Колькі той незалежнасці засталося? Спыталі год таму і сёння


31 год таму Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР набыла статус канстытуцыйнага закону – Беларусь канчаткова зрабілася незалежнаю дзяржавай. Ці аказалася, што не канчаткова?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Масква, Расея. 8 верасня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Год таму мы пыталі палітолагаў і сацыёлагаў аб тым, колькі сёння той незалежнасці ў Беларусі. Сёлета «Белсат» паўтарыў пытанне палітолагу Аляксандру Класкоўскаму і сацыёлагу Генадзю Коршунаву. Але пытанне гучыць ужо ў зусім іншых умовах: між суседзямі ідзе вайна, а Беларусь насуперак канстытуцыі прапаноўвае сваю тэрыторыю для расейскага нападу на Украіну.

Беларусь губляе і палітычную, і эканамічную незалежнасць

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што пасля 24 лютага 2022 года незалежнасці ў Беларусі стала значна менш.

«Вельмі моцна пацярпеў беларускі суверэнітэт. Фактычна ў вайсковай сферы яго не засталося, бо мы сёння бачым, што на беларускай зямлі камандуюць расейскія генералы», – кажа ён.

Першы злом быў яшчэ ў 2020 годзе, нагадвае Класкоўскі. Тады Аляксандр Лукашэнка не знайшоў у сабе сілаў адысці ад улады, хоць страціў падтрыманне і (паводле ўскосных крыніцаў) прайграў Святлане Ціханоўскай. Ён адкрытым тэкстам папрасіў Уладзіміра Пуціна ўратаваць яго – а Пуцін адкрыта прызнаў, што трымаў на мяжы падраздзяленні Нацыянальнай гвардыі Расеі. Калі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну пайшлі расейскія войскі – гэта ўжо другі злом. Акрамя таго, Лукашэнка падпісаў «саюзныя праграмы» з Расеяй яшчэ ў лістападзе 2021 года – а гэта амаль тыя ж самыя «дарожныя мапы», якія ён адкінуў у 2019 годзе як непрымальныя імперскія памкненні Расеі.

Даведка
Аляксандр Класкоўскі.
Фота: Белсат

Таксама Беларусь надалей губляе незалежнасць у эканоміцы, кажа Класкоўскі. Пасля выбараў і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларускі рэжым трапіў пад санкцыі. Спачатку адпаў еўрапейскі вектар замежнага гандлю, пасля ўкраінскі – а яны давалі вялікі даход беларускаму бюджэту. Калісьці была канцэпцыя «трох трацінаў» (траціна экспарту у Еўразвяз, траціна – у Расею, траціна – у іншыя краіны), а цяпер беларускае начальства спрабуе «рабіць добрую міну пры кепскай гульні» – хваляцца прывязкай да Расеі.

Транзіт калію замест Клайпеды ідзе праз Расею – улады Беларусі хваляцца тым, як узмацняюць транзітную залежнасць ад Расеі. Класкоўскі перасцерагае: «Імперыя зацісне пальцы, на тое яна і імперыя». Ён нагадвае, як Крэмль шантажуе Нямеччыну пастаўкамі газу.

Крэмль дае Лукашэнку быць крыху незалежным

На думку Класкоўскага, у сферы ўнутраных рэпрэсіяў Крэмль «даў Лукашэнку поўны carte blanche» і пры гэтым «пацірае рукі», бо знішчэнне ўсяго дэмакратычнага і нацыянальна свядомага – на руку Маскве, палягчае «паўзучую экспансію «руского мира». І з Захадам у Лукашэнкі не атрымаецца згуляць, як у 2015 годзе – «масты спаленыя», хоць гэта не ў інтарэсах Лукашэнкі. Крэмль дае Лукашэнку адчуваць сябе гаспадаром і «крэпкім хазяйственнікам» – але ён ужо не гаспадар краіны ў вайсковым і міжнародным плане.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка наведвае ферму ААТ «Отар». Отар, Чачэрскі раён Гомельскай вобласці, Беларусь. 29 красавіка 2022 года.
Фота: president.gov.by

Але Класкоўскі думае, што Беларусь нельга называць акупаванай дзяржавай. Ён згадвае, што праціўнікі Лукашэнкі паўгода спрабуюць дамагчыся ад іншых дзяржаваў прызнання Беларусі акупаванай, але безвынікова.

«Не трэба лічыць, што Лукашэнка на 100 % выконвае волю Пуціна, – разважае Класкоўскі. – Я думаю, што Крэмль ціснуў на Лукашэнку, каб паслаць беларускія войскі ва Украіну. Але Лукашэнка адбрыкваецца: прыводзіць свае аргументы, хай сабе фальшывыя, што нам трэба трымаць заходнюю мяжу, бо натаўцы там удараць у спіну расейскім братам… Гэта смешныя аргументы, але ён разумее, што гэты крок – кінуць беларускіх салдат ва ўкраінскую мясарубку – быў бы для яго самазабойствам».

Аналітыка
Калі вайна ва Украіне зацягнецца, што будзе з Беларуссю? Спыталі экспертаў
2022.08.12 08:30

Але Беларусь – гэта не толькі Лукашэнка

Такія ж тэндэнцыі адзначае сацыёлаг Генадзь Коршунаў – старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў, праграмны дырэктар ініцыятывы «Беларуская акадэмія».

Ён кажа, што мае мала аптымізму, а Лукашэнку называе «кішэнным палітыкам» Пуціна. З тым, што рэжым Лукашэнкі аддае сваю палітычную і эканамічную незалежнасць, беларусы наўрад ці могуць нешта зрабіць.

Даведка
Генадзь Коршунаў.
Фота: newbelarus.vision

Як прыклад ён згадвае, што міністр абароны Беларусі запэўніваў Украіну за пару дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны: нападу не будзе – і праз некалькі дзён ужо выконваў функцыю расейскага проксі, перадаваў украінскаму боку ўльтыматум ад расейцаў.

Але ёсць і іншы пласт, кажа Коршунаў:

«Суб’ектам незалежнасці мусілі б быць беларусы, беларускае грамадства, беларускі народ. Пакуль беларускі народ робіць намаганні, каб сваю незалежнасць адстойваць і адбудоўваць. Я б казаў пра беларускае грамадства ў шырокім сэнсе: не толькі тыя, хто ў Беларусі, але і беларусы замежжа. У гэтым сэнсе мы бачым, што пэўныя працэсы ідуць».

Ён разважае пра выбудоўванне альтэрнатыўных дзяржаўных інстытуцыяў: пачатак гэтага працэсу назіралі на канферэнцыі ў Вільні, быў выбраны Аб’яднаны пераходны кабінет і былі анансаваныя два праекты ў лічбавай дэмакратыі.

З аднаго боку, у Лукашэнкі не вельмі атрымліваецца адвязацца ад Крамля, але, з другога боку, беларускае грамадства намагаецца ісці шляхам незалежнасці, адстойваць свой суверэнітэт.

Аналітыка
7 рэчаў, якія трэба ведаць пра Аб’яднаны пераходны кабінет пры Ціханоўскай
2022.08.11 10:43

Падзеі ва Украіне паўплывалі і на рэжым, і на грамадства

Вайна, кажа ён, стала чыннікам, які цалкам змяніў сітуацыю. І беларусы, і сусветная супольнасць пабачылі, што вайсковай незалежнасці ў Беларусі няма, Лукашэнку больш не лічаць незалежным палітыкам, а ягоны рэжым не лічаць суб’ектам, які адстойвае незалежнасць.

«Вайна паўплывае і надалей: тое, як будуць развівацца падзеі ва Украіне, будзе адбівацца і на той сітуацыі, якая будзе ў Беларусі ў геаграфічным сэнсе, і на беларускім грамадстве, якое выходзіць далёка за межы Беларусі».

Аналітыка
Экспарт не абваліўся. Беларусі ўдалося абысці санкцыі?
2022.08.19 14:51

Штуршок грамадству дала і вайна: аднавіла салідарнасць, што пачала выбудоўвацца ў 2020 годзе (толькі цяпер салідарнасць беларусаў датычыць і ўкраінцаў), і прывяла да больш «лагоднага» стаўлення да мілітарыстычных установак, адзначае сацыёлаг.

Полк Каліноўскага і полк «Пагоня» паказалі, кажа Коршунаў, што беларусы могуць змагацца за незалежнасць Украіны – а гэта спрыяе мілітарыстычнаму ўхілу ў меркаваннях грамадства і палітычных сілаў. У тым жа Аб’яднаным кабінеце два прадстаўнікі з чатырох – «з пагонамі».

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў