«Ябатызацыя» ўсёй краіны. Як беларусаў змушаюць да лаяльнасці

Сёння палітыка Лукашэнкавага рэжыму – гэта не толькі працэс знішчэння альтэрнатыўнай інтэлектуальна-палітычнай прасторы і прымус большасці да лаяльнасці, але таксама імкненне навязаць грамадству неабходныя мысліцельныя шаблоны. Страх – гэта толькі адна нага дыктатуры, дзеля яе ўстойлівасці патрэбная яшчэ і асабістая адданасць, змацаваная захапленнем. Таму ўлада з дапамогай дзяржаўных інструментаў пастараецца стварыць (кансалідаваць) грамадства «ябацек», з цалкам вызначаным светапоглядам.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД / Белсат

Гэта значыць, што палітычная адданасць і лаяльнасць будзе будавацца не на ўмоўным патрыятызме (цэнтральная ідэя ідэалогіі беларускай дзяржавы), а ўжо на непасрэднай асабістай падтрымцы Лукашэнкі і лаяльнасці яму. Фактычна выбарчы працэс 2020 года паказаў наяўнасць у значнай часткі грамадства лаяльнасці да дзяржавы, але адсутнасць лаяльнасці да Лукашэнкі. У сваю чаргу, існаванне персаналісцкага рэжыму немагчымае без пазітыўнай эмацыйнай прыхільнасці да правадыра. Легітымнасць дыктатара падарваная, гэта азначае, што без абнаўлення легітымнасці і харызмы, пашырэння адданасці – сістэма вырачаная.

Лукашэнку давялося часова кампенсаваць адсутнасць эмацыйнай прыхільнасці ўвядзеннем элементаў калектыўнага кіравання дзяржавай, тым не менш, ён не пакідае спробаў вярнуць «любоў» народу.

Гэта азначае, што ў Беларусі будзе канчаткова афармляцца культ асобы. Дакладней, ён будзе гвалтоўна навязаны. Аформіць культ асобы ва ўмовах дэфіцыту «любові» да правадыра, задача вельмі цяжкая і запатрабуе мабілізацыі дадатковых рэсурсаў. Прасцей было б абрынуць сістэму ў тэрор, чым узводзіць новую ідэалагічную піраміду. Аднак гэта не азначае, што ўлада не будзе спрабаваць рэалізаваць гэтую задачу, паколькі і тэрор патрабуе ідэалагічнага абгрунтавання і сацыяльнага ўхвалення.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Лукашэнка ўжо заявіў аб перабудове сістэмы адукацыі і падладжванні яе пад патрэбы рэжыму. Адпаведна ў школах і ВНУ ўзмоцніцца ідэалагічны прэсінг і кантроль. Перш за ўсё гэта закране сам ідэйны змест адукацыйнага працэсу. З яго будзе канчатковага выдушаны нацыянальны (культурны і ідэалагічны) кампанент. Усё нацыянальнае звядуць да фашызму. Натуральнай кампенсацыяй зробіцца канцэпцыя савецкага і рускага свету. Але дэнацыяналізацыя не вырашыць праблемы пазітыўнага стаўлення да «правадыра», бо ідэалогія «русского мира» шмат у чым спрыяла паслабленню легітымнасці Лукашэнкі ў 2020 годзе. Разам з тым іншых культурных заменнікаў у Лукашэнкі няма.

Асноўны акцэнт будзе рабіцца на «мадэрнізаваную» ідэалогію і ідэалагічную працу. Хутчэй за ўсё, ідэалогія беларускай дзяржавы персаніфікуецца. Відавочна, што ідэя дзяржаўнага патрыятызму не эфектыўная ў рэалізацыі цяперашніх палітычных задач і забеспячэнні адданасці Лукашэнкі. Слабасцю «ідэалогіі беларускай дзяржавы» была арыентацыя на савецкі сімвалізм і міфалогію, якая толькі ўзмацняла палітычную сувязь з Расеяй і СССР: камсамол, Ленін, КПСС. Нейкі час гэта было ідэйным рэсурсам для рэжыму ў цэлым, але падзеі 2020 года паказалі поўнае банкруцтва гэтай канцэпцыі. Лукашэнку была адведзеная толькі роля «кансерватара» сістэмы, асобасны аспект займаў другарадную ролю. Шмат у чым вобраз Лукашэнкі-кансерватара СССР у гэтай плашчыні канкураваў з вобразам Пуціна-аднаўляльніка. Апошні аказаўся больш прывабным для часткі беларускага электарату, што таксама падарвала пазіцыі Лукашэнкі.

Ключавым элементам у абноўленай ідэалогіі будзе ідэя «ябацькізму» – адданасці правадыру як ахоўніку, выратавальніку дзяржавы і стабільнасці. Не варта забываць, што ў пэўны момант сістэма змагла выстаяць дзякуючы асабістай адданасці часткі сілавога і бюракратычнага апарату Лукашэнкі. Зараз гэтую адданасць неабходна паглыбіць і па магчымасці распаўсюдзіць на ўсё грамадства.

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Прапаганда, кіраўнічы апарат ужо спрабуюць стварыць для гэтага падмурак. Разам з тым «ябацькізму» неабходны непасрэдны ідэалагічны ўдзел Лукашэнкі, г. зн. фундаментальны твор, свая «Рухнама» – напрыклад, «Выратаваная дзяржава». У гэтай «працы» павінна быць растлумачаная сутнасць супрацьстаяння з Захадам, прычыны грамадзянскага супрацьстаяння ў Беларусі, абгрунтаванне дыктатуры і рэпрэсіяў і ўласна зазначаная роля Лукашэнкі. Але галоўная задача такога твору ў тым, каб ён меў свайго роду рэлігійны характар, дзеля фармавання групаўверных паслядоўнікаў.

Вывучэнне дадзенай працы, як і базавага значэння дыктатуры Лукашэнкі ў лёсе грамадства, і стане асновай гуманітарных навук у Беларусі. Ідэалагічная праца на базе тэарэтычнай працы Лукашэнкі павінна ўключаць у сябе рытуалізацыю прафесійнага жыцця, увядзенне ідэалагічных пяціхвілінак, палітінфармацый, завучванне фрагментаў твору, чытанне кнігі перад пачаткам урокаў і г. д. Толькі з дапамогай мэтанакіраванай дэградацыі адукацыі, пры інтэнсіўнай ідэалагізацыі можна закансерваваць палітычную сістэму на пэўны час.

Таксама персаніфікацыя павінна закрануць дзейнасць усіх масавых прадзяржаўных структураў. Яны адкрыта павінны арыентавацца на падтрымку свайго правадыра. Пасля выбараў 2020 года, калі адбыўся поўны маральна-прававы дэфолт, няма сэнсу хавацца за лозунгамі «ў імя дзяржавы», бо ўсё робіцца толькі «ў імя правадыра».

Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вядома, выклікае сумнеў, што ў цяперашніх умовах (фізічны стан Лукашэнкі) улады паспеюць сфармаваць паўнавартасную і эфектыўную ідэалагічную мадэль, аформіць і ўмацаваць культ асобы Лукашэнкі. На гэта патрэбна як мінімум 2–3 гады інтэнсіўнай палітычнай і ідэалагічнай працы, сацыяльнай мабілізацыі. Больш за тое, гэта павінна прынесці канкрэтныя палітычныя плады, аж да згортвання элементаў фасаднай дэмакратыі (выбараў прэзідэнта) і прыняцця спадчыннага праўлення. Аднак ініцыявання самога працэсу «ябатызацыі», перабудоўвання сістэмы адукацыі цалкам дастаткова, каб знявечыць свядомасць школьнікаў і маладых людзей.

Павел Усаў/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў