Дзве сакральныя лічбы ў адзін дзень. Як у Кіеве адзначылі Дзень Незалежнасці


Любая будучая важная падзея ва Украіне нараджае пачуццё непакою. Упершыню я адчуў гэта яшчэ 22 лютага 2022 года, калі прэзідэнт Расеі абвесціў аб рашэнні ўводу войскаў на тэрыторыю «ЛДНР». Пачуццё гэтае складанае і невымоўнае ніякімі сродкамі выразнасці. Ты ведаеш – што можа здарыцца нешта вельмі дрэннае, але не ведаеш у якім выглядзе гэтае «дрэннае» адбудзецца.

Меркаванне фотакарэспандэнта «Белсата» Алеся Усцінава.

Дзеці сядзяць з плакатамі на акцыі ў падтрымку абаронцаў Марыупалю ля Гарадскога савету ў Дзень Незалежнасці Украіны. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

24 лютага пачалося поўнамаштабнае ўварванне войскаў РФ ва Украіну. Другой такой датай, аб якой казалі абсалютна ўсе, якую чакалі ўсе – 9 траўня. Версій аб тым, што можа адбыцца, было вельмі шмат: мабілізацыя войскаў у РФ, удар тактычнай атамнай боегалоўкай, тэракты ДРГ і правакацыі. Літаральна ўсе мае знаёмыя казалі, што «ўсё вырашыцца менавіта да Дня Перамогі». Гэтага дня чакалі, як Страшнага суда, з пачуццём тугі, трывогі і бяссілля. 9 мая не адбылося нічога кардынальнага. Ва ўсялякім выпадку нічога з таго, што чакалася.

Трэцяя дата – Дзень Незалежнасці Украіны. У гэтым годзе на гэты дзень выпала яшчэ адна дата: роўна паўгады з поўнамаштабнай вайны. Дзве сакральныя лічбы ў адзін дзень: нагода трывожыцца, безумоўна, была. У Кіеве адмянілі ўсе традыцыйныя мерапрыемствы. Частка людзей выехала ў вобласць і іншыя гарады, каб перачакаць менавіта гэты дзень. Я пры планаванні працы да гэтай даты папярэдзіў усіх: абавязкова выканаю свае абавязкі, калі не здарыцца чагосьці жудаснага. А яно можа здарыцца. Але да моманту напісання гэтага тэксту гісторыя 9 траўня паўтарылася: ніякіх кардынальных падзей. На самай справе такое жыццё моцна вымотвае, таму што ты знаходзішся ў пастаянным чаканні чагосьці жудаснага. Усё карэктуецца пад «Ну, калі нас усіх не ўзарвуць 24-га, тады пагаворым».

У горадзе цішыня: ні тэрактаў, ні ядзерных боегаловак. Здымкі рэпартажу прайшлі дастаткова спакойна.

Першай кропкай для здымкаў я абраў Кантрактавую плошчу. Гэта адно з найвядомейшых месцаў Кіева. Кола агляду, пешаходныя вулкі і помнікі архітэктуры. Тут я правёў не адзін дзясятак прамых уключэнняў у эфіры «Белсату» і паздымаў мноства матэрыялаў. Ужо праз некалькі хвілін я заўважыў двух дзяўчат, прыцягвае погляд і ўвага: адна, апранутая ў вышыванку, самотна сядзела за столікам вулічнай кавярні. Першае, што трэба зрабіць у Дзень Незалежнасці Украіны – пагутарыць з чалавекам у вышыванцы. Дзяўчына з некаторай асцярогай паставілася да таго, што «Белсат» – беларускі тэлеканал. Яна адразу папярэдзіла, што гаварыць будзе на ўкраінскай мове, нібы гэта павінна мяне адштурхнуць. Аднак, зразумеўшы, што я відавочна не чалавек з ДРГ (дыверсійна-разведвальная група), супакоілася і на найпрыгажэйшай украінскай адказала на ўсе пытанні. Адразу пасля – дзяўчына з блакітнымі валасамі і ў жоўтай футболцы. Тут відавочна не варта тлумачыць, чаму ў такі дзень мне захацелася пагаварыць з чалавекам, апранутым падобным чынам.

Пешаходны мост праз раку Дняпро. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Жыхар Уладзімір. Апрануты ў стылізаваную пад вышыванку кашулю ў гонар дня Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Другая кропка – аглядная пляцоўка каля аркі «Свабоды ўкраінскага народу». Раней яна называлася аркай «Дружбы народаў». Перайменаваная пасля падзей лютага 2022 года. Па-першае, гэта сімвалічна. Па-другое, з гэтай пляцоўкі адкрываецца неверагодна прыгожы краявід цэнтру Кіева. Тут я паразмаўляў яшчэ з адным чалавекам у нацыянальным адзенні, зрабіў фотаздымкі. Вырашыў выцапіць апошняга чалавека і сысці. Апошнім аказаўся Народны дэпутат Украіны Міхаіл Бондар. Калі б я чытаў нейкі матэрыял, што «журналіст выпадкова сустрэў дэпутата, які шпацыраваў па Кіеве і пагутарыў з ім пра Незалежнасць Украіны», – я б сказаў, што гэта пастаноўка або заказны эсэ. Але не. Гэта Украіна, тут такое бывае. Першае, што я выпаліў, калі ён прадставіўся: «Нават так?» Міхаіл быццам па-звычайнаму адказаў: «Нават так». Я часта паўтараю, што Украіна – краіна медыя. Толькі за сённяшні дзень я бачыў 5 здымачных груп. Проста па-ранейшаму захоўваецца беларуская звычка, што высокі чыноўнік – ледзь не жыхар неба, недаступны апазіцыйнаму рэпарцёру.

Кола агляду на Кантрактовай плошчы. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Вольга, жыхарка сталіцы. Кіеў, Украіна. 24 жніўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Дзень прайшоў спакойна, ва ўсялякім разе пакуль.

Алесь Усцінаў / Герон belsat.eu

Стужка навінаў