Італьянец на адпачынку адначасова заразіўся ВІЧ, каронавірусам і воспай малпаў


Навукоўцы зафіксавалі першы ў свеце выпадак адначасовага заражэння ВІЧ, COVID-19 і воспай малпаў, паведамляе медычны часопіс «Journal of Infection». Хворым аказаўся 36-гадовы італьянец, які вярнуўся з адпачынку ў Іспаніі.

Ён правёў у Іспаніі пяць дзён, з 16 да 20 чэрвеня, а потым адчуў сябе дрэнна. Праз дзевяць дзён пасля адпачынку ў яго павысілася тэмпература да 39 °С, з’явіўся боль у горле, галаўны боль, запаліліся лімфавузлы. Ён звярнуўся ў італьянскі шпіталь у горадзе Катанія, дзе быў пераведзены ў аддзяленне інфекцыйных захворванняў.

Спачатку 2 ліпеня ён здаў станоўчы тэст на каронавірусную інфекцыю. Пазней у яго зʼявілася высыпка, па целе распаўсюдзіліся язвавыя ўтварэнні. У выніку праведзеных аналізаў медыкі дыягнаставалі ў яго таксама ВІЧ і воспу малпаў.

Пры гэтым адзначаецца, што пацыент падчас візіту ў Іспанію меў неабаронены палавы кантакт.

У канцы ліпеня Сусветная арганізацыя здароўя абвесціла распаўсюджванне воспы малпаў надзвычайнай сітуацыяй міжнароднага маштабу. На 17 жніўня ў 92 краінах свету зарэгістравана 35 тысяч выпадкаў захворвання на воспу малпаў, памерлі 12 чалавек.

Таксама кіраўнік Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Гебрэесус 18 жніўня паведамляў, што за апошнія чатыры тыдні колькасць зарэгістраваных смерцяў ад каронавіруса ва ўсім свеце павялічылася на 35 %.

Аналітыка
Упруцца ў плот ці зоймуць нішу? Беларусь хоча рабіць у сябе кубінскія і кітайскія лекі. Зноў
2022.08.18 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў