам попыт вырас на 10–15 %, аднак ёсць фірмы, дзе продажы павялічыліся і больш – нават на 60 %. Пры гэтым калі сталая расейская аўдыторыя веку 60+ традыцыйна плануе свой адпачынак за некалькі месяцаў ды набывае пуцёўкі ў беларускія санаторыі, то ў моладзі карыстаюцца попытам так званыя туры выходнага дня. Усё большую папулярнасць набываюць экскурсійныя праграмы працягласцю да тыдня.

Менскі экскурсавод А., які працуе па ўсёй Беларусі, у размове пацвярджае, што «расейская аўдыторыя памаладзела, і цяпер можна пабачыць шмат турыстаў 20–40 гадоў».

Шоп-туры

Патрэбы расейскай моладзі стымулююць тураператараў шукаць новых формаў турызму, сярод якіх – шопінг-туры. Яшчэ ўвесну ў Менску павялічылася колькасць расейцаў, якія прыязджалі набыць рэчы замежнай вытворчасці (адзенне, тэхніка, аўтамабілі). Цяпер жа і расейскія турфірмы вырашылі паставіць шопінг у Беларусі на паток.

Нягледзячы на шырокую рэкламу і заявы пра тое, што шопінг-аўдыторыя сёння складае каля 10–15 %, на дзень 18 жніўня толькі адзін тураператар вылучыў гэтую паслугу асобнай катэгорыяй: кошт за 4 дні (3 ночы) з гатэлем чатыры зоркі без пералёту – каля $ 554 на дваіх (з пералётам – каля $ 957). У любым выпадку, магчымасць наведвання гандлёвых пунктаў падчас экскурсійных вандровак заўсёды была, ёсць і будзе. Да таго ж прыемнымі бонусамі для расейцаў падчас наведвання Беларусі называецца магчымасці расплачвацца банкаўскімі карткамі «Мир». Прывабліваюць і абменным курсам (для прыкладу, на 24 лютага 100 расейскіх рублёў каштавалі 3,34 беларускага, на 21 жніўня – 4,25 беларускага).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk» у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«Беларускі ваяж»

6 і 13 жніўня ў Беларусь з Масквы прыбылі цягнікі фармату «гатэль на колах», якія мелі працяглыя прыпынкі ў Горадні або Берасці (на выбар) і ў Менску. Чатырохдзённы тур з поўным турыстычным суправаджэннем і нават наведваннем крамаў каштуе расейцам: у выпадку наведвання Берасця і Менску, плюс ночы ў купэйным вагоне, – $ 510 (для дзяцей да 9 гадоў – $ 416), у спальным вагоне – $ 728 (для дзяцей – $ 508). У выпадку заезду ў Горадню і Менск: у купе – $ 448 (для дзяцей – $ 345), у спальным вагоне – $ 650 (дзецям – $ 444).

Цягам першага паўгоддзя Беларуская чыгунка ў зносінах з Расеяй перавезла 1,1 млн пасажыраў, што на 5 % вышэй за дапандэмійны 2019 год і ўдвая больш за леташнія паказнікі. Цяпер паміж Беларуссю і Расеяй курсуе 15 параў цягнікоў міжнародных лініяў: 9 параў – ад БЧ і 6 параў – ад РЧ (кірунак: Масква, Санкт-Пецярбург, Анапа, Адлер, Калінінград, Мурманск). Прычым карыстаюцца транспартам, нягледзячы на выезд з Масквы, пераважна прадстаўнікі расейскіх рэгіёнаў, якім у Беларусі ёсць што паглядзець.

Санаторыі і жытло

27 ліпеня дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што ў першым паўгоддзі загрузка санаторыяў Беларусі склала 75 % (у параўнанні з 2021-м – вырасла на 6 %), або 368 млн рублёў ($ 141,16 млн). Сярэдні кошт адных содняў у летні час складае для наведніка каля 80 рублёў.

За паўгоддзе беларускія санаторыі наведалі 72 тыс. замежнікаў, пры гэтым штодня іх было больш як 5,5 тыс. (95 % – грамадзяне РФ). Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што на верасень ужо зарэзервавана 90 % месцаў у беларускіх санаторыях, што дазваляе спрагназаваць выхад рэалізацыі паслугаў на ўзровень даковіднага 2019 года.

Дзякуючы расейскім турыстам, значна палепшылася сітуацыя з запаўняльнасцю гатэляў Менску. Уздым назіраецца з пачатку траўня і захоўваецца ўсё лета. Едуць і асобныя наведнікі, і цэлыя сем’і. У гатэлях «Планета» і «Турыст» распавялі аб «праблемах» з вольнымі месцамі ў выходныя. «На жаль, да канца месяца нічога прапанаваць не можам, вольных нумароў увогуле няма», – адказалі ў «Спадарожніку». Такія онлайн-сэрвісы, як «Яндекс. Путешествия» і ostrovok.ru, на запыт аб рэзерваванні паказваюць, што прапановы адсутнічаюць шмат у якіх месцах.

Пасля наведвання беларускіх санаторыяў і гатэляў расейскія турысты пакідаюць збольшага станоўчыя водгукі. Аднак сярод таго, што крытыкуюць, – адсутнасць «шведскіх сталоў» і «совковый душок» некаторых гатэляў. Пры гэтым у папулярнай у турыстаў Горадні вялікая праблема са здымным жытлом: у горадзе 66 месцаў для размяшчэння турыстаў, якія маюць 2563 ложкаў, што ўдвая менш, чым у Магілёве або Берасці. У летнія ж выходныя знайсці месца амаль немагчыма. Пра гэта выдатна сведчыць досвед адной з турыстак: «Гэта не Еўропа, а нейкі «саўдэп» у найгоршым выглядзе». Кошты на здымныя кватэры ў выходныя могуць узлятаць у шэсць разоў – з 30 рублёў да 180.

Экскурсаводы раяць тым, хто падарожнічае на ўласным аўтатранспарце, замаўляць жытло не ў Горадні або Менску, а ў раённых гарадах: «І кошты меншыя, і дадатковыя эмоцыі». Тым больш што ў шмат якіх рэгіёнах, асабліва ў апошні месяц лета, ладзяцца разнастайныя імпрэзы. Напрыклад, на гэтых выходных у Зэльве прайшоў традыцыйны Ганнецкі кірмаш, у Свіслачы – каравай-фэст «Бацькава булка», у Лепельскім раёне – фестываль «Шлях Цмока», у Петрыкаўскім раёне – «Зоў Палесся», у Іванаўскім раёне – «Матольская рэгата», а ў Дрыбіне – «Дрыбінскія таржкі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

У пошуках цікавінак

Як адзначаюць экскурсаводы і турыстычныя фірмы, у 2022 годзе вырасла колькасць індывідуальных турыстаў, якія на сваім транспарце наведваюць Беларусь: самастойна распрацоўваюць маршруты, шукаюць экскурсаводаў і нават арандуюць жытло. Пры гэтым павялічыўся лік такіх турыстаў і сярод беларусаў. Людзі ездзяць цэлымі сем’ямі ды «жадаюць не столькі нечага агульнага, колькі шукаюць таго, што іх здзівіць, і за гэта яны гатовыя плаціць. Іх цікавяць аўтарскія экскурсіі, незацяганыя месцы, ежа і напоі. Такім людзям лёгка парадзіць, і таму іх з задавальненнем перадаеш тым, каго ведаеш у іншым горадзе», – адзначае экскурсавод з Менску.

«Здараецца, што ты вядзеш людзей на аглядную экскурсію, а потым едзеш з імі яшчэ на фарты і Аўгустоўскі канал. Прыемна чуць, калі яны задаволеныя тым, што пабачылі і пачулі», – зазначае экскурсавод з Горадні. У той жа час, заўважаюць экскурсаводы, варта быць пільным падчас экскурсіяў, мець пры сабе дакументы атэстацыі. Бывае кантроль з боку людзей у цывільным, якія здымаюць фрагменты экскурсіяў. Тым больш, былі выпадкі арышту як экскурсаводаў, так і кіраўнікоў турыстычных фірмаў. Нельга быць упэўненымі і ў экскурсантах, якія сёння перад табой, таму добрым тонам лічыцца, калі турфірма або іншы гід папярэдзяць загадзя пра кантынгент, каб не ўзнікала недарэчных момантаў на глебе палітыкі або гісторыі. Асабліва гэта відавочна на прыкладзе жыхароў краінаў Балтыі, павязаных з савецкай мінуўшчынай: «Яны могуць сказаць, як у нас прыгожа, чыста, колькі прадпрыемстваў, як у нас добра ставяцца да расейскай мовы, але потым знянацку запытацца: чаму «бацька» кінуў Пуціна?»

Лічбы

Адзін з гарадзенскіх экскурсаводаў зазначае: «Колькасць турыстаў дакладна павялічылася. Нават такое ўражанне, што і ў параўнанні з бязвізам большая» (маецца на ўвазе 2019 год). Але экскурсавод, які працуе ў сферы турызму не першы дзясятак гадоў, папраўляе: «Турыстаў прыкладна столькі, колькі і было да каронавіруса. Толькі што раней гэта былі палякі і літоўцы, а цяпер – расейцы».

Што кажуць лічбы?

Для прыкладу, калі ўзяць Гарадзеншчыну, то адзначаецца: за першае паўгоддзе 2022 года «экспарт турыстычных паслуг склаў амаль 4,2 мільёна долараў. Тэмп росту – 161,4 %».

Аднак за пункт адліку бярэцца 2021 год. У той час як у лепшы «бязвізавы» 2019-ты экспарт турыстычных паслуг на Гарадзеншчыне склаў 15 млн долараў (не забываемся і на меншыя кошты ў той час). Рэгіён тады наведалі каля 130 тыс. бязвізавых турыстаў, пераважна палякаў і жыхароў краінаў Балтыі (у 2018 годзе іх было каля 92 тыс.). Агулам жа Беларусь у 2019 годзе наведалі каля 405 тыс. турыстаў. Больш падрабязна статыстыку за мінулыя гады можна паглядзець тут.

Лік замежных турыстаў, якія наведалі Беларусь у 2016–2020 гг. / Туризм и туристические ресурсы в Республике Беларусь

Такім чынам, 2022 год у сферы турызму становіцца своеасаблівым паўторам 2019 года, толькі замест еўрапейцаў у Беларусі стала яшчэ больш расейскіх турыстаў. Для бізнесу – грошы ёсць грошы, незалежна ад таго, хто іх пакідае. Але трэба ўлічваць, што ў Беларусь у дадатак да тых расейцаў, якія і так амаль штогод наведвалі нашую краіну, праз адсутнасць або абмежаванасць альтэрнатываў паехалі і тыя расейцы, што раней падарожнічалі ў больш заможныя краіны і, адпаведна, маюць пэўны ўзровень чаканняў у плане сэрвісу.  Ці паедуць яны ў нашую краіну зноў, і як іх зацікавіць? Гэтыя пытанні пакуль застаюцца адкрытыя.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў